навіны

Колькасць палітвязняў у Беларусі зноў павялічылася – плюс яшчэ 15 чалавек

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com
podpis źródła zdjęcia

Праваабаронцы «Вясны» прызналі палітвязнямі яшчэ 15 зняволеных. Паводле стану на 21 студзеня палітзняволенымі ў Беларусі прызнаныя 1256 чалавек. Рэпрэсіі не спыняюцца.

Праваабаронцы «Вясны» прызналі палітычна матываваным пераслед наступных асобаў: Вікторыі Верас, Максіма Чахоўскага, Генадзя Саўрыцкага, Аляксандра Рандарэнкі, Аляксандра Мірскага, Вікторыі Гусаравай, Вітольда Шалкевіча, Мікалая Юшчанкі, Паўла Вабішчэвіча, Аляксандра Зіненкі, Дзмітрыя Удовіна, Андрэя Дарошкі, Вячаслава Ільіча, Ігара Кісляка і Віталя Папроцкага.


Вядома, што Удовін, Дарошка, Ільіч, Кісляк і Папроцкі абвінавачваюцца ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці або разладу і ў закліках да санкцыяў.


Вабішчэвіч і Зіненка – у замаху на тэрарыстычны акт, дзяржаўнай здрадзе, наўмысным прывядзенні ў непрыдатнасць шляхоў зносін і незаконных дзеяннях у дачыненні боепрыпасаў. Іх справа разглядаецца на закрытым судовым паседжанні.


Паводле звестак праваабаронцаў, станам на 21 студзеня палітвязнямі толькі афіцыйна ў Беларусі прызнаныя 1256 чалавек.


Нагадаем, яшчэ ў сярэдзіне ліпеня летась палітвязням у турмах і калоніях пачалі масава прапаноўваць пісаць прашэнне аб памілаванні, прычым давалі зразумець, што прашэнне будзе ўхваленае. У выніку 16 жніўня Аляксандр Лукашэнка памілаваў 30 палітвязняў, 4 верасня – яшчэ 30 чалавек. Далей былі новыя памілаванні. Агулам у 2024 годзе было восем хваль памілавання палітзняволеных. У выніку на волю выйшлі 227 чалавек.


Некалькі дзён таму, 18 студзеня, сталася вядома пра першую партыю памілаваных палітвязняў у 2025 годзе. Сярод іх тры жанчыны і 20 мужчынаў. 13 чалавек старэйшыя за 50 гадоў, 14 асобаў маюць хранічныя хваробы, у 12 чалавек ёсць дзеці, у тым ліку адзін мужчына – шматдзетны бацька.


Разам з тым, рэпрэсіі ў краіне не спыніліся і нават не сцішыліся на час палітычнай гульні з Захадам. Падкантрольныя спецслужбам Telegram-каналы працягваюць ледзь не кожны дзень расказваць пра новыя арышты «змагароў».


Можа падацца, што дзве тэндэнцыі супярэчаць адна адной. Аднак Лукашэнка робіць гэта свядома: падобна на тое, што ён сапраўды хоча міжнароднай разрадкі, але на сваіх умовах.


Дарэчы, улада Лукашэнкі ўжо некалькі разоў паспяхова праходзіла цыкл «замаразкі – адліга». У 2008 і 2015 гадах памірыцца з ЕЗ было дастаткова проста, бо палітвязняў тады можна было пералічыць на пальцах, масавыя рэпрэсіі не былі сістэмаўтваральным элементам унутранай палітыкі, а Беларусь не запляміла сябе саўдзелам у расейскай агрэсіі. Паўтарыць гэты трук цяпер амаль немагчыма. Таталітарная трансфармацыя, якую самаабвешчаны кіраўнік Беларусі распачаў у 2020-м, зрабіла рэжым фактычна не падлеглым «адлізе». Каб зрабіць «як было», трэба не толькі адпусціць палітвязняў і спыніць арышты, але таксама пазбавіць экстрэмісцкага статусу незалежныя медыі, палітычныя і грамадскія арганізацыі, забяспечыць вяртанне сотняў тысяч палітычных эмігрантаў і дапусціць да прэзідэнцкіх выбараў рэальную апазіцыю. Усё гэта ў цяперашніх умовах цяжка сабе ўявіць.


Надзея Вольная belsat.eu

 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10