навіны

Следчы камітэт арыштаваў маёмасць блогера Vadimati: рэпрэсіі ў Беларусі 21 студзеня

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Новы час
podpis źródła zdjęcia

У аўторак, 21 студзеня, беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі чарговых 15 чалавек. Акрамя таго, стала вядома пра некалькі палітычна матываваных судоў. Блогер Вадзім Ермашук распавёў пра арышт маёмасці. Беларускія дзяржаўныя медыі анансавалі відэаінтэрв’ю з былым «каліноўцам», палітзняволеным Васілём Верамейчыкам. Падрабязней – у нашым аглядзе.

Былы палітзняволены блогер Вадзім Ермашук (Vadimati) распавёў аб арышце, накладзеным Следчым камітэтам на ягоную маёмасць у Беларусі.


Ермашук выйшаў на волю 29 чэрвеня 2024 года, цалкам адбыўшы трохгадовы тэрмін пазбаўлення волі за «глумленне з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 КК РБ) і «абразу Лукашэнкі» (арт. 368 КК). У жніўні 2024 года Ермашук паведаміў пра анкалагічнае захворванне.


Старонку блогера ў Instagram прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», пасля чаго Вадзім з'ехаў з краіны.


Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 15 чалавек. Іхныя імёны: Вікторыя Верас, Максім Чахоўскі, Генадзь Саўрыцкі, Аляксандр Рандарэнка, Аляксандр Мірскі, Вікторыя Гусарава, Вітольд Шалкевіч, Мікалай Юшчанка, Павел Вабішчэвіч, Аляксандр Зіненка, Дзмітрый Удовін, Андрэй Дарошка, Вячаслаў Ільіч, Ігар Кісляк, Віталь Папроцкі.


Вядома, што Удовін, Дарошка, Ільіч, Кісляк і Папроцкі абвінавачваюцца ў распальванні сацыяльнай варожасці і ў закліках да санкцыяў.


Вабішчэвіч і Зіненка – у замаху на тэрарыстычны акт, дзяржаўнай здрадзе, наўмысным прывядзенні ў непрыдатнасць шляхоў зносінаў і незаконных дзеяннях у дачыненні боепрыпасаў. Іхная справа разглядаецца на закрытым судовым паседжанні.

Канстанцін Ціхаміраў. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»
Канстанцін Ціхаміраў. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У Жлобіне за «глумленне з дзяржсцягу» (арт. 370 КК РБ) 4 лютага будуць судзіць навучэнца Жлобінскага металургічнага каледжу Канстанціна Ціхамірава. Справу будзе разглядаць суддзя Святлана Андрэева. Паседжанне пройдзе ў каледжы, дзе вучыцца Канстанцін.


Год таму хлопец выратаваў з возера пенсіянера, за што быў узнагароджаны.


У Берасцейскім абласным судзе 27 студзеня распачнецца разгляд крымінальнай справы – ужо трэцяй – супраць Юліі Лаптановіч з Пружанаў.


Жанчына цяпер за кратамі. Раней паводле палітычных артыкулаў судзілі таксама ейных мужа і маці. У Юліі трое няпоўнагадовых дзяцей: два сыны і дачка. Гэтым разам Юлію будуць судзіць паводле ч. 2 арт. 361-4 КК РБ – «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». Што менавіта інкрымінуюць жанчыне – невядома.

Алег Буяк. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»
Алег Буяк. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»
Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: tut.by

Мінус 600 за чатыры гады: у Беларусі зрабілася менш адвакатаў

навіны

У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 31 студзеня за ўдзел у пратэстах будуць судзіць адразу чацвярых чалавек – Алега Буяка, Настассю Буяк, Юрыя Храмовіча і Яўгена Барэля. Усім ім інкрымінуецца ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Суддзя – Уладзімір Пазняк.


Алег Буяк – былы прафесійны хакеіст. Ён выступаў за зборную Беларусі 18-гадовых і 20-гадовых, удзельнічаў у чэмпіянаце свету, гуляў за бабруйскі «Дынама-Шыннік», гарадзенскі «Нёман», жлобінскі «Металург» і «Ліду». У 2017 годзе скончыў кар’еру.


Прапагандысцкія каналы анансавалі сюжэт з палітзняволеным Васілём Верамейчыкам ды распавялі, што гутарка з ім здымалася ў гатэлі «Вікторыя» у Менску.


Васіль – былы ваяр палку Каліноўскага. Ён быў затрыманы ў В’етнаме і высланы ў Беларусь. Верамейчыку інкрымінаваная ч. 1 арт. 366 КК («Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі») за нібыта «ўдзел у пагромах і спробу падпалу аўтамабіля супрацоўнікаў пракуратуры».


У судзе Лепельскага раёну 21 студзеня за распаўсюд «экстрэмізму» судзілі прапаршчыка Ганну Траян. У 2021 годзе Міністэрства абароны пісала пра яе, як пра выдатнага спецыяліста і прадаўжальніцу ваеннай дынастыі. З 2016 года Ганна служыць фельчаркай у гарматным самаходна-артылерыйскім дывізіёне артылерыйскай брыгады.


Справу разглядала суддзя Ірына Кручыніна.


29 студзеня ў Віцебскім абласным судзе за данаты і спрыянне «экстрэмісцкай» дзейнасці будуць судзіць Сяргея Саўчанку (арт. 361-1, 361-2, 361-4 КК РБ). Справу будзе разглядаць у закрытым рэжыме суддзя Аляксандр Абашын.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10