Удзел беларускіх уладаў у вайне Расеі супраць Украіны не абмяжоўваецца дэпартацыяй украінскіх дзяцей і дапамогай вайскоўцам з лагістыкай. Паводле звестак, што трапілі ў распараджэнне нашых калегаў з «Вот ак», зняволеных у калоніях масава прымушаюць працаваць на карысць расейскай арміі. Яны збіраюць дзясяткі тысяч скрыняў для боепрыпасаў, шыюць форму і дапамагаюць у вытворчасці каркасаў для ракет. Былыя зняволеныя з пяці калоніяў кажуць, што гэтыя дзеянні носяць сістэмны характар.
Як гэта адбываецца ў бабруйскай калоніі
У пачатку жніўня 2020 года, адразу пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, у Беларусі пачаліся масавыя пратэсты. Ужо 9 жніўня ў Берасці АМАП сярод іншых пратэстоўцаў затрымаў Івана Ракіця. Яго абвінавацілі ў тым, што ён ударыў па твары падпалкоўніка міліцыі, і ў сакавіку наступнага года адправілі на 2,5 гады ў калонію. Ракіць трапіў у ПК-2 у Бабруйску Магілёўскай вобласці.
«У калоніі на «промцы» (прамысловая зона. – Рэд.) я працаваў у пякарні, – распавёў «Вот Так» былы палітвязень, які знаходзіцца цяпер за межамі Беларусі. – Там працу выбіраюць табе, а не ты сам. У швейным цэху шылі «разгрузкі» (разгрузачныя камізэлькі – вайсковая экіпіроўка для эрганамічнага размеркавання па целе боепрыпасаў, узбраення і ўсяго неабходнага. – Рэд.). Спачатку было незразумела, куды гэта ідзе, але потым, калі вырабы сталі выпускаць дзясяткамі тысяч, ніхто і не хаваў, што гэта – для расейскай арміі. Быў вельмі вялікі заказ на скрыні для снарадаў у цэху дрэваапрацоўкі. Аднойчы быў выпадак, калі партыю скрыняў забракавалі і імі тапілі печкі ў калоніі».
,,«У 2022–2023 гадах была вялікая замова на вайсковыя шаўроны», — распавёў Ракіць і выказаў здагадку, што яны таксама прызначаліся для расейскай арміі.
Словы Івана пра тое, што ў бабруйскай калоніі выраблялі рэчы для расейскага войска як да пачатку поўнамаштабнай вайны, так і падчас яе, пацвердзіў яшчэ адзін былы палітвязень – Алег Кулеша, які адбываў там пакаранне. Яго затрымалі ў чэрвені 2021 года па справе «берасцейскіх карагодаў», калі пратэстоўцаў, што перакрылі 13 верасня 2020 года вуліцы ў Берасці, разагналі вадамётамі. Кулешу накіравалі ў калонію на 1 год і 7 месяцаў, і да вызвалення ў верасні 2022 года ён знаходзіўся ў ПК-2. Ён таксама распавёў «Вот Так», што ў калоніі масава рабілі скрыні для боепрыпасаў для расейскай арміі.
Скрыні для снарадаў і ракетаў сістэмы «Град» выраблялі, як высветліў «Вот Так», і ў іншых беларускіх калоніях.

Што яшчэ робяць у калоніях для расейскай арміі
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі дакументуе прымяненне гвалту і іншыя парушэнні правоў чалавека ў краіне, у тым ліку прымусовую працу ў калоніях, у асноўным апытваючы былых зняволеных. Экспертка Таццяна А. (імя змененае на яе просьбу ў мэтах бяспекі сваякоў, што засталіся ў краіне) распавяла «Вот Так», што зняволеных прымушалі рабіць скрыні для боепрыпасаў як мінімум яшчэ ў дзвюх калоніях: ПК-3 у Віцьбе і ПК-1 у Наваполацку Віцебскай вобласці.
Як мяркуецца, у Гомельскай ПК-4 таксама шылі вайсковую форму для расейскай арміі. Прынамсі адна з былых зняволеных распавядала, што ў швейным цэху іх прымушалі шыць вайсковыя нагавіцы. Але ўдакладніць, для каго яны прызначаліся, не ўдалося.
Пра тое, што ў беларускіх калоніях прымушаюць працаваць на расейскую армію, заяўляла і праваабарончая арганізацыя «Прававая ініцыятыва» на аснове апавяданняў былых палітвязняў, з якімі праводзілі інтэрв'ю. Праваабаронцы сцвярджаюць, што скрыні для снарадаў расейскіх рэактыўных сістэмаў залпавага агню «Град» выраблялі ў цэху дрэваапрацоўкі ПК-9 у Горках Магілёўскай вобласці.

«Робяць скрыні для снарадаў расейскай арміі, у прыватнасці для ракетаў «Град». Гэтага ніхто нават не хавае. Ёсць велізарная замова, і зняволеных прымушаюць яго рабіць», – распавёў «прававой ініцыятыве» адзін з былых сядзельцаў горацкай калоніі. Прадстаўніца арганізацыі Анастасія Б. (імя зменена па ейнай просьбе ў мэтах бяспекі) пацвердзіла, што эксперты сустракаліся са зняволенымі і запісвалі іх апавяданні.
Але акрамя звыклых скрынь для боепрыпасаў у горацкай калоніі, са слоў былога зняволенага, выраблялі і самі боепрыпасы без выбухованебяспечнага начыння. Работы праводзіліся ў засакрэчаным цэху пад узмоцненай аховай, пабудаваным у канцы 2023-га – пачатку 2024 года. Палітычных зняволеных туды не дапускалі, а працы ішлі ў дзве змены. Па словах зняволенага, якога апыталі эксперты «Прававой ініцыятывы», у тым цэху збіралі і фарбавалі каркасы для ракетаў без баявой часткі.
Пра маштабы магчымага выкарыстання працы беларускіх зняволеных можна меркаваць па афіцыйных звестках. У крымінальна-выканаўчай сістэме МУС Рэспублікі працуюць 15 прадпрыемстваў, чатыры філіялы і дзевяць майстэрняў. Паводле звестак сайта Дэпартаменту выканання пакаранняў, толькі ў дрэваапрацоўцы працуе 8000 зняволеных. Часцей за ўсё менавіта на гэтай вытворчасці вырабляюць скрыні для боепрыпасаў.
Ці можна адмовіцца ад працы і чым гэта пагражае зняволеным
Зняволеныя сведчаць, што адмовіцца ад працы ў калоніі фактычна немагчыма.
«Не хочаш працаваць – будзеш сядзець у ШІЗА, потым у ПКТ (асобная камера для ўтрымання ў вельмі жорсткіх умовах. – Рэд.), а потым з'едзеш на дадатковы тэрмін па 411-м артыкуле (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. – Рэд»)», – распавёў «Вот Так» былы зняволены Іван Ракіць.
Акрамя рэпрэсіяў за адмову працаваць пакаранні могуць чакаць і за публічную нязгоду з дзяржаўнай прапагандай, якую распаўсюджваюць у калоніі.
,,«Калі ты хоць неяк пакажаш, што не згодны з тым, што гавораць па тэлевізары – адразу ж ШІЗА. А там сядзець ніхто не хоча», – кажа Ракіць.
За размовамі між зняволенымі сочаць не толькі супрацоўнікі калоніі, але і актывісты з ліку зэкаў, якія даносяць аб нелаяльнасці кіраўніцтву. Ракіць не змог прыгадаць выпадкаў, калі зняволеныя змаглі б адмовіцца ад працы, у тым ліку ад выканання замоваў для расейскай арміі, праз нязгоду з вайной, аднак адзначыў, што ў сакавіку 2023 года ў бабруйскай калоніі пастараліся выключыць удзел у такіх працах палітычных зняволеных.

«Адмовіцца чалавек не можа. Толькі па дазволе ад лекара пры наяўнасці інваліднасці. Калі ж чалавек адмовіцца, дык яго з верагоднасцю 100% адправяць у ШІЗА і да яго будуць ужываць псіхалагічны і фізічны гвалт. Пакуль ён не пагодзіцца, яму створаць невыносныя ўмовы», – распавядае экспертка Міжнароднага камітэту па расследаванні катаванняў у Беларусі Таццяна А.
Праз прымусовы характар яна называе працу зняволеных фактычна рабскай.
«Пасля таго як зняволены трапляе ў калонію, яго накіроўваюць у каранцін, потым яго размяркоўваюць у атрад і цэх. Пры гэтым ад чалавека нічога не залежыць, усё вырашае кіраўніцтва. Палітвязні адзначаюць, што іх накіроўваюць на больш складаныя і «чорныя» працы. Пасля размеркавання чалавек замацаваны за цэхам і працай: цэх дрэваапрацоўкі, разборкі металу і іншыя. Калі чалавек адмаўляецца працаваць ці не выконвае нормаў, атрымлівае пакаранне: яго пазбаўляюць перадачы або спаткання, накіроўваюць на пазачарговыя ўборкі і іншае», – распавядае праваабаронца Таццяна А.
Фармальна праца зняволеных аплачваецца. У месяц яны атрымліваюць прыкладна 1–2 беларускія рублі (крыху больш за 0,5 долара).
,,«Гэта робіцца, каб працу нельга было назваць рабскай, бо яна забароненая. Але насамрэч гэта сімвалічная плата, за якую нічога немагчыма купіць», – адзначае Таццяна А.»
«Адзінае, дзе хоць трохі зараблялі на «промцы» – гэта швейны цэх і зваршчыкі», – распавядае Іван Ракіць і адзначае, што ўмовы ўтрымання ў калоніі, калі працуеш у цэхах, былі лепшыя і многія зняволеныя аддаюць перавагу ім замест прапагандысцкіх заняткаў і цяжкай працы па разборцы старых аўтамабільных пакрышак.
Механізму, каб прыцягнуць беларускія ўлады да адказнасці за прымус зняволеных працаваць на патрэбы расейскага войска, відавочна, няма. Нават скаргі ў ЕСПЧ, напрыклад па артыкуле 4 Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека, што забараняе рабства і прымусовую працу, немагчымыя, паколькі Беларусь не з'яўляецца членам Рады Еўропы і не падпісала Канвенцыю. У ЕСПЧ папросту няма юрысдыкцыі ў дачыненні да Беларусі, адзначае экспертка Міжнароднага камітэту па расследаванні катаванняў у Беларусі Таццяна А.
Рэдакцыя «Вот Так» працягне расследаванне тэмы прымусовай працы беларускіх зняволеных для расейскага войска. Калі вы былі відавочцам гэтага, напішыце ў телеграм-бот, і нашы журналісты з вамі скантактуюцца, выконваючы ўсе захады дзеля вашай бяспекі.
Антон Навумлюк для «Вот Так» / ЮК