навіны

Паўднёвая Карэя: ці магчымая новая вайна?

Паліцыя Паўднёвай Карэі перад уваходам у будынак Нацыянальнага збору. Сеул, Паўднёвая Карэя. 3 снежня 2024 года. Фота: Jung Yeon-je / AFP / East News
Паліцыя Паўднёвай Карэі перад уваходам у будынак Нацыянальнага збору. Сеул, Паўднёвая Карэя. 3 снежня 2024 года. Фота: Jung Yeon-je / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Сёння ў Паўднёвай Карэі адбыліся падзеі, якія можна ахарактарызаваць крызісам улады: прэзідэнт краіны абвесціў ваенны стан, у Сеуле з’явілася ваенная тэхніка, вайскоўцаў запасу сталі выклікаць на службу, а арміі паступіў загад падрыхтавацца да супрацьстаяння надзвычайнай сітуацыі. Паглядзелі, што адбываецца на гэты момант.

Абвяшчэнне ваеннага становішча

3 снежня прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль звярнуўся да нацыі і абвясціў ваеннае становішча, тлумачачы гэта неабходнасцю вынішчыць прапаўночнакарэйскія сілы і «абараніць канстытуцыйны лад краіны». У сваім выступе ён жорстка раскрытыкаваў апазіцыйную Дэмакратычную партыю («Табура»), якая кантралюе парламент, абвінаваціўшы яе ў спробах паралізаваць працу ўрада праз імпічмент міністраў. 

Пры гэтым Юн Сок Ёль назваў паводзіны парламентарыяў «заканадаўчай дыктатурай» і «антыдзяржаўным актам», які пагражае стабільнасці Рэспублікі Карэя.

«Я абвяшчаю надзвычайнае ваеннае становішча для абароны Рэспублікі Карэя ад пагрозы паўночнакарэйскіх камуністычных сіл, для руйнавання беспрынцыповых антыдзяржаўных сіл КНДР, якія крадуць свабоду і шчасце нашага народа, і для захавання свабоднага канстытуцыйнага ладу», – заявіў паўднёвакарэйскі прэзідэнт.

Юн Сок Ёль падкрэсліў у сваім звароце, што апазіцыя скараціла бюджэт на 2025 год амаль на 3 мільярды долараў, што закранула важныя сферы, такія як бяспека, барацьба з наркотыкамі і сацыяльная падтрымка. 

Ён адзначыў, што ваеннае становішча неабходна для «абароны свабоднай Рэспублікі Карэя ад пагрозы сілавога падрыву». Прэзідэнт паабяцаў як мага хутчэй стабілізаваць сітуацыю і заклікаў народ давяраць яго дзеянням.

Юн спаслаўся на артыкул 77 Канстытуцыі, які дазваляе ўвядзенне ваеннага становішча для забеспячэння грамадскай бяспекі або ваенных патрэб. Згодна з гэтым рэжымам, могуць быць часова абмежаваныя грамадзянскія правы, аднак такія меры лічацца часовымі і ўжываюцца толькі пры вострай неабходнасці. 

Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль выступае падчас абвяшчэння ваеннага стану. Сеул, Паўднёвая Карэя. 3 снежня 2024 года. Фота: South Korean Presidential Office via Getty Images
Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль выступае падчас абвяшчэння ваеннага стану. Сеул, Паўднёвая Карэя. 3 снежня 2024 года. Фота: South Korean Presidential Office via Getty Images

Што папярэднічала 

У Паўднёвай Карэі з 1980-х гадоў, калі краіна перайшла да дэмакратыі, ваеннае становішча не ўводзілася. Паўднёвая Карэя з’яўляецца прэзідэнцкай рэспублікай, і кіраўнік дзяржавы валодае шырокімі паўнамоцтвамі, уключаючы прызначэнне прэм’ера (з ухвалення парламента) і функцыі галоўнакамандуючага.

Але цяперашняе ваеннае становішча звязана не з пагрозай з боку Паўночнай Карэі, а з унутраным палітычным крызісам. 

Справа ў тым, што Юн Сок Ёль, абраны ў 2022 годзе як кандыдат кансерватыўнай партыі «Сіла народа», страціў падтрымку большасці ў парламенце пасля выбараў 2024 года. Цяпер партыя «Сіла народа» мае толькі 108 месцаў з 300, у той час як апазіцыйная Дэмакратычная партыя («Табура») кантралюе 170 месцаў. Гэта пазбавіла Юн Сок Ёля магчымасці прасоўваць свае ініцыятывы.

Дадатковы ціск на Юна аказалі карупцыйныя скандалы, звязаныя з яго жонкай, і крытыка пракуратуры за адсутнасць расследавання супраць яе. 

На мінулым тыдні канфлікт паміж урадам і парламентам узмацніўся, калі апазіцыйная партыя «Табура» адмовілася ўхваліць бюджэт, прапанаваны прэзідэнтам Юнам, і значна скараціла яго. Спікер парламента прыпыніў галасаванне па бюджэце і заклікаў бакі да кампрамісу. У адказ Юн абвінаваціў апазіцыю ў выкарыстанні бюджэтнага працэсу для палітычнага ціску і назваў яе дзеянні «заканадаўчай дыктатурай». У той жа час вядома, што апазіцыя таксама рыхтавалася да абвяшчэння на гэтым тыдні імпічменту некаторым міністрам.

Людзі бяруць удзел у акцыі пратэсту з патрабаваннем адстаўкі прэзідэнта Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёля ў Нацыянальнай асамблеі ў Сеуле, Паўднёвая Карэя. 4 снежня 2024 года. Фота: Anthony Wallace / AFP / East News
Людзі бяруць удзел у акцыі пратэсту з патрабаваннем адстаўкі прэзідэнта Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёля ў Нацыянальнай асамблеі ў Сеуле, Паўднёвая Карэя. 4 снежня 2024 года. Фота: Anthony Wallace / AFP / East News

Ваенная тэхніка на вуліцах

Пасля таго як прэзідэнт краіны ўвёў ваенны стан, Дэмакратычная партыя заклікала ўсіх сваіх чальцоў у тэрміновым парадку сабрацца ў Нацыянальным сходзе. Лідар «Табура» назваў дзеянні Юна антыканстытуцыйнымі і незаконнымі.

На гэтым фоне Мінабароны Паўднёвай Карэі аддало загад рыхтавацца да супрацьстаяння надзвычайным сітуацыям, а вайскоўцаў запасу выйсці на службу.

На вуліцах сталіцы стала з’яўляцца вайсковая тэхніка, некалькі калон рухаліся ў бок будынка парламенту. Таксама відавочцы сцвярджалі, што ў небе над горадам былі бачныя ваенныя верталёты. 

Каля будынку парламенту пачалі збірацца людзі. Пры іх падтрымцы дэпутатам Дэмакратычнай партыі ўдалося пранікнуць у будынак Нацыянальнага сходу. 

У выніку ў парламенце сабралося 190 дэпутатаў з 300, і ўсе 190 прагаласавалі за адмену рашэння прэзідэнта. Паводле Канстытуцыі Паўднёвай Карэі, ваеннае становішча павінна быць скасаванае, калі гэтага патрабуе парламенцкая большасць, паведамляе партал «Yonhap».

Паводле словаў спікера парламента, пасля прыняцця гэтай прапановы аб'ява аб ваенным становішчы губляе сілу.

На дадзены момант не зразумела, як будуць развівацца падзеі: бо паводле ўказу, якое прыняло ваеннае камандаванне, створанае пасля абвяшчэння ваеннага стану, забараняецца любая палітычная дзейнасць, уключна з пратэстамі. 

Пазней з'явілася паведамленне пра тое, што Юн Сок Ёль зрабіў заяву аб тым, што адменіць ваенны стан на пасяджэнні ўраду.

Палітычны аглядальнік Ігар Тышкевіч лічыць, што сітуацыя ў Паўднёвай Карэі не пагражае пачаткам новай вайны.

,,

«Проста пачалася працэдура імпічмэнту прэзыдэнта Юн Сок Ёля, якога яшчэ называюць «паўднёвакарэйскім Трампам». Прыйшоўшы ў 2022-м на хвалі не абы-якой падтрымкі, праз 2 гады згубіў яе амаль цалкам. Да таго ж летась наклаў забарону на расследванне датычнасці да карупцыі сваёй жонкі ды сябе самога. Цяпер цікава на чыім баку будзе войска. І другая цікавостка, якую пазіцыю зоймуць ЗША, якія маюць на паўвыспе не абы-які кантынгент», – адзначыў палітычны аналітык. 


Таксама Тышкевіч звярнуў увагу на тое, што Злучаныя Штаты, хутчэй за ўсё, могуць у гэтым канфлікце заняць пасіўную пазіцыю чакання, бо «дзейсны прэзідэнт прытрымліваецца палітыкі максімальнай кааперацыі з ЗША, у тым ліку ў фармаванні сістэмы вайсковай кааперацыі па стрымліваньню Кітаю». У той час як лідар апазіцыі выступае за балансаванне і называе КНР «стратэгічным партнёрам з гледзішча гандлёвай кааперацыі». «Таму пакуль пазіцыя Вашынгтона – чакаць і спадзявацца што “само мінецца”», – напісаў Ігар Тышкевіч.  

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10