Польшча абяцае скарыстацца старшыняваннем у Радзе Еўразвязу для ўзмацнення санкцыяў адносна Беларусі і Расеі, змаганнем з абыходам санкцыяў і барацьбой са штучна створаным міграцыйным крызісам.
З 1 студзеня да 30 чэрвеня 2025 года Польшча адказная за функцыянаванне Рады Еўразвязу, гэткага «Савету міністраў» 27 дзяржаваў – чальцоў Еўрапейскага Звязу. Польскі ўрад будзе вызначаць парадак і праграмы паседжанняў Рады Еўразвязу.
На час старшынявання Польшча склала праграму, асноўныя пункты якой – умацаванне і абарона еўрапейскіх каштоўнасцяў, падтрыманне Украіны і ўмацаванне еўрапейскай бяспекі, умацаванне канкурэнтаздольнасці еўрапейскай эканомікі і ўпарадкаванне адзінага рынку Еўразвязу, абарона справядлівых умоваў працы і гэтак далей.
У праграме шэсць разоў згадваецца Беларусь. Пяць з тых – у кантэксце санкцыяў адносна Беларусі і Расеі. Польшча абяцае падтрымліваць цяперашнія захады адносна Беларусі і Расеі, узмацняць санкцыі, сачыць за іх выкананнем і змагацца з іх абыходам, працягваць палітыку «ніякага бізнесу-як-звычайна» і змагацца з выбраннем прадстаўнікоў Беларусі і Расеі ў кіраўнічыя органы міжнародных арганізацыяў. Шостая згадка Беларусі ў праграме – пра змаганне з інструменталізацыяй міграцыі Беларуссю і Расеяй, з чым Польшча таксама збіраецца змагацца ў супрацы з міжнароднымі партнёрамі і з прыцэлам на першапрычыны.
Польшча ўжо старшынявала ў Радзе Еўразвязву ў другой палове 2011 года. Адметна, што як тады, так і цяпер адказны за працу Рады Еўразвязу ўрад Дональда Туска. А Туск у перапынку між займаннем пасады прэм’ер-міністра Польшчы (2007–2014 і з 2023 года) быў прэзідэнтам Еўрапейскай рады (2014–2019), у якую ўваходзяць кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў краінаў – чальцоў Еўразвязу.
Мінулай дзяржавай-старшынёй Рады Еўразвязу была Вугоршчына, наступныя ў чарзе – Данія, Кіпр, Ірландыя, Літва і Грэцыя.
Алесь Наваборскі belsat.eu