Гісторыі

«Аднойчы мяне абрабавала паліцыя ў «братэрскай» Венесуэле». Інтэрв’ю з беларусам, які наведаў 51 краіну за тры гады

Крыніца: instagram.com / alex_valacuga
Крыніца: instagram.com / alex_valacuga
podpis źródła zdjęcia

Аляксандар Гойшык пераехаў з Салігорска ў польскі Уроцлаў, а адтуль пачаў свае доўгае падарожжа па свеце. Нядаўна хлопец вярнуўся з трохгадовай вандроўкі і распавёў у праграме Белсату «Тыдзень» пра самыя яскравыя і небяспечныя моманты падарожжа, улюбёныя краіны і далейшыя планы. 

– Саша, ну як табе жыць без руху? Ужо хочацца ўзяць заплечнік і зноў ехаць?


– Я прыехаў два тыдні таму, таму, шчыра кажучы, яшчэ гэтага не зразумеў. Мне яшчэ патрэбны некаторы час, некалькі месяцаў, каб уліцца ў нармальнае жыццё.


– Як змянілася тваё жыццё за апошнія 3 гады?


– За гэты час я сам змяніўся вельмі моцна. Перад падарожжам я лічыў сабе экстравертам – адкрытым і сяброўскім. Але за гэты час я сустрэў сотні людзей і значна больш стаў інтравертам. Мне хочацца на нейкі час схавацца ад людзей, каб нікога не бачыць.

Падчас падарожжа па В'етнаме. Крыніца: instagram.com / alex_valacuga
Падчас падарожжа па В'етнаме. Крыніца: instagram.com / alex_valacuga

– Падавалася, што падарожжа, наадварот, павінна раскрываць чалавека, заахвочваць імкнуцца да людзей...


– Калі ты вандруеш такі доўгі час, то можаш зразумець, што свет падобны: ты пачынаеш стамляцца ад наведвання чарговых прыгожых гарадоў і нацыянальных паркаў, але людзі заўсёды розныя па ўсім свеце. Людзі былі адной з важных місій майго падарожжа, як блогера, таму за гэты час іх было трошачкі зашмат.


– Якая твая самая любімая краіна з гэтага спісу ў 51 краіну?


– Адну краіну цяжка назваць, але ў маім топе Аргенціна і Гватэмала, дзе я вывучаў іспанскую мову перад падарожжам, набыў скутар, на якім праехаў усю Лацінскую Амерыку, сустрэў там дзяўчыну з Украіны, да якой я зараз вярнуся. Таксама спадабалася Аўстралія – неверагодна прыгожая краіна, дзе такая ж неверагодная дыяспара, Тайланд, В'етнам і (сюрпрыз!) Пакістан. Паўночны Пакістан – гэта фантастычна прыгожыя краявіды ў гарах, людзі і культурныя адметнасці.


– Які твой самы яскравы ўспамін?


– Перамога зборнай Аргенціны падчас Чэмпіянату свету па футболе. Я зусім не аматар футбола, але ўдзельнічаў у гэтым нацыянальным карнавале і ўяўляў сабе, што калісьці мы дачакаемся такога свята і ў Беларусі, калі настане дзень, якога мы ўсе так моцна чакаем.

Падчас падарожжа па Кітаі. Крыніца: instagram.com / alex_valacuga
Падчас падарожжа па Кітаі. Крыніца: instagram.com / alex_valacuga

– Падарожжа – гэта пра свабоду? Калі ты едзеш, куды хочаш, і цябе ніхто не абмяжоўвае...


– І так, і не. Гэта і пра свабоду, і пра пачуцце пэўных абавязкаў. Трэба быць вельмі свабодным чалавекам, каб выйсці не проста з зоны камфорту, а высці ў нешта зусім невядомае на доўгі час. Але пры гэтым ты робіш нейкія штодзённыя рутынныя рэчы і абавязкі, каб не стамляцца псіхалагічна ў падарожжах і утрымліваць здароўе і бяспеку.


– У падарожжы могуць здарацца самыя небяспечныя рэчы. Ці былі ў цябе моманты вялікай рызыкі?


– Дзякуй богу, чагосьці зусім небяспечнага у мяне не было, але была сітуацыя, калі мяне абрабавала паліцыя ў «братэрскай» Венесуэле. У мяне забралі ўсяго 5 даляраў, але гэта быў моцны стрэс: мяне завялі ў маленькі пакойчык, распранулі да майткоў, знайшлі 15 даляраў, вярнулі 10 і сказалі «уцякай адсюль». 


На ўездзе з Пакістана ў Афганістан талібанскае «КДБ» лазіла па маім тэлефоне і паталася «а гэта хто», «а вось гэта хто?», «а чаму у цябе столькі фота?». Потым пачалі тэлефанаваць кудысьці, адкуль ім прыйшоў адказ тыпу «Вы што робіце, турызм забіваеце! А ну прапускайце!». І яны адразу прабачыліся і пачалі казаць «Welcome to Afghanistan!». 


У Гватэмале таксама было страшна: аднойчы я вырашыў сэканоміць на «Uber» і пайшоў з аўтавакзала да аэрапорта 3 кіламетры. І ўвесь гэты час я маліўся, бо гэта адзін з самых небяспечных гарадоў рэгіёна.


А ў Калумбіі пару разоў было такое, што мясцовыя падыходзілі да мяне і самі казалі «Аміга, не хадзі ў гэты раён, не трэба табе праблемаў».

Ляднік Перыта-Марэна ў Аргенціне. Крыніца: instagram.com / alex_valacuga
Ляднік Перыта-Марэна ў Аргенціне. Крыніца: instagram.com / alex_valacuga

– Ты шмат сутрэў беларусаў на сваім шляху?


– Так, прыкладна ў палове краін я сутракаў беларусаў, якія прымалі мяне ў госці. Нашыя беларусы ёсць нават у Пакістане! Я намагаўся шукаць суполкі і чаты беларусаў, каб пазнаёміцца з імі. Гатаваў дранікі і мачанку…


– Што далей?


– Адпачнуць ад падарожжа, прыйсці ў сабе, пісаць блог. Спадзяюся, што паводле майго блога паўстане кніга, можа паезджу потым па іншых краінах з прэзентацыямі. 


Але яшчэ трошкі краінаў у мяне засталося некранутымі (Афрыка, напрыклад). Так што ёсць, куды імкнуцца. Але бліжэйшыя паўгады – ніякіх падарожжаў! (смяецца).


Сяргей Падсасонны Тэса Анэйда belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10