Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль абвясціў ваенны стан і патлумачыў гэта тым, што трэба абараніць канстытуцыйны парадак і выкараніць «бессаромныя прапаўночнакарэйскія антыдзяржаўныя сілы», піша «Reuters».
Юн Сок Ёль не назваў ніякай канкрэтнай пагрозы з боку Паўночнай Карэі, але асудзіў унутраных палітычных апанентаў. Юн заявіў, што ў яго не было іншага выбару, бо апазіцыйныя партыі могуць увесці краіну ў крызіс:
«Я абвяшчаю ваенны стан, каб абараніць свабодную Рэспубліку Карэя ад пагрозы паўночнакарэйскіх камуністычных сілаў, выкараніць бессаромныя прапаўночнакарёйскія антыдзяржаўныя сілы».
Гэтак прэзідэнт, як ён думае, абараняе канстытуцыйны парадак.
Апазіцыйная Дэмакратычная партыя, якая мае большасць у парламенце, на гэтым тыдні вылучыла патрабаванне наконт імпічменце некаторых найвышэйшых пракурораў краіны і адхіліла прапанову ўраду наконт бюджэту. Юн думае, што гэтыя дзеянні падрываюць асноўнае функцыянаванне ўрадавай адміністрацыі.

Уваход у парламент для дэпутатаў ужо заблакаваны.
«Краінай будуць кіраваць танкі, браняваныя транспарцёры і салдаты з пісталетамі і нажамі, – заявіў лідар апазіцыйнай Дэмакратычнай партыі Лі Чжэ Мён. – Эканоміка Рэспублікі Карэя абрынецца незваротна».
Нечаканы крок выклікаў шок у краіне, якая ў пачатку сваёй гісторыі мела шэраг аўтарытарных лідараў, але з 1980-х гадоў лічыцца дэмакратычнаю. Курс карэйскай воны рэзка ўпаў у стасунку да долара ЗША.
Арсен Рудэнка belsat.eu