навіны

Суд у ЗША абавязаў адміністрацыю Трампа выплаціць 12 мільёнаў долараў радыё «Свабода»

Офіс радыё «Свабода» ў Празе, Чэхія.
Офіс радыё «Свабода» ў Празе, Чэхія. Фота: rferl.org
podpis źródła zdjęcia

Федэральны суд у Вашынгтоне пастанавіў, што ўрад ЗША не можа аднаасобна скасаваць фінансавання, ухваленага Кангрэсам. Гаворка ідзе пра 12 мільёнаў долараў, якія павінны быць пералічаныя міжнароднай медыякампаніі радыё «Свабода».

Такую пастанову прыняў суддзя Ройс Лэмбэрт, задаволіўшы запыт радыё «Свабода» аб увядзенні забароны на спыненне фінансавання. Паводле суда, прэзідэнцкая адміністрацыя парушыла прынцыпы падзелу ўладаў, калі спыніла пералік сродкаў, ужо ўхваленых Кангрэсам.


Паводле прадстаўнікоў медыякампаніі, раней адміністрацыя Доналда Трампа фактычна паралізавала працу радыё «Свабода»: былі скасаваныя кантракты з пазаштатнымі журналістамі, затрымліваліся аплаты арэнды, а 122 работнікі страцілі працу.


«Калі фінансаванне не будзе адноўленае, з 1 траўня будуць скасаваныя новыя кантракты і звольнена яшчэ больш працаўнікоў», – заявілі юрысты радыё «Свабода».


У сваю чаргу ўрад ЗША настойвае, што справа павінна разглядацца ў Федэральным прэтэнзійным судзе, які займаецца фінансавымі спрэчкамі.


Агулам, да кастрычніка 2025 года радыё «Свабода» павінна атрымаць ад федэральнага ўраду яшчэ 77 млн долараў – гэта сума, зацверджаная Кангрэсам на дзейнасць медыя. Цяпер пастанова суда змяншае магчымасць адміністрацыйнага ціску на медыяпраект, які грае важную ролю ў інфармацыйным полі для краінаў постсавецкай прасторы, у тым ліку і для Беларусі.


Нагадаем, 14 сакавіка Доналд Трамп падпісаў указ аб скарачэнні дзейнасці Агенцтва ЗША ў справе глабальных медыяў (USAGM). Тады радыё «Свабода» паведамілі, што фінансаванне спыняецца.


У адміністрацыі Трампа выдаткі на радыё «Свабода» назвалі неэфектыўным выкарыстаннем сродкаў. Пасля ўказу радыё «Свабода» падало ў суд з патрабаваннем аднавіць фінансаванне.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10