У Беларусі на канец 2024 года працавалі 1600 адвакатаў-практыкаў. У 2021 годзе іх было 2200 – на 600 адмыслоўцаў больш. Такія звесткі прыводзяцца ў справаздачы міжнароднай абсерваторыі «Юрысты ў небяспецы» (OIAD).
У справаздачы зазначаецца, што з 2020 да 2024 года ў Беларусі як мінімум 11 адвакатам былі выстаўленыя абвінавачанні ў межах крымінальных справаў за прафесійную дзейнасць ці выказванне грамадзянскай пазіцыі.
Шасцёра адвакатаў былі пакараныя зняволеннем і цяпер за кратамі. Чацвёра праваабаронцаў зазналі катаванні падчас затрымання. Са зняволеным адвакатам Максімам Знакам няма ніякай сувязі ўжо амаль два гады.
Акрамя таго, як мінімум 139 беларускіх адвакатаў з 2020 года пазбавілі права на прафесію – ім не прадоўжылі ліцэнзіі.
Згодна з інфармацыяй Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека, сёлета з 20 да 25 студзеня з нагоды Міжнароднага дня адвакатаў у небяспецы, што адзначаецца 24 студзеня, у розных гарадах ЗША і краінаў Заходняй Еўропы пройдуць акцыі ў падтрыманне беларускіх адвакатаў. Мэта акцыяў – распаўсюдзіць інфармацыю пра рэпрэсіі ў дачыненні беларускіх адвакатаў, пра поўны дзяржаўны кантроль над прафесіяй юрыста ў Беларусі і адсутнасць незалежнай судовай улады.
,,«Дзяржава прымушае адвакатаў унутры краіны маўчаць, што толькі падкрэслівае выключную важнасць сталага міжнароднага падтрымання і салідарнасці», – гаворыцца ў заяве БААПЧ.
Сёлета Міжнародны дзень адвакатаў у небяспецы будзе праходзіць з фокусам на Беларусь.
Марыя Міхалевіч belsat.eu