навіны

У Паўднёвай Карэі зноў абвясцілі імпічмент: цяпер выканальніку абавязкаў прэзідэнта

Архіўнае фота. Паседжанне Нацыянальнага сходу, на якім абвясцілі імпічмент прэзідэнту Юн Сок Ёлю
Архіўнае фота. Паседжанне Нацыянальнага сходу, на якім абвясцілі імпічмент прэзідэнту Юн Сок Ёлю. 14 снежня 2024 года. Фота: 대한민국국회 / X
podpis źródła zdjęcia

Выканальнік абавязкаў прэзідэнта адмовіўся прызначаць дадатковых суддзяў у Канстытуцыйны суд, які мае разглядаць імпічмент папярэдняга прэзідэнта, таму парламент адхіліў і выканальніка абавязкаў.

Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль падчас абвяшчэння ваеннага становішча. Сеул, Паўднёвая Карэя. 3 снежня 2024 года. Фота: South Korean Presidential Office via Getty Images
Следчыя Паўднёвай Карэі хочуць затрымаць прэзідэнта. Міністр абароны спрабаваў учыніць суіцыд навіны

Нацыянальны сход Рэспублікі Карэя 27 снежня прагаласаваў за імпічмент выканальніку абавязкаў прэзідэнта Хан Ток Су менш як праз два тыдні па імпічменце прэзідэнта Юн Сок Ёля, піша агенцтва «Yonhap».


Прэзідэнту абвясцілі імпічмент 14 снежня. Гэта ўдалося з другога разу. Юн Сок Ёль 3 снежня увёў ваеннае становішча і збіраўся ўчыніць дзяржаўны пераварот, але парламент здолеў скасаваць ваеннае становішча – і вайскоўцы паслухаліся на тле масавых пратэстаў. Прэзідэнт прасіў прабачэння, першая спроба імпічменту правалілася, не хапіла пяці галасоў да неабходных двухсот (дзвюх трацінаў). Адна пасля наступных выказванняў прэзідэнта апазіцыйная Дэмакратычная партыя здабыла падтрыманне часткі кіроўнай партыі «Сіла народу» і з другой спробы абвясціла імпічмент.


На пасаду выканальніка абавязкаў прэзідэнта заступіў прэм’ер-міністр Хан Ток Су. Адхіленне прэзідэнта мае разглядзець Канстытуцыйны суд. Для таго каб адхіліць прэзідэнта, трэба шэсць з дзевяці галасоў суддзяў, але на гэты момант у Канстытуцыйным судзе агулам толькі шэсць суддзяў – адзін голас супраць можа ўратаваць Юн Сок Ёля.


Дэмакратычная партыя растлумачыла хадайніцтва аб імпічменце выканальніка абавязкаў прэзідэнта тым, што той адмовіўся прызначаць дадатковых суддзяў у Канстытуцыйны суд. За ягонае адхіленне прагаласавалі 192 дэпутаты, і гэтага хапіла: для зняцця з пасады выканальніка абавязкаў дастаткова галасоў паловы дэпутатаў парламенту. Кіроўная партыя не падтрымала імпічменту, а Хан Ток Су пагадзіўся паважаць рашэнне парламенту, але сказаў, што будзе чакаць пастановы Канстытуцыйнага суда.


Гэта чацвёрты раз, калі Паўднёвая Карэя здымае кіраўніка дзяржавы праз імпічмент, але першы раз, калі імпічмент абвяшчаюць выканальніку абавязкаў прэзідэнта.


Наступным выканальнікам абавязкаў прэзідэнта стаўся беспартыйны міністр фінансаў, віцэ-прэм’ер Чхой Санг Мок. Ён паабяцаў, што засяродзіцца на стабілізацыі сітуацыі ў дзяржаве, і папрасіў прабачэння за тое, што ў складзе Кабінету міністраў «рабіў унёсак у цяперашні хаос».


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10