Былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк выступіла з экстранным зваротам да беларусаў і міжнароднай супольнасці. Яна паведаміла, што Вікторыя Кульша, якая цяпер утрымліваецца ў СІЗА № 3 у Гомлі, распачала шостую галадоўку – гэтым разам бестэрміновую.
Паводле Шарэнды-Панасюк, Вікторыя заявіла, што працягне галадоўку да вызвалення або «да канца».
«Яна выглядала як жывы нябожчык: бляклага колеру скура, моцна схуднелая, ледзьве ішла, у яе быў вялізны ацёк твару», – піша Шарэнда-Панасюк.
Вікторыя Кульша падпадае пад крымінальны пераслед ужо пяты раз. На яе чарговы раз завялі справу паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу (« Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі»). Гэта ўжо чацвёртая такая справа супраць Вікторыі.
Як распавядае Шарэнда-Панасюк, перад чарговым этапам у студзені 2025 года Кульшу кінулі ў штрафны ізалятар на 60 дзён, дзе яе, паводле сведчанняў, трымалі пры адкрытай фортцы на марозе, а па сценах «адрамантаванай» камеры сцякала вада.
«Яшчэ ў калоніі Вікторыя сказала мне, што ў выпадку новага абвінавачвання яна зноў абвесціць галадоўку і гэтым разам пойдзе да канца. Я ведаю, што, нягледзячы на ўтойванне праз рэжым інфармацыі аб сітуацыі з Вікторыяй Кульшой, яна знаходзіцца ў крытычна цяжкім псіхалагічным і фізічным стане», – піша жанчына.
За гады зняволення, паводле звестак, Вікторыя Кульша перанесла некалькі галадовак, шпіталізацыі, катаванні ізаляцыяй і нават спрабавала здзейсніць самагубства. Замест дапамогі яна атрымлівала карныя меры: штрафны ізалятар, судовы пераслед, псіхіятрычныя экспертызы.
«Але да гэтага суда Вікторыя Кульша можа проста не дажыць! Яна працягвае барацьбу і адмаўляецца ісці на якое-кольвек супрацоўніцтва з хунтаю: прызнаваць віну, здраджваць актывістаў, дэзынфармаваць грамадскасць здымкамі ў "пакаянных" відэа. Гэта яе прынцыповы выбар... Вікторыя Кульша можа стаць першай жанчынай палітзняволенай, якая загіне ў лукашысцкіх засценках! Яе імаверная гібель, безумоўна, будзе на сумленні акупацыйнага рэжыму, ягоных катаў, на сумленні кожнага калабаранта! Але гэтае забойства можа адбыцца на нашых вачах! Ці мы дапусцім яго?!» – гаворыцца ў звароце.
Паліна Шарэнда-Панасюк заклікае беларускую і міжнародную супольнасць, палітыкаў, дыпламатаў і журналістаў зрабіць усё магчымае для ратавання Вікторыі Кульшы.
Нагадаем, інжынерку аховы працы Вікторыю Кульшу затрымалі 4 лістапада 2020 года за адміністраванне тэлеграм-чату «Водители 97% Минск». Яе абвінавацілі паводле ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). У лютым 2021 года Вікторыю засудзілі на два з паловай гады калоніі і накіравалі адбываць тэрмін у жаночую калонію № 4 у Гомлі.

Пазней Вікторыю тройчы судзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК, агулам прысудзіўшы тры гады пазбаўлення волі. Увесь час зняволення на жанчыну ціснуць. Паводле звестак праваабаронцаў, у Зарэчанскай калоніі № 24 адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Праз галадаванне ў яе двойчы адбыўся сэрцавы прыступ.
На пачатку лютага 2025 года былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк распавяла апошнія навіны пра Вікторыю. Паводле Паліны, жанчыну чарговы раз перавялі ў ПКТ пасля некалькіх тыдняў у ШІЗА:
«У Вікторыі Кульшы, напэўна, ужо адмовілі ныркі. Яна трымала галадоўкі літаральна месяцамі, адмаўлялася ад вады і ежы. Яна рэзала сабе вены. І з гэтым яе кідалі ў ШІЗА – яна ў ШІЗА рэзала сабе вены. Яна ў ПКТ трымала галадоўкі. Адмаўлялася ад дапамогі лекараў».
Што стаіць за пераследам Вікторыі Кульшы
Сітуацыя з Вікторыяй Кульшай – тыповы прыклад ужывання артыкулу 411 КК у якасці помсты за прынцыповасць. У Беларусі гэты артыкул усё часцей выкарыстоўваецца для падаўлення тых, хто нават за кратамі адмаўляецца «пакаяцца», супрацоўнічаць з адміністрацыяй або маўчаць пра катаванні.
Праваабаронцы ўжо неаднаразова звярталі ўвагу на тое, што арт. 411 КК ператварыўся ў палітычны інструмент дабівання нязломных. Толькі за апошнія месяцы дзясяткі палітвязняў атрымалі новыя тэрміны «за непадпарадкаванне» – насамрэч за грамадзянскую мужнасць.
Гэтая гісторыя небяспечная яшчэ і тым, што пераслед носіць ужо не толькі юрыдычны, але і фізічны характар. Паводле апісанняў, сістэма мэтанакіравана вядзе жанчыну да фізічнага знішчэння. Гэта парушэнне Канвенцыі супраць катаванняў, Канстытуцыі Беларусі і ўсіх асноўных прынцыпаў гуманнага абыходжання з асуджанымі.
Надзея Вольная belsat.eu