Фармальна Юн Сок Ёль застаецца прэзідэнтам, не зважаючы на правал дзяржаўнага перавароту, імпічмент яму і выканальніку ягоных абавязкаў. А цяпер і арышт.
Адхіленага ад улады прэзідэнта Рэспублікі Карэя Юн Сок Ёля арыштавалі 15 студзеня работнікі Бюро расследаванняў карупцыі для допыту наконт увядзення ваеннага становішча, піша «Yonhap». У відэазвароце Юн Сок Ёль заявіў, што лічыць пераслед незаконным, але здаўся ўладам сам, каб пазбегчы крыві.
Першы раз палітыка спрабавалі арыштаваць яшчэ 3 студзеня, але тады яго не дала затрымаць прэзідэнцкая ахова, нагадвае Бі-Бі-Сі. Пасля некалькіх гадзінаў супрацьстаяння паліцыя і следчыя тады проста пакінулі прэзідэнцкі палац. Гэтым разам без прэзідэнта не сыходзілі.
Для арышту сабраліся тры тысячы паліцыянтаў, адзначае «Reuters». Арыштоўваць прыйшлі каля 4:20 раніцы паводле мясцовага часу, прабіваліся праз барыкады прыхільнікаў прэзідэнта і заслоны дэпутатаў кіроўнай партыі, увайшлі ў будынак каля 9:00, а выйшлі каля 10:30 пасля, як мяркуецца, перамоваў пра форму з'яўлення Юна на допыт.
Улады маюць 48 гадзінаў на допыт прэзідэнта, пасля мусяць пастанавіць, ці арыштуюць яго на тэрмін да 20 дзён, ці вызваляць. Юн Сок Ёль настойвае, што яго арыштавалі няправільна: не мелі права пачынаць расследавання і выдалі ордар на арышт ад няправільнай юрысдыкцыі.
Гэта першы раз, калі ў Паўднёвай Карэі арыштоўваюць дзейнага прэзідэнта, хай і адхіленага ад выканання абавязкаў. Раней прэзідэнтаў Рэспублікі Карэя двойчы адхілялі ад улады праз імпічмент, а былых прэзідэнтаў арыштоўвалі чатыры разы.
Юн Сок Ёль 3 снежня 2024 года абвясціў увядзенне ваеннага становішча ў краіне. Ён абвінаваціў апазіцыю ў кантраляванні парламенту і паралізаванні працы ўраду «антыдзяржаўнаю дзейнасцю». Захада была неабходная для аднаўлення «вяршэнства права» ў краіне і выкаранення «гнюсных прапаўночнакарэйскіх антыдзяржаўных сілаў».
Пасля абвяшчэння ваеннага становішча вайсковае камандаванне абвясціла пра забарону любой палітычнай дзейнасці, у тым ліку пратэстаў. Указ ставіў пад кантроль усе медыі і ўсіх выдаўцоў. Аднак супраць ваеннага становішча прагаласаваў парламент краіны, і праз шэсць гадзінаў пасля ўвядзення Юн яго адмяніў.
Пазней Юн выступіў са зваротам на нацыянальным тэлебачанні, у якім сказаў, што «шчыра шкадуе» пра сваю пастанову ўвесці ваеннае становішча . У выніку Юн Сок Ёля адхілілі ад улады праз працэдуру імпічменту – таксама з другой спробы. Ды каб пазбавіць прэзідэнта звання, патрэбная пастанова Канстытуцыйнага суда. А праз спрэчкі вакол недастатковай колькасці суддзяў у Паўднёвай Карэі 27 снежня зноў абвясцілі імпічмент, на гэты раз выканальніку абавязкаў прэзідэнта.
Таксама праз справу аб ваенным становішчы раней затрымалі міністра абароны Кім Ёнг Хёна. У следчым ізалятары ён учыніў няўдалую спробу самагубства.
Палітычны крызіс у Паўднёвай Карэі наўрад ці скончыцца гэтым арыштам. Захоўваецца немалая колькасць прыхільнікаў Юн Сок Ёля. І, як адзначае «Reuters», некаторыя з іх спадзяюцца на падтрыманне арыштаванага з боку выбранага прэзідэнта Злучаных Штатаў Доналда Трампа.
Алесь Наваборскі belslat.eu