навіны

«Выраб перанясём у іншую краіну». Пашпарты Новай Беларусі не будуць друкаваць у Літве

img
Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка з пашпартам Новай Беларусі падчас форуму «Беларусы годныя лепшага». Варшава, Польшча. 26 студзеня 2025 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская абвесціла пра перанос «нашага „чырвонага пашпарта“ ў тыя краіны, дзе праблема з дакументамі ніяк не вырашаная». «Белсат» спытаў у галоўнага дарадцы Ціханоўскай Франка Вячоркі, што гэта значыць.

Святлана Ціханоўская падчас прамовы ў Сейме Літвы з нагоды Дня Волі заклікала ўлады суседняй краіны «выдаваць міжнародную абарону і дазволы на жыхарства сумленным беларусам». Яна канстатавала: шмат якія беларусы не могуць вярнуцца дадому і застаюцца без дакументаў, а бацькі не могуць аформіць нованароджаных дзяцей.


«У Літве ёсць выдатнае развязанне – пашпарты замежніка, і мы просім спрасціць і пашырыць практыку яго выдавання. А наш „чырвоны пашпарт”, які мы планавалі выдаваць, мы перанясём у тыя краіны, дзе праблема з дакументамі ніяк не вырашаная», – цытуе Ціханоўскую выданне Reform.news.


Галоўны дарадца абранай прэзідэнткі Франак Вячорка растлумачыў «Белсату», што гэта азначае перанос друку пашпартоў з Літвы ў іншую краіну. Самога пашпартавага цэнтру ў Вільні закрываць не плануюць:

,,

«У Літве паставім на паўзу, выраб пашпартоў перанясём у іншую краіну. А з боку Літвы нас запэўнілі: ёсць гатовасць спрыяць у развязанні пытанняў легалізацыі і выдаванні пашпартоў замежніка».


Дзе пашпарты плануецца друкаваць, пакуль невядома. «Працуем над гэтым», – запэўніў Вячорка.

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка з пашпартам Новай Беларусі падчас форуму «Беларусы годныя лепшага». Варшава, Польшча. 26 студзеня 2025 года. Фота: Белсат

Чым Генпракуратуры Літвы не спадабаўся пашпарт Новай Беларусі? Спыталі ў дэпутатаў Сейму

навіны

Пашпарт Новай Беларусі мае стацца заменаю дзяржаўнага сіняга пашпарта для тых беларусаў, якія з увагі на палітычны пераслед не могуць з'ездзіць на радзіму, каб атрымаць дакумент. Галоўная праблема праекту – дамагчыся, каб пашпарты Новай Беларусі прызнавалі ў свеце.


Выраб дакументаў планаваўся ў Літве, аднак у студзені Генеральная пракуратура рэспублікі выслала ліст Беларускаму пашпартаваму цэнтру, які можна ўспрыняць як пагрозу крымінальнай адказнасцю за выраб і выдаванне пашпартоў, пакуль гэтыя дакументы не будуць прызнаныя ў вызначаным законам парадку.


А міністр унутраных справаў краіны Уладзіслаў Кандратовіч надоечы казаў, што «на гэты момант у МУС не бачаць падставаў» прызнаваць пашпарт Новай Беларусі дакументам, дзякуючы якому выдаваўся б від на жыхарства, або дакументам падарожніка ці пашпартам замежніка.


Франак Вячорка ў каментары «Белсату» тады адзначаў, што ў розных краінах статус пашпарта Новай Беларусі можа быць розны:


«Калі ў Літве ці ў Польшчы ёсць часовае развязанне з пашпартамі замежніка, то ў многіх іншых краінах няма такога развязання, і там пашпарт можа спрацаваць. Магчыма, пашпарт будзе мець і выконваць іншыя ролі, у тым ліку верыфікацыі тых асобаў, якія перабываюць ужо на тэрыторыі Еўрапейскага Звязу. Гэта ўсё прадмет для размоваў».


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10