Меркаваннi

«У 2020-м каля Палацу Незалежнасці не пакістанцы бегалі...» А калі б яны?

Сілы бяспекі Пакістану аглядаюць пашкоджаныя аўтамабілі пасля выбуху ў Кўэце. Прынамсі 4 асобы, сярод іх 2 паліцыянты, загінулі, некалькі атрымалі раненні ў выніку тэракту. Кўэта, Пакістан. 10 красавіка 2023 года. Фота: Mazhar Chandio / Anadolu Agency via Getty Images
Сілы бяспекі Пакістану аглядаюць пашкоджаныя аўтамабілі пасля выбуху ў Кўэце. Прынамсі 4 асобы, сярод іх 2 паліцыянты, загінулі, некалькі атрымалі раненні ў выніку тэракту. Кўэта, Пакістан. 10 красавіка 2023 года. Фота: Mazhar Chandio / Anadolu Agency via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Ах, як жа гэта дакладна сказана! Сапраўды, не пакістанцы, а... лекары, настаўнікі, праграмісты, пенсіянеры – тыя самыя людзі, якім і ў галаву не магло прыйсці, што «так можна» – прайграўшы выбары, закатаць у асфальт мірных пратэстоўцаў, народ, які ўсяго толькі хацеў, каб ты проста сышоў. Людзей, якія хацелі спакойна пажыць без цябе. А калі б гэта былі пакістанцы? Давайце ўявім.

За 10 месяцаў 2024 года ў Пакістане здзейснена без малога 800 тэрактаў (785), у выніку якіх загінуў 951 чалавек. Толькі ў жніўні 2024 года зафіксавана 59 тэрактаў, што на 21 больш, чым у жніўні 2023-га, гэта значыць, яны здараліся двойчы на дзень. Рэгулярна, раніцай і ўвечары.


Як яно? Гэта нават не Чачэнія, не пуцінскі кухар Прыгожын і не «Крокус Сіці Хол», гэта значна больш страшна. Гвалт як штодзённы элемент жыцця.


30 студзеня 2023 года смяротнік пракраўся ў мячэць, якая ахоўвалася, у паліцэйскім комплексе ў правінцыі Пешаўар і падарваў сябе падчас малітвы. Унутры былі ў асноўным паліцыянты і вайскоўцы. У выніку – больш за 100 загінулых, каля 225 параненых. Выпадак не адзінкавы, амаль шараговы.

Расследаванне на месцы злачынства пасля выбуху бомбы на чыгуначнай станцыі, у выніку якога загінулі як найменей 26 чалавек і 46 атрымалі раненні. Кўэта, Пакістан. 9 лістапада 2024 года. Фота: Mazhar Chandio / Anadolu via Getty Images
Расследаванне на месцы злачынства пасля выбуху бомбы на чыгуначнай станцыі, у выніку якога загінулі як найменей 26 чалавек і 46 атрымалі раненні. Кўэта, Пакістан. 9 лістапада 2024 года. Фота: Mazhar Chandio / Anadolu via Getty Images

Гэта вам не пратэст мяккацелых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і акулярыстых сацыёлагаў. Гэта вельмі не падобна да ўсяго, што калі-небудзь бачыла Беларусь. «Аль-Каіда», філіялы «Ісламскай дзяржавы», мясцовы «Талібан» (не блытаць з афганскім) і куча рэгіянальных больш вадкіх груповак – толькі афіцыйная іх колькасць пераваліла за 70. Актыўных баевікоў у асноўных групоўках не менш за 40 000 чалавек.


Мы сапраўды хочам з імі пазнаёміцца бліжэй? Ці мы ведаем, як зрабіць, каб яны дакладна не прыехалі?


Так хіба ж спецслужбы іншых дзяржаваў таксама ведаюць (гэта ж мы ў іх вучымся, а не яны ў нас), але, тым не менш, нешта ўвесь час прапускаюць, рэгулярна дзесьці штосьці «начыненае выбухоўкаю ўзрываецца», хтосьці «ўразаецца на аўтамабілі» ў натоўп, адбываюцца і іншыя падобныя жахі…


Наш вялікі геастратэг выказаў здагадку, што калі на 1000 беларусаў будзе 60–100 замежнікаў, нічога страшнага не здарыцца. Ну-ну... 10 % мігрантаў – гэта ўзровень Францыі. Той самай Францыі, якую рэгулярна паказваюць на беларускім тэлебачанні, калі патрэбны прыклад для рубрыкі «Паглядзіце, што робяць мігранты».


І нам жа гэтыя людзі, прыезджыя, патрэбныя не праз 5–10 гадоў, а сёння. Гэта значыць, працэс мусіць быць практычна аднамомантавы. Уявіце наступствы. Для параўнання: цяпер найбольшая колькасць мігрантаў прыехала ў Беларусь з постсавецкага Туркменістану, дзе і заробак у паўтара разу вышэйшы, і некаторыя сацыяльныя дасягненні ўсё ж такі засталіся з часу СССР.

,,

Некаторыя. Накшталт права жанчыны не быць забітай за адмову выходзіць замуж за чалавека, якога ёй падабралі сваякі. Дзіка гучыць? Вам гэта падаецца перабольшваннем?


Зноў звернемся да статыстыкі. У 2024-м такіх забойстваў у Пакістане было каля 1000. Не, у лічбе няма памылкі. Пры гэтым улічаныя толькі больш-менш зафіксаваныя выпадкі – рэальнасць значна горшая.


Гэтая традыцыя называецца «забойства гонару». У адпаведнасці з ёй, сваякі могуць забіць дзяўчыну за ўсё, што з іхнага гледзішча падасца непрыстойным, паводзінамі, якія ганьбяць сям'ю. Самастойны выбар мужа ўваходзіць у гэтае паняцце. Таксама былі ў 2024 годзе выпадкі, калі жанчын забівалі за «сумнеўны характар», актыўнасць у сацыяльных сетках або за тое, што яны сышлі з дому.


Забіваюць сваякі, бацькі. І гэта лічыцца сацыяльна прымальным, паліцыя ставіцца да такога з «разуменнем»... Так, гэта тыя самыя бедныя семʼі, якія павінны да нас прыехаць і падымаць нашу сельскую гаспадарку.


Ніхто да нас, вядома, не прыедзе, усё гэта глупства. Чарговая спроба развязаць складаную праблему простымі сродкамі, на ўзроўні «адабраць і падзяліць». Іх было ўжо ўдосталь. Мы і кітайцаў у «Вялікі камень» запрашалі ў колькасці 250 000 чалавек, і кавуны вырошчвалі, і газ у Іране пампавалі, і нафту морам з Венесуэлы вазілі. Цяпер вось майнінгам збіраемся заняцца, каб АЭС загрузіць. А яшчэ вось гэта, пакістанцы...


Можа быць, усё ж такі прасцей з атмасферай у краіне нешта зрабіць? Выпусціць палітвязняў, абвясціць амністыю ўсім паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў, прызнаць перагібы, спыніць удзел у вайне. Перастаць пагражаць сваім – і, магчыма, свае вернуцца? Можа, так усё ж больш надзейна, чым займацца сацыяльнымі эксперыментамі?

/ ІР


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10