Пратэсты ў Турэччыне не збіраюцца спыняцца, а прэзідэнт Эрдаган не збіраецца саступаць і вызваляць свайго галоўнага канкурэнта Імамаглу. І нават калі Эрдаган пагодзіцца яго вызваліць, у туркаў яшчэ шмат нагодаў патрабаваць змены ўлады.
Мэра Стамбулу Экрэма Імамаглу затрымалі 19 сакавіка на падставе абвінавачанняў у кіраўніцтве злачыннай арганізацыяй, хабарніцтве, махлярстве на тэндарах і дапамозе Працоўнай партыі Курдыстану, якая ў Турэччыне, ЗША і Еўразвязе прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй. Гэта выклікала масавыя пратэсты, якія не спыняюцца ўжо тыдзень, адбываюцца амаль ува ўсіх буйных гарадах краіны. У Стамбуле на вуліцы выходзілі сотні тысячаў чалавек. Пратэстаў такіх маштабаў Турэччына не бачыла з 2013 года.
У шостую ноч пратэстаў Бі-Бі-Сі расказвала: Эрдаган назваў пратэсты злом і абвінаваціў апазіцыю ў правакацыях, патрабаваў спыніць пратэсты, бо замест адказу на абвінавачванні на адрас Імамаглу апазіцыя «зрабіла найбольш гнюсныя і незаконныя заявы ў нашай палітычнай гісторыі». Тым часам галоўная апазіцыйная партыя Турэччыны, Рэспубліканская народная партыя, абвясціла Імамаглу сваім кандыдатам на прэзідэнта. Сілавікі ўжываюць гвалт супраць пратэстоўцаў.
Паводле ўдзельнікаў пратэстаў, на іх «палююць, як на прусакоў»: распыляюць пярцовы газ, «як інсектацыд». Паводле афіцыйных звестак, якія перадае «Reuters», за першыя пяць дзён былі затрыманыя 1133 асобы. Улады сцвярджаюць, што ад дзеянняў пратэстоўцаў пацярпелі 123 паліцыянты. Сярод затрыманых, дадае «The Guardian», прынамсі 10 журналістаў, а турэцкія ўлады дамагліся ад сацсеткі X блакавання акаўнтаў дзясяткаў медыяў – пры тым, што доступ да асноўных сацыяльных сетак і так блакавалі.
Імамаглу – 54-гадовы палітык Рэспубліканскай народнай партыі, мэр Стамбулу з 2019-га, а з нядзелі – кандыдат на прэзідэнта ад партыі на выбарах, якія, згодна з раскладам, мусяць адбыцца не пазней за 2028 год. Ён двойчы перамагаў кандыдатаў ад кіроўнай Партыі справядлівасці і развіцця на выбарах мэра ў горадзе, дзе калісьці мэрам быў сам Эрдаган. А на партыйных праймерыз Імамаглу атрымаў 15 млн галасоў. У Турэччыне, адзначае «TLDR News», пачынала з’яўляцца адчуванне, што больш як два дзесяцігоддзі ўлады Эрдагана могуць нарэшце скончыцца: у апытаннях Імамаглу абганяў дзейнага прэзідэнта.
Эрдаган ужо двойчы перавыбіраўся, а дзейная Канстытуцыя забараняе яму браць удзел у наступных прэзідэнцкіх выбарах, нагадвае «Sky News», але мноства туркаў верыць, што ён паспрабуе змяніць Асноўны Закон, каб захаваць уладу. Зрэшты, арышт Імамаглу – не пачатак палітычных рэпрэсіяў, а працяг доўгай кампаніі здушэння апазіцыі.
Эрдаган кіруе Турэччынаю з 2003 года: спачатку быў прэм’ер-міністрам, потым зрабіў дзяржаву прэзідэнцкай і стаўся прэзідэнтам. За Эрдаганам Турэччына змяніла курс на больш кансерватыўны і рэлігійны, менш дэмакратычны. Праваабаронцы адзначалі істотнае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Турэччыне, ціск на крытыкаў улады, падрыў незалежнасці судовай сістэмы, пераслед журналістаў і праваабаронцаў, незаконныя абмежаванні свабоды сходаў. Супраць рэжыму Эрдагана ў 2016 годзе ці то спрабавалі ўчыніць ваенны пераварот, ці то імітавалі пераварот – і Эрдаган адказаў на гэта «закручваннем гаек», арыштамі дзясяткаў тысяч асобаў і «чысткамі» дзяржаўных інстытуцыяў. «Freedom House» лічыць Турэччыну несвабоднаю з 2018 года, сёлета ставіць яе між Пакістанам і Тайландам.
Свабода – не адзіная праблема Турэччыны. Праз эканамічную палітыку Эрдагана, якую называюць як мінімум «нетрадыцыйнай», інфляцыя ў Турэччыне ўжо больш як тры гады не апускаецца ніжэй за 36 % гадавых, дасягала і 85 %. На дадатак – эканамічная няроўнасць і рост беспрацоўя. Цяперашнія пратэсты яшчэ больш пахіснулі і без таго нестабільную турэцкую эканоміку. Як піша «Politico», улады спрабуюць спыніць фінансавы калапс.
У пратэстах бярэ ўдзел шмат моладзі, якая не бачыла Турэччыны без Эрдагана. Маладзёны, як расказвае Бі-Бі-Сі, маюць розныя палітычныя погляды і крытыкуюць як улады, так і апазіцыю. Але думаюць, што ім «няма чаго губляць», і не баяцца нічога, бо «проста злыя».
Навошта ў такіх умовах кідаць за краты папулярнага апазіцыянера, які можа быць пагрозаю на выбарах праз тры гады? Эрдаган можа бачыць удалы момант, каб зрабіць гэта беспакарана.
«The New York Times» тлумачыць: Еўропа цяпер мае патрэбу ў Турэччыне як вайсковым партнёры на фоне дзеянняў прэзідэнта Злучаных Штатаў Доналда Трампа. А Трамп менш за папярэднікаў схільны змагацца з аўтакратамі. Да таго ж, Эрдаган дамогся ад Працоўнай партыі Курдыстану закліку скласці зброю, а курды – галоўныя паплечнікі апазіцыйнай Рэспубліканскай народнай партыі. Курды могуць апынуцца ў закладніках сітуацыі: імаверна, Эрдаган абяцаў нейкія саступкі курдскай меншасці, а калі курды падтрымаюць пратэсты, то Эрдаган можа скарыстацца гэтым для змяншэння курдскай палітычнай аўтаноміі.
Такім чынам, сітуацыя непрадказальная: Эрдаган можа смела душыць пратэсты, а гэта можа толькі падаграваць злосць і без таго адчайных пратэстоўцаў. І не факт, што нават гіпатэтычнае вызваленне Імамаглу здолее змякчыць незадаволенасць туркаў Эрдаганам.
Алесь Наваборскі belsat.eu