навіны

Спецслужбы Літвы: Інфармацыя пра беларускія ваенізаваныя групы – фэйк

Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы. Крыніца: ELTA
Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы. Крыніца: ELTA
podpis źródła zdjęcia

Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы папярэджвае пра распаўсюджванне ў Facebook фальшывага дакументу, у якім сцвярджаецца, што літоўская выведка рыхтуе ваенізаваныя групы беларусаў.

На думку літоўскага Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі (ДДБ), гэта частка інфармацыйнай кампаніі супраць Літвы, звязанай з выбарамі, што маюць адбыцца ў Беларусі 26 студзеня, паведамляе LRT.

«Апублікаваны ў Facebook несапраўдны дакумент ДДБ пра дзейнасць выведкі для рыхтавання ваенізаваных беларускіх фармаванняў ёсць адкрытай падробкай, якая не мае нічога агульнага з рэальнай дзейнасцю ДДБ і павінна разглядацца як частка працяглай інфармацыйнай кампаніі супраць Літвы. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі мы назіраем больш актыўныя дзеянні», – адзначаецца ў паведамленні ДДБ у Facebook.

У пададзеных ДДБ фрагментах фальшывага дакументу гаворыцца, што ведамства нібыта прыняло пастанову аб «стварэнні падкантрольнага ваенна-патрыятычнага клубу "Літвіны"», апісваюцца характарыстыкі яго чальцоў і заяўляецца пра недастатковую падрыхтаванасць клубу да «развіцця актыўных дзеянняў у дачыненні Беларусі». У дакуменце выяўлена шмат арфаграфічных памылак.

Нагадаем, гэта не першыя правакацыі, учыненыя на тэрыторыі Літвы напярэдадні «выбараў» у Беларусі.

Гэтак, 19 студзеня на будынку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў Вільні з'явіўся надпіс пра тое, што «беларускім універсітэтам можа кіраваць толькі беларус» і што «Вільня наша». Надпіс быў зроблены таксама з арфаграфічнымі памылкамі. Гэта не першы такі выпадак у ЕГУ. У жніўні летась на будынку ўніверсітэту невядомы напісаў па-літоўску «Ціханоўская, прэч з нашага гораду». Тады ў надпісы таксама былі памылкі.

Агулам у Вільні часта здараюцца антыбеларускія акцыі: напрыклад, абстрэл памяшкання беларускай царквы; падпал дзвярэй Цэнтру беларускай супольнасці і культуры; надпіс «Беларускім паразітам тут не месца» каля «Замку», дзе дапамагаюць палітычным уцекачам; напад на краму «Kropka» былога палітвязня Змітра Фурманава. У інтэрв’ю «Белсату» ўладальнік крамы сказаў, што гэта «правакацыя лукашыстаў і спроба пасварыць літоўцаў і беларусаў».

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10