15 траўня ў выдавецтве «Гутэнбэрг» з’явіцца новы раман Сашы Філіпенкі, стварэнню якога ён прысвяціў апошнія тры гады. Чаму кніга мае назву «Слон» і чаму яна будзе зразумелаю як беларусам, гэтак і амерыканцам, пісьменнік апавёў у эфіры «Раніца з Белсатам», а таксама падзяліўся сакрэтамі новага твору.
Саша Філіпенка – беларускі пісьменнік, аўтар вядомых раманаў «Чырвоны крыж», «Былы сын», «Крэмулятар». Апошні з пералічаных французскі часопіс «Transfuge» назваў «найлепшым еўрапейскім раманам 2023 года».
У 2020 годзе пісьменнік падтрымаў пратэсты ў Беларусі супраць сфальсіфікаваных рэжымам Аляксандра Лукашэнкі выбараў і правёў на ўласным YouTube-канале адкрытыя чытанні ў падтрыманне беларусаў. Трыццаць тры артысты, сярод якіх Святлана Зелянкоўская, Лявон Вольскі, Дзяніс Дудзінскі, Леанід Парфёнаў і Андрэй Макарэвіч, прачыталі раман Сашы Філіпенкі «Былы сын». Сёння Саша Філіпенка – адзін з найважнейшых галасоў беларускага дэмакратычнага руху ў Еўразвязе.

Філіпенка абяцаў – Філіпенка зрабіў
Доўгі час яго, нарадзінца Менску, крытыкавалі, што ён называе сябе беларускім пісьменнікам, але піша па-расейску. Саша Філіпенка добра паставіўся да крытыкі, у выніку быў перакладзены ягоны раман «Крэмулятар», а цяпер аўтар выконвае сваё абяцанне, якое зрабіў у мінулым годзе: 15 траўня стартуе продаж раману «Слон», што выходзіць па-беларуску раней, чым па-расейску. І ўжо ёсць замова на пераклад новай кнігі на нямецкую, на якой яна мае выйсці раней, чым па-ангельску. А праз два гады ў Лондане, калі ўсё будзе добра, можна будзе пабачыць тэатральную пастанову паводле «Слана». Пры гэтым кожная з моўных версіяў будзе мець сваю разынку, праз якую перакладчыкам на іншыя мовы давядзецца яшчэ паламаць галаву.
На пытанне, хто б мог экранізаваць ягоную «нечаканую» кнігу, Саша Філіпенка адказвае:
,,«Мабыць, Сарэнтына, бо ён мне вельмі падабаецца. Але няхай гэта будуць беларускія рэжысёры».
Пра што кніга «Слон»?
«У гэтай кніжцы аднойчы, у адзін дзень прыходзяць сланы. І гэтая кніга пра тое, як мы заўважаем праблемы ці не заўважаем. Кніжка пра расчалавечванне. Кніжка пра тое, як мы па-рознаму ставімся да кахання, любові. На што мы гатовыя і на што мы не гатовыя. Гэта кніжка пра выбар, пра тое, што кожны з нас робіць ці не робіць, ці вырашае не рабіць, бо разважае: «А, ну цяпер сланы прыйшлі, яны пойдуць праз тры дні, як казалі. І навошта мне нешта рабіць?» Пра пасіянарыяў. Мне падаецца, што, як і мая кожная кніжка, гэтая кніжка пра выбар», – амаль без спойлераў расказвае пра змест новай кнігі Саша Філіпенка.
І адзначае, што яму гэты твор цяжка даўся праз вайну Расеі супраць Украіны, якую ён спрабаваў цягам апошніх трох гадоў зразумець:
,,«Я разважаў, як усе, што адбываецца. І я адразу: да мяне прыйшоў гэты слон. І я такі: окай, вось слон, і мы яго не заўважаем. І трэба з гэтым нешта рабіць».
Але чаму прыйшоў гэты «слон»? І што мы маем рабіць з гэтым? І ці ўсе ў стане пабачыць гэтага «слана»?
Пісьменнік прызнаецца, што намагаўся таксама стварыць універсальны тэкст, які адгукнецца кожнаму чытачу, незалежна ад таго, дзе ён жыве. Аднак папярэджвае: сэнсы «Слану» могуць надавацца розныя. Напрыклад, праз падзеі ў ЗША гэта можа быць зусім іншае прачытанне, бо слон – гэта сімвал Рэспубліканскай партыі, на чале якой Доналд Трамп цяпер перапісвае гісторыю свету.
,,«Вялізны слон – ён стаіць у нас у Беларусі, цяпер ва Украіне і ў Расеі. І ў Беларусі вялікі слон, на жаль, ёсць. І ў кожнага – свой. Хтосьці заўважае яго, хтосьці не», – зазначае Саша Філіпенка.

Папрасіў дапамогі ў «ChatGPT», а той «зламаўся»
Кніга «Слон» Сашы Філіпенкі мае шэраг асаблівасцяў у пабудове тэксту. Гэтак, там выкарыстаная форма каментароў: «Мне падавалася гэта вельмі істотна цяпер зрабіць, бо мы жывём у такі час, калі людзі пачынаюць каментаваць, але без рэфлексіі. Толькі каментары. Усе ўсё ведаюць, як павінна быць. І мне вельмі хацелася гэта паказаць, як людзі пра нейкія вельмі важныя рэчы сварацца, і я не ведаю, навошта яны гэта робяць».
А яшчэ ў творы ёсць крыжаванка, якую чытач будзе разгадваць цягам усёй кнігі. І так сталася, што пісьменнік паспрабаваў тут палегчыць сабе працу пры дапамозе сучасных тэхналогіяў – чату «GPT». Але неспадзяванка:
,,«Я спрабаваў, і ён не можа. Ён ламаецца на дзясятым слове, каб былі ўсе словы, якія мне патрэбныя з раману. І ў гэтым сэнсе, калі я зрабіў [сам – Заўв. рэд.], я зразумеў, што пакуль што пісьменнікі разумнейшыя за чат "ChatGPT"».
І ўсё ж чаму «кожны чалавек – толькі на палову, а то і менш разгаданая крыжаванка» і ці бачыце вы «слана»? Адказ шукайце ў новай кнізе Сашы Філіпенкі, на якую да 15 траўня дзее перадзамова. Гэта, як абяцае аўтар, павінна быць цікавае чытво. А як паказвае практыка, Саша Філіпенка выконвае свае абяцанні.
Цалкам гутарку глядзіце ў «Раніцы з "Белсатам"»: