Лясны пажар, што пачаўся ў раёне Галівудскіх узгоркаў 7 студзеня, ужо называюць самым дарагім у гісторыі ЗША. Страты ад яго могуць перавысіць рэкордныя дваццаць мільярдаў долараў, піша выданне «Financial Times». Большасць людзей, дамы якіх знішчыў агонь, цяпер хвалююцца: ці хопіць на ўсіх страхавых выплатаў? І непакой гэты мае падставы.
«Глядзець у жывым эфіры, як твой дом дашчэнту згарае, – гэтага ніхто не мусіць зазнаваць»
Праз пяць дзён пажар знішчыў не менш як 10 тыс. будынкаў у Лос-Анжэлесе, з іх больш за палову – у прэстыжным раёне «Pacific Palisades». Яшчэ 15 тыс. будынкаў застаюцца пад пагрозаю. Пажарныя сутыкнуліся з нястачаю вады, а моцны шторм раздзьмуў пажар да такіх маштабаў, што калі ўжо агонь дабіраўся да будынку, ён пакідаў пасля сябе адно вуголле.
Паселішча «Pacific Palisades» у Лос-Анджэлесе размешчанае паміж прыбярэжнымі мястэчкамі Санта-Моніка і Малібу, і даўно аблюбаванае галівудскімі зоркамі, музыкамі, бізнесоўцамі і палітыкамі. Гэта мясціна з самай дарагой нерухомасцю ў ЗША, дзе сярэдні кошт дому складае каля 3,1 млн долараў.
Са звестак таблоідаў TMZ і «Page Six», агонь ужо знішчыў дамы актораў Энтані Гопкінза, Джона Гудмэна, Білі Крыстала, Мэндзі Мур і Джэфа Брыджэса.
Таксама згарэў адзін з дамоў амерыканскай свецкай ільвіцы Пэрыс Гілтан, які тая набыла ў 2021 годзе за 8 млн долараў.
«Сядзець з сям’ёй, глядзець навіны і бачыць у жывым эфіры, як наш дом у Малібу згарае дашчэнту, – гэта тое, чаго ніхто не мусіць зазнаваць», – заявіла яна ў сваім інстаграм-акаўнце.

Сталыя прыродныя катаклізмы прывялі да таго, што прыватныя страхавыя кампаніі пастанавілі згортвацца
У сувязі з пажарамі гарадскія ўлады закрылі доступ да славутага знаку Галівуду на ўзгорках Лос-Анджэлесу, адмянілі ўручэнне прэміі «Critics Choice Awards» і перанеслі абвяшчэнне намінантаў на прэмію «Оскар». Ды зрэшты, усё гэта дробязі: сама меней 10 асобаў загінулі, а многія людзі страцілі свае дамы. І гэта ўсё – пры адсутнасці нармальных страховак.
Рэч у тым, што многія домаўладальнікі ў густанаселенай Каліфорніі не могуць дазволіць сабе адэкватнага страхавога пакрыцця, а тыя, у каго нерухомасць была застрахаваная, рызыкуюць збанкрутаваць страхавальнікаў, з увагі на маштаб пажараў і кошт маёмасці.
Мясцовасць лічыцца не толькі самай дарагой для куплі нерухомасці, але яшчэ і «падлеглай кліматычным катастрофам» – сталым пагрозам тарнада, штормаў, затапленняў і пажараў. Напрыклад, з 20 самых разбуральных лясных пажараў у гісторыі штату не менш як 16 адбылося пасля 2015 года.
Нягледзячы на ўсё гэта, страхоўкі ў Каліфорніі былі аднымі з самых даступных, з увагі на кошт самога жытла, кажа аналіз «Reuters» – каля 2, 2 тыс. долараў. Дзяржава доўгі час стрымлівала цэны, што адпужвала страхавальнікаў: буйныя страхавальнікі накшталт «Allstate», «State Farm» і «Farmers Insurance» паступова спынялі продаж новых полісаў і скарачалі колькасць кліентаў.У выніку з 2022 года 7 з 12 найбуйнейшых на рынку страхавых кампаніяў Каліфорніі або прыпынілі, або абмежавалі выдачу новых полісаў у штаце. Зрэшты, сістэма страхавання кульгае не толькі ў Каліфорніі: прыватныя страхавальнікі са зменай клімату ідуць з Караліны, Нью-Мексіка, Аклагомы, Гаваяў ды іншых нявыгадных ім штатаў.
Каля 70 % полісаў у зоне «Pacific Palisades» найбуйнейшая кампанія «State Farm» скасавала да ліпеня 2024 года – і многім жыхарам давялося задаволіцца базавай дзяржаўнай страхоўкай ад пажараў «FAIR Plan» або наогул жыць без страхоўкі.

Ці вытрымаюць страхавыя кампаніі?
Да катастрофы адзін з 7 дамоў у дарагім «Pacific Palisades» быў застрахаваны праз дзяржаўны «FAIR» – асацыяцыю страхавання ад пажараў, піша «CBS News».
,,«Кожная кампанія, што працуе ў Каліфорніі, мусіць рабіць унёсак у выдаткі плану прапарцыйна сваёй долі на рынку ў штаце. Сярэдні кошт такога дзяржаўнага полісу – каля 3,2 тыс. долараў, што ўдвая перавышае звычайную страхоўку ў Каліфорніі. Пры гэтым яна мае ліміт кампенсацыі, 3 млн долараў, і не пакрывае рэальнага кошту дому».
Ці выжывуць страхавыя кампаніі пасля такіх кампенсацыяў – пытанне адкрытае
Выданне «The Washington Post» падлічыла, што пасля ўрагану Іян у Флорыдзе ў 2022 годзе каля дзясятка страхавых кампаніяў збанкрутавала, а тысячы ўладальнікаў нерухомасці засталіся ў роспачы.
У сакавіку 2024-га прэзідэнтка «FAIR Plan» Віктор’я Роўч заявіла, што кампанія небяспечна перагружаная: тут нясуць адказнасць за 300 млрд долараў патэнцыйных стратаў, на пакрыццё якіх ёсць толькі 200 млн долараў «лішкаў».
«Нам застаўся ўсяго толькі адзін пажаранебяспечны сезон, і мы апынёмся ў поўнай неплатаздольнасці. У многіх адносінах гэта падобна да вялікай авантуры», – казаў у сакавіку 2024 года Джым Ўуд, дэмакрат з акругі Саноўма.
Але ўладальнікі самых дарагіх аб’ектаў нерухомасці, відаць, не разлічваюць на «FAIR Plan» праз ліміт пакрыцця, зазначае прэзідэнт некамерцыйнай арганізацыі «Consumer Watchdog» Джэймі Корт. З ягоных словаў, страты ад пажараў будуць значнымі, «але гэтага недастаткова, каб вывесці са строю галіну або закрыць «FAIR Plan».

Тэрміновыя змены на страхавым рынку і канец танным полісам у «Pacific Palisades»
Каб не пагоршыць крызіс на страхавым рынку ды не пакінуць з нічым як уладальнікаў дамоў, так і страхавальнікаў, улады сталі прымаць новыя пастановы, датычныя страхавання нерухомасці ў кліматычна небяспечных мясцінах.
Дзяржаўны камісар страхавання Рыкарда Лара абвясціў, што страхавальнікам забяспечаць павышэнне ставак, улік кліматычных рызык і выдаткаў на перастрахаванне (Каліфорнія – адзіны штат, дзе не было перастрахавання), а ўзамен запатрабуюць увесці страхаванне ў зонах высокай рызыкі.
Канчатковая мэта новых правілаў – вывесці домаўладальнікаў з дзяржаўнага страхавання «FAIR».
Акрамя таго, дзейны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абвясціў пажар буйным стыхійным бедствам – гэта значыць, дзяржава вылучыць грошы для пацярпелых у акрузе Лос-Анджэлес.
«У дапамогу могуць уваходзіць гранты на часовае жытло і рамонт дамоў, недарагія крэдыты для пакрыцця стратаў незастрахаванай маёмасці ды іншыя праграмы, каб дапамагчы прыватным асобам і ўладальнікам бізнесу акрыяць ад наступстваў стыхійнага бедства», – заявіў Белы дом.
Віцэ-прэзідэнт страхавання ў «Morningstar» Патрык Дувіль зазначае, што страхавальнікі стануць прапаноўваць пакрыццё ў Каліфорніі, якая ёсць адным з самых прыбытковых рынкаў у краіне. Але наўрад ці яны змогуць прапанаваць даступныя полісы ў такіх раёнах, як «Pacific Palisades»: гэта будзе рызыкоўна нават пасля таго, як цяперашні пажар аціхне.
«Страхавальнікам патрэбная выпадковасць», – кажа ён. – Калі мішэнню заўсёды робяцца адны і тыя ж людзі, трэба спаганяць з іх астранамічную прэмію».
Тэса Анэйда belsat.eu