Генеральная пракуратура Беларусі на падставе прапановы КДБ накіравала ў Вярхоўны Суд заяву аб прызнанні Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК) тэрарыстычнай арганізацыяй і забароне яго дзейнасці на тэрыторыі краіны.
«Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед на падставе закону "Аб барацьбе з тэрарызмам" па прапанове Камітэту дзяржаўнай бяспекі накіраваў у Вярхоўны Суд заяву аб прызнанні фармавання "Аб’яднаны пераходны кабінет" разам з яго структурнымі падраздзяленнямі тэрарыстычнай арганізацыяй і забароне яго дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», – паведаміў прадстаўнік Генпракуратуры Дзмітрый Брылёў.
Паводле версіі ўладаў, АПК быў створаны «з мэтай захопу і ўтрымання дзяржаўнай улады» і нібыта кіруецца замежнымі спецслужбамі.
Нагадаем, Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі быў створаны Святланай Ціханоўскай у 2022 годзе. У яго ўваходзяць прадстаўнікі дэмакратычных сілаў у эміграцыі. Структура Кабінету ахоплівае розныя кірункі дзейнасці, у тым ліку пытанні транзіту ўлады, нацыянальнай бяспекі, нацыянальнага адраджэння, сацыяльнай палітыкі ды інш.
Лукашэнкаўскія ўлады заяўляюць, што АПК падтрымлівае полк імя Каліноўскага і ініцыятыву «BYPOL» – абедзве ўжо прызнаныя тэрарыстычнымі арганізацыямі на тэрыторыі Беларусі. Таксама ў Генпракуратуры сцвярджаюць, што Кабінет вядзе інфармацыйную працу праз інтэрнэт-рэсурсы і нібыта вярбуе беларусаў, якія крытычна ставяцца да ўладаў Беларусі і Расеі.
Надзея Вольная belsat.eu