навіны

100 гадзін на «Берасце – Тэрэспаль». Што адбываецца на мяжы?

Пункт пропуску «Берасце», чарга на ўезд у Беларусь
Пункт пропуску «Берасце», чарга на ўезд у Беларусь. 30 красавіка 2025 года. Фота: Gpk.gov.by
podpis źródła zdjęcia

Пасля Вялікдня на мяжы з Польшчай утварылася гіганцкая чарга, якая за 10 дзён не знікла, але крыху змяншаецца. На межах з Літвой і Латвіяй такой праблемы няма.

Рафал Тшаскоўскі на сустрэчы з прыхільнікамі. Коньске, Польшча. 11 красавіка 2025 года. Фота: NurPhoto / Getty Images
Фаварыт прэзідэнцкай гонкі ў Польшчы назваў мяжу з Беларуссю «мяжою паміж дэмакратыяй і дэспатыяй» навіны

Што ў афіцыйных крыніцах


Паводле Памежнага камітэту Беларусі, чэргі на выезд з Беларусі 30 красавіка такія:


• «Грыгараўшчына – Патэрніекі» (Латвія). Няма чаргі легкавікоў і аўтобусаў, у чарзе цяжкавікоў – 400 аўтаў.


• «Каменны Лог – Мядзінінкай» (Літва). Няма чаргі легкавікоў і аўтобусаў, у чарзе цяжкавікоў – 410–430 аўтаў.


• «Беняконі – Шальчынінкай» (Літва). Няма чаргі легкавікоў і аўтобусаў, у чарзе цяжкавікоў – 460–470 аўтаў.


• «Берасце – Тэрэспаль» (Польшча). У чарзе 1210 легкавікоў (апоўначы было 1440) і 10 аўтобусаў (апоўначы было 50). Паводле Памежнага камітэту, найбольшыя чэргі легкавікоў былі ў ноч з 26 на 27 красавіка – да 1865 машынаў; 27 і 28 красавіка чарга аўтобусаў дасягала 110.


• «Казловічы – Кукурыкі» (Польшча). «Грузавы» пераход, чаргі няма з 16:00 29 красавіка.


Паводле польскіх памежнікаў, 30 красавіка на выезд з Польшчы ў Беларусь няма чэргаў: час чакання – нуль хвілінаў.


Паводле літоўскіх памежнікаў, час чакання выезду з Літвы ў Беларусь у Мядзінінкаі такі: да адной гадзіны для аўтобусаў, каля 2159 гадзінаў для цяжкавікоў (іх у чарзе 180), без чакання для легкавікоў. У Шальчынінкаі: да адной гадзіны для аўтобусаў, каля 2159 гадзінаў для цяжкавікоў (іх у чарзе 53), без чакання – для легкавікоў. Звесткі пра «2159 гадзінаў» могуць быць тэхнічнай памылкай: гэтыя лічбы – 36 дзён чакання – даўно не мяняюцца і могуць быць максімальным паказнікам у сістэме.


У латвійскіх памежнікаў лічыльнік не працуе, але паводле грузавога парталу «Cargo.lv», пераходу мяжы ў Беларусь грузавікі могуць чакаць 5 гадзінаў.

Што пішуць у чатах


«Грыгараўшчына – Патэрніекі». Чаргі з Латвіі ў Беларусь няма, з Беларусі ў Латвію, падобна, таксама. Мяжу можна прайсці за гадзіну-паўтары. У чатах абмяркоўваюць тэмы, не звязаныя з чаканнем: якасць дарог каля мяжы і правілы пераходу.


«Каменны Лог – Мядзінінкай». Чаргі з Літвы ў Беларусь амаль няма: некалькі машынаў на пашпартным кантролі. З Беларусі ў Літву, падобна, таксама. Мяжу легкавіком можна прайсці за 50 хвілін, калі пашанцуе, і за 2,5 гадзіны з поўным даглядам і рэнтгенам. Аўтобусы праходзяць мяжу за 3–3,5 гадзіны, дагляд не надта глыбокі – рэчы толькі прапускаюць праз спецыяльны сканер.


«Беняконі – Шальчынінкай». Чаргі практычна няма па беларускі бок мяжы, але карыстальнікі наракаюць на павольную працу літоўскіх памежнікаў: «Беларусаў прайшлі за 20 хвілін, літоўцы трымалі тры гадзіны, проста ніхто не падыходзіў». Адзін з карыстальнікаў піша, што на літоўскім пункце пропуску «10–12 машын на кожным канале», але чаргі перад шлагбаумам няма.

«Грыгароўшчына», чаргі на выезд з Беларусі няма. 30 красавіка 2025 года. Фота: Gpk.gov.by
«Грыгароўшчына», чаргі на выезд з Беларусі няма. 30 красавіка 2025 года. Фота: Gpk.gov.by

«Берасце – Тэрэспаль». З польскага боку чарга легкавікоў ноччу расцягнулася на 600–750 метраў, днём скарацілася амаль да нуля. Адзін з карыстальнікаў праходзіў мяжу з Польшчы ў Беларусь 7,5 гадзіны, але гэта з улікам таго, што дзве гадзіны «віселі» камп’ютары памежнікаў. Яшчэ адзін карыстальнік не наракаў на камп’ютары, але мяжу прайшоў за 8 гадзін 20 хвілін. Ноччу ўтварылася таксама чарга з 12 аўтобусаў, пераход мяжы займаў 5,5–7,5 гадзіны, але днём чарга аўтобусаў практычна знікла.


З беларускага боку – гіганцкі час чакання для легкавікоў. Цяпер мяжу пачынаюць пераходзіць тыя, хто зарэгістраваўся ў зону чакання 26 красавіка. Адзін з карыстальнікаў расказвае, што зарэгістраваўся ў зоне чакання яшчэ вечарам 25 красавіка, толькі ноччу 30-га выехаў у Польшчу, на чаканне і пераход мяжы пайшло больш за 100 гадзінаў. Другому больш пашанцавала: час чакання выкліку – 90 гадзін, час уласна пераходу – яшчэ 6. Трэці чакаў выкліку з зоны чакання амаль роўна чатыры дні, праехаў мяжу за 5 гадзін і застаўся шчаслівы такім хуткім падарожжам. Чацвёрты чакаў 95 гадзін, сумарна на пераход мяжы пайшла 101 гадзіна. Аўтобусам уласна пераход мяжы займае каля 8 гадзінаў, чарга – дзясятак-другі аўтобусаў, а чаканне можна скараціць перасадкай у бліжэйшы да шлагбауму аўтобус, цана – 100 рублёў.


Чаму ўтварылася такая чарга з Беларусі ў Польшчу, у чатах амаль не абмяркоўваюць. Адзін карыстальнік нават абураецца: маўляў, і што такога, «раней у абменнікі пераклічка была, соднямі стаялі, усё прайшло». Памежны камітэт Беларусі вінаваціць у чэргах польскі бок: сцвярджае, што Польшча прапускае толькі 22 % легкавікоў і 32 % грузавікоў ад нормы, а норма пропуску ў Тэрэспалі – 1700 легкавікоў і 1200 грузавікоў за дзень. Польскі бок працяглы час тлумачыць, што прапускае менш за норму з прычыны занятасці памежнікаў барацьбой са штучна створаным уладамі Беларусі міграцыйным крызісам.


Сістэма з рэгістрацыяй у зоне чакання і выклікам на пераход мяжы дазваляе не начаваць у машыне, а чакаць выезду ў Берасці. Ды з гэтым таксама могуць узнікнуць праблемы: трэба шукаць месцы ў гатэлях (электронныя сэрвісы ў гэтым на момант публікацыі не дапамагаюць) або здымаць кватэру (самая мінімальная цана на наступную ноч – 80 рублёў).


***


У Беларусі выходнымі днямі былі 27, 28 і 29 красавіка, 30 красавіка – працоўны дзень, затым выходны 1 траўня, зноў праца 2-га, выходныя 3 і 4 траўня, чатыры працоўныя дні, выходныя 9, 10 і 11-га. Можна чакаць, што пэўная частка беларусаў, хто мае візы, захоча паехаць у Еўразвяз, а беларусы з эміграцыі заплануюць паездкі дадому. 


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10