Пракуратура Паўднёвай Карэі абвясціла прэзідэнту краіны Юн Сок Ёлю падазрэнне ў дзяржаўнай здрадзе і злоўжыванні ўладай. Міністр абароны краіны затрыманы.
Як паведамляе паўднёвакарэйскае агенцтва Yonhap, пра расследаванне ў дачыненні прэзідэнта заявіў Пак Се Хюн, які ўзначальвае спецыяльны штаб па расследаванні абвяшчэння ў краіне ваеннага становішча. Паводле яго, Юн Сок Ёля вінавацяць у дзяржаўнай здрадзе і злоўжыванні ўладай.
Напярэдадні стала вядома, што пракуратура Паўднёвай Карэі арыштавала экс-міністра абароны Кім Ён Хена паводле падазрэння ў дзяржаўнай здрадзе.
Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль 3 снежня абвясціў аб увядзенні ваеннага становішча ў краіне. Ён абвінаваціў апазіцыю ў кантраляванні парламента і паралізаванні працы ўрада «антыдзяржаўнай дзейнасцю». Паводле яго, такі захад неабходны для аднаўлення «вяршэнства права» ў краіне і выкаранення «гнюсных прапаўночнакарэйскіх антыдзяржаўных сілаў».
Пасля абвяшчэння ваеннага становішча ваеннае камандаванне абвясціла аб забароне любой палітычнай дзейнасці, уключаючы пратэсты. Указ ставіў пад кантроль усе медыі і выдаўцоў. Аднак супраць ваеннага становішча прагаласаваў парламент краіны, і праз шэсць гадзінаў пасля ўвядзення Юн яго адмяніў.
5 снежня прэзідэнт абвясціў у чацвер аб прыняцці адстаўкі міністра абароны Кім Ён Хена. Пазней ён Юн сам выступіў са зваротам на нацыянальным тэлебачанні, у якім сказаў, што «шчыра шкадуе» аб сваім рашэнні аб увядзенні ваеннага становішча.
«Мне шчыра шкада, і я прашу прабачэння ў людзей, якія, мабыць, былі вельмі здзіўленыя. Кажу шчыра: не будзе такой сітуацыі, як другое ваеннае становішча», – сказаў прэзідэнт.
Юн паабяцаў узяць на сябе адказнасць за свае дзеянні і не спрабаваць пазбегнуць пакарання.
Якуб Хруст belsat.eu