Парламент Паўднёвай Карэі 14 снежня прагаласаваў за імпічмент прэзідэнта Юн Сок Ёля пасля таго, як у краіне ўвялі ваенны стан. Гэта атрымалася з другой спробы, першая была роўна тыдзень таму.
За адхіленне прэзідэнта ад пасады выказаліся 204 дэпутаты, 85 былі супраць, тры ўстрымаліся, а восем бюлетэняў прызналі несапраўднымі.
Паводле інфармацыі агенцтва «Yonhap», некаторыя чальцы кіроўнай партыі «Грамадзянская сіла» таксама падтрымалі ініцыятыву апазіцыі, што дазволіла дасягнуць неабходнай большасці, дзве траціны галасоў. Цяпер абавязкі прэзідэнта часова будзе выконваць прэм'ер-міністр Хан Ток Су.
Раней, 7 снежня, спробы прагаласаваць за імпічмент не атрымалі поспеху, бо не хапіла пяці галасоў. Цяпер жа канчатковае рашэнне застаецца за Канстытуцыйным судом, які мае да шасці месяцаў для разгляду справы. Калі суд пацвердзіць імпічмент, у краіне адбудуцца пазачарговыя выбары.
Юн Сок Ёль заявіў, што не збіраецца здавацца і будзе змагацца. Ён падкрэсліў, што не лічыць увод ваеннага стану памылковым і адмаўляе абвінавачванні ў спробе перавароту. Ён таксама абвінаваціў апазіцыю ў злоўжыванні працэдурай імпічменту.
Нагадаем, што прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль 3 снежня абвясціў увядзенне ваеннага стану ў краіне, абвінаваціўшы апазіцыю ў кантраляванні парламенту і паралізаванні працы ўраду «антыдзяржаўнаю дзейнасцю».
Вайсковае камандаванне пасля абвяшчэння ваеннага стану заявіла пра забарону любой палітычнай дзейнасці, у тым ліку пратэстаў. Указ ставіў пад кантроль усе медыі і ўсіх выдаўцоў. Аднак супраць ваеннага стану прагаласаваў парламент краіны, і праз шэсць гадзінаў пасля ўвядзення Юн Сок Ёль яго адмяніў.
Пазней паўднёвакарэйскі прэзідэнт выступіў са зваротам на нацыянальным тэлебачанні, у якім сказаў, што «шчыра шкадуе» пра сваю пастанову ўвесці ваенны стан. У той жа час пракуратура Паўднёвай Карэі абвясціла прэзідэнту краіны падазрэнне ў дзяржаўнай здрадзе і злоўжыванні ўладаю.
Раман Шавель belsat.eu