Беларускія сілавікі працягваюць рэпрэсіі супраць праваабаронцы Леаніда Судаленкі, які цяпер жыве за мяжой. Гэтым разам Следчы камітэт завёў супраць яго адразу тры новыя крымінальныя справы – і ўсе за «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці».
Як паведаміў Леанід Судаленка на сваёй старонцы ў Facebook, новыя справы распачатыя ўпраўленнем СК у Гомельскай вобласці. Яго вінавацяць паводле артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі – у сувязі з выказваннямі ў медыях, якія ўлады Беларусі прызналі экстрэмісцкімі.
У прыватнасці, адна справа датычыць удзелу Судаленкі ў рыхтаванні і публікацыі відэа «Вясна прыйдзе» на YouTube-канале праваабарончага цэнтру «Вясна». Яшчэ дзве – звязаныя з ягонымі каментарамі ў праграме «Палітбамонд» на платформе 6tv.by ў 2023 і 2024 гадах.
Судаленка падкрэслівае: яго пераследуюць выключна за праваабарончую дзейнасць і выказванні.
«Я жыву ў Літве на законных падставах. І тое, што каментую сітуацыю з правамі чалавека для незалежных СМІ, – гэта мая пазіцыя. А літоўская дзяржава не мае да мяне прэтэнзіяў», – заявіў ён.

Дарэчы, пад аналагічнае абвінавачанне трапіў і выканальнік абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў, які таксама ўдзельнічаў у праграме «Палітбамонд».
Гэта не першы выпадак завочнага крымінальнага пераследу Леаніда Судаленкі. У 2024 годзе ён быў асуджаны на пяць гадоў калоніі завочна – таксама паводле артыкулу 361-4 КК. Да гэтага праваабаронца ўжо правёў у няволі два з паловаю гады, а пасля вызвалення з калоніі пакінуў Беларусь дзеля бяспекі.
«Я мог бы з’ехаць і маўчаць. Але змоўчваць немагчыма, калі бачыш, як знішчаецца прававая дзяржава. І за маўчанне мы ўжо ўсе заплацілі занадта дорага», – тлумачыць ён сваю пазіцыю.
Праваабаронца сцвярджае, што лукашэнкаўскія сілавікі свядома парушаюць ягоныя правы, калі спрабуюць судзіць за дзейнасць, якая адбываецца за межамі краіны. Ён заклікае міжнародную супольнасць не ігнараваць гэтых новых прыкладаў пераследу людзей за словы.
Надзея Вольная belsat.eu