Гісторыі

Аліна Коўшык: Беларусы надзвычай прывязаныя да сваёй зямлі

Галоўная рэдактарка «Белсату» Аліна Коўшык на ўручэнні ўзнагародаў аўтарам, журналістам і партнёрам з нагоды 17-х нарадзінаў «Белсату». Варшава, Польшча. 9 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Галоўная рэдактарка «Белсату» Аліна Коўшык на ўручэнні ўзнагародаў аўтарам, журналістам і партнёрам з нагоды 17-х нарадзінаў «Белсату». Варшава, Польшча. 9 снежня 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

«2025 год будзе знакавы для нас усіх. Мы мусім падвышаць абазнанасць людзей і разуменне таго, што адбываецца. Аналітыка і журналістыка будуць вельмі і вельмі важныя, маё заданне – нагадаць беларусам, што ментальна і гістарычна мы належым да еўрапейскай сям’і народаў», – кажа журналістка і грамадская дзяячка Аліна Коўшык.

Sestry.eu паразмаўлялі з Алінаю Коўшык – былою міністаркаю Кабінету абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай, а з восені 2024 года – галоўнаю рэдактаркаю тэлеканалу «Белсат». Сайт belsat.eu друкуе вытрымку з вялікага інтэрв’ю.

 

– Як злачынная палітыка Лукашэнкі і вайна ва Украіне ўплываюць сёння на вашае жыццё і вашых родных?

 

Я б вельмі хацела дажыць да часу, калі Лукашэнка і вайна ва Украіне спыняць уплываць на нашую долю. Гэта залежыць толькі ад нас. І цяпер гэтая геапалітычная сітуацыя ўплывае на лёс мільёнаў беларусаў, і я адна з іх. Ужо пяты год я не магу прыехаць на радзіму, у родны дом. Мяне не было на пахаванні дзядулі, і я цяжка гэта перажыла. Я вельмі сумую па доме. Беларусы надзвычай прывязаныя да сваёй зямлі, і нам складана даецца жыць у эміграцыі.

 

Нягледзячы на тое, што я ўжо больш за 20 гадоў жыву ў Польшчы, мая сувязь з Беларуссю заўжды была моцная. Шмат гадоў у лепшы час я прыязджала дадому на некалькі месяцаў, рабіла рэпартажы альбо проста наведвала бацькоў. Цяпер гэта немагчыма. Больш за тое, два гады таму была спроба арыштаваць маю сям’ю, якая засталася ў Беларусі, – бацькоў і брата. Я была вымушаная перавезці іх у Польшчу. Таму цяпер вокны дзедавай хаты чорныя, рамы пустыя. І гэта вельмі балюча, але ж я далёка не адна – сярод нашых суседзяў такіх прыкладаў вельмі шмат. Беларусь гіне на нашых вачах.

Аліна Коўшык (справа) разам са Святланаю Ціханоўскаю наведвае адноўлены мурал у гонар беларускіх палітычных вязняў на скрыжаванні вуліцаў Гурчэўскай i праспекту Прымаса Тысёнцлеця. Варшава, Польшча. 19 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
Аліна Коўшык (справа) разам са Святланаю Ціханоўскаю наведвае адноўлены мурал у гонар беларускіх палітычных вязняў на скрыжаванні вуліцаў Гурчэўскай i праспекту Прымаса Тысёнцлеця. Варшава, Польшча. 19 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

– На што вы ды іншыя патрыёты спадзеяцеся ў нацыянальным адраджэнні Беларусі?

 

– Беларусь дэ-факта перабывае пад акупацыяй марыянеткавага рэжыму Лукашэнкі. Для нас галоўнае ў гэтых абставінах – зберагчы краіну, не згубіць незалежнасці. Вайна ва Украіне паказала, што шэрыя буферныя зоны ў сучасным свеце больш не маюць шанцаў на існаванне. 

,,

Раней беларусы часта казалі, што мы мусім быць нейтральныя як Швейцарыя, дзесьці пасярэдзіне. Цяпер мы разумеем, што гэта немагчыма: ты альбо частка Расеі, альбо частка Еўропы.


Праз імгненне можа адбыцца новая Ялта, як кажуць пра магчымыя будучыя перамовы. Яны вызначаць найноўшую сферу размеркавання ўплыву ў наступным стагоддзі. Мы не бачым іншага выйсця, як інтэграваць Беларусь да Еўропы.

 

– З 2014-га да пачатку 2024 года вайну ва Украіне прайшлі прыблізна 1300 беларусаў. Як вы ацэньваеце ўнёсак беларусаў у барацьбу ўкраінцаў супраць дыктатарскага рэжыму Пуціна?

 

– На ўсіх сусветных палітычных сустрэчах беларускія дэмакратычныя сілы заўжды падкрэсліваюць: цяпер найважнейшае – дапамагчы Украіне перамагчы, бо гэта штуршок да зменаў ува ўсім рэгіёне. Лукашэнка надаў беларускую тэрыторыю для агрэсіі супраць Украіны, на што не было згоды беларускага народу.

 

Беларусы ў сваёй абсалютнай бальшыні – супраць вайны і супраць агрэсіі ў дачыненні Украіны. У гэтым нашае вялікае адрозненне ад расейцаў.

Калі ідуць танкі альбо запускаецца рэпрэсіўная машына, у беларусаў часта няма сілаў гэтаму супрацьстаяць. Але грамадская думка – на баку ўкраінцаў, і беларусы былі адным з тых народаў, якія сапраўды моцна падтрымалі вас у цяжкую хвіліну. Чаго вартая хаця б гераічная барацьба беларускіх добраахвотнікаў з палка Кастуся Каліноўскага. У 2022 годзе, пасля выбуху вайны ва Украіне, у ЕЗ, у Польшчу прыехалі тысячы ўкраінак: мы, беларускі, якія раней прайшлі праз вымушаную міграцыю, пачалі дапамагаць. Мы заўжды павінныя падтрымліваць адна адну – як сёстры. Гэта вельмі важна. Жаночае сяброўства асабліва моцнае падчас крызісаў.

Рэдактар Сяргей Пеляса і галоўная рэдактарка «Белсату» Аліна Коўшык на ўручэнні ўзнагародаў аўтарам, журналістам і партнёрам з нагоды 17-х нарадзінаў «Белсату». Варшава, Польшча. 9 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Рэдактар Сяргей Пеляса і галоўная рэдактарка «Белсату» Аліна Коўшык на ўручэнні ўзнагародаў аўтарам, журналістам і партнёрам з нагоды 17-х нарадзінаў «Белсату». Варшава, Польшча. 9 снежня 2024 года. Фота: Белсат

– Што вы цяпер чытаеце і што з сучаснай беларускай літаратуры параілі б пачытаць украінцам?

 

– Раю не чакаць перакладаў і чытаць па-беларуску. Па-першае, гэта цікава, а па-другое – мы здольныя выдатна зразумець адно аднаго без перакладчыкаў: доказ гэтаму – хаця б нашая размова, дзе вы пытаецеся ўкраінскаю, а я адказваю беларускаю моваю.

 

У мяне багата сябровак-украінак, я часта бываю ва Украіне і заўжды набываю пачытаць штосьці з сучаснай украінскай літаратуры. На чарзе – «Польові дослідження українського сексу» Аксаны Забужкі. Тым украінцам, хто хоча пачаць знаёміцца з беларускаю сучаснаю літаратураю, раю пачаць з Альгерда Бахарэвіча: «Плошча Перамогі» – гэта авантурная прыпавесць пра ўладу і нацыю, пра кошт слова і славы, паразы і перамогі. Пры гэтым вядзецца не пра нейкую канкрэтную краіну – па сутнасці, гэта аповесць пра нас з вамі.

 

belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10