«Белсат» працягвае адсочваць навіны рэпрэсіяў у дачыненні беларусаў з боку ўладаў Беларусі. Нягледзячы на вызваленне шэрагу палітвязняў, крымінальныя суды ў краіне не спыняюцца.
Праваабаронцы паведамляюць, што з 9 па 13 снежня ў беларускіх судах разглядалі 52 крымінальныя палітычныя справы, у межах якіх судзілі 82 чалавекі. Мінімум 12 судовых працэсаў праходзіла ў закрытым рэжыме. Найбольш распаўсюджаны палітычны крымінальны артыкул – «народны» артыкул 342 КК. У межах 23 спраў паводле яго судзілі 43 чалавекі – палову з усіх асуджаных. За «здраду дзяржаве» на мінулым тыдні судзілі мінімум дзевяць чалавек.
Апроч гэтага, было разгледжана 18 апеляцый на прысуды, звязаныя з палітычнымі справамі. Па ўсёй краіне ў палітычных судах удзельнічалі прынамсі 45 суддзяў. Алена Шылько і Міхаіл Макарэвіч з Менскага гарадскога суда, Сяргей Багінскі з Гомельскага абласнога суда паспелі разглеледзець на гэтым тыдні па дзве палітычныя справы.
У судзе Шклоўскага раёна 11 снежня адбыўся суд над палітзняволеным журналістам і блогерам Ігарам Карнеем, якога ў сакавіку гэтага года асудзілі да трох гадоў зняволення. Суддзя Аляксандр Тараканаў прызнаў яго вінватым паводле ч. 1 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі») і прызначыў яму яшчэ восем месяцаў зняволення. Вядома, што адміністрацыя шклоўскай калоніі № 17 змяшчала журналіста некалькі разоў у ПКТ. Цяпер яго асудзілі ў крымінальным парадку за «парушэнні», за якія ён ужо атрымаў спагнанні ад адміністрацыі.
20-гадовую жыхарку Смаргоні затрымалі за танец у міліцэйскай форме ў TikTok. Ёй прызначылі штраф у адміністрацыйнай справе за нашэнне формы асобай, якая не мае на гэта права.
На 19 снежня ў судзе Жлобінскага раёна запланаваны судовы працэс датычна прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Студыя мэблі „Дом 5“». Прадпрыемства вінавацяць паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Працэс будзе ўзначальваць суддзя Святлана Рубахава. Сутнасць абвінавачванняў у дачыненні да студыі мэблі пакуль невядомая.
Праўладныя тэлеграм-каналы пагражаюць датычным да парталу petitions.bу. Яны сцвярджаюць, што асабістыя дадзеныя беларусаў «выкарыстоўваюцца для спам-рассылак у розныя дзяржаўныя органы і ўстановы, спадзеючыся паказаць „масавасць“ хвалюючага пытання, тым самым падстаўляючы пад пільную ўвагу сілавікоў».
Супраць блогера, журналіста, актывіста і ўдзельніка масавых пратэстаў, кіраўніка грамадзянскага штабу «Паспалітага рушэння» Сяргея Бяспалава распачалі спецыяльнае вядзенне. Яго вінавацяць паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу: у распальванні варожасці, паклёпе, масавых беспарадках, парушэнні грамадскага парадку, змове з мэтаю захопу ўлады, закліках да санкцыяў, стварэнні «экстрэмісцкага фармавання», паклёпе і абразе Аляксандра Лукашэнкі, дыскрэдытацыі Беларусі.
Таксама завочна збіраюцца судзіць палітыка і бізнесоўца, заснавальніка і намесніка камандзіра палка «Пагоня» Вадзім Пракоп’ева – у трэці раз. Яму інкрымінуюць ч. 2 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»), ч. 2 арт. 361-3 КК («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вербаванні або падрыхтоўцы асоб да такога ўдзелу»), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), арт. 361-5 КК («Праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці»). Яму двойчы прызначылі па 25 гадоў калоніі.
Таксама спецыяльнае вядзенне пачатае ў дачыненні васьмі «каліноўцаў»: Аляксея Манчынскага, Рамана Яроменкі, Паўла Кахновіча, Яўгена Каранкевіча, Аляксандра Пятроўскага, Яўгена Салохіна, Ягора Іспянькова і Ціхана Клюкача.
МУС Беларусі прызнаў аб’яднанне былых актораў Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы «Вольныя Купалаўцы» «экстрэмісцкім фармаваннем». Такое званне яны атрымалі «за арганізацыю дзейнасці ў рыхтаванні здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асобаў». МУС таксама забараніў дзейнасць «Вольных Купалаўцаў» на ўсіх інтэрнэт-платформах.
У «Спіс экстрэмістаў» МУС дадалі яшчэ 33 чалавекі – цяпер у ім 4766 асобаў. Сярод іншых, у спіс дадалі асуджанага па вяртанні ў Беларусь Максіма Хвашчынскага, асуджаную за салідарнасць Кацярыну Мендрык, 19-гадовага Данііла Гарасіма.
Instagram-старонку Святланы Ціханоўскай у другі раз прызналі «экстрэмісцкай». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёну Брэста 12 снежня. Яе ўжо прызнаваў «экстрэмісцкай» суд Гомельскага раёну 1 чэрвеня 2023 году. Таксама «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі старонкі ў «Х» «Viktoryja Palcys», «Дзед Барадзед», TikTok-старонкі «himical_experiment», «_nexta_live», старонка ў Instagram «alieh_baradzin», Facebook-старонка «Активный Брест», а таксама кнігі «Боевые награды Третьего Рейха: Иллюстративная энциклопедия» і «Секретные архивы СС. Западный и Восточный фронт».
Высветлілася, што партрэт Кастуся Каліноўскага прыбралі з падручнікаў для 11 класаў. А само паўстанне 1863 года цяпер у іх апісваецца «максімальна нейтральна».
Якуб Хруст belsat.eu