Як высветлілі журналісты і даследнікі, паўстанне 1863 года апісваецца ў падручніках цяпер «максімальна нейтральна».
Апошнім часам асоба галоўнага нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага не на жарт хвалюе і раздражняе лукашэнкаўскіх прапагандыстаў. Лідару паўстання 1863 года Кастусю Каліноўскаму абвясцілі сапраўдную вайну, называючы яго «польскім тэрарыстам».
У сучасным беларускім палітычным раскладзе Каліноўскі – апазіцыянер нумар адзін. І ўжо не першы год. Бо гэта ягоным імем яшчэ пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года апаненты Лукашэнкі называюць Кастрычніцкую плошчу ў Менску, што перажыла разгром пратэставага намётавага мястэчка. Імем Каліноўскага названая і праграма навучання ў Польшчы выгнаных з беларускіх універсітэтаў свабодалюбных студэнтаў.
Яшчэ больш сітуацыя з успрыманнем асобы Кастуся Каліноўскага ў Беларусі абвастрылася пасля пратэстаў 2020 года, а максімальна крытычна – пасля пачатку вайны ва Украіне, дзе цяпер на баку ўкраінцаў ваюе беларускі полк Каліноўскага.
«Каліноўскі – менавіта такое імя-сімвал. Польскі тэрарыст, які нічога не мае з рэальнай беларускай самасвядомасцю. Прапагандыст русафобіі і адзін з першых арганізатараў сучасных формаў масавага тэрору. Яго імем і цяпер называюць на Украіне бандыцкія і неанацысцкія фармаванні. Менск і ўся краіна павінны быць ачышчаны ад таго ідэалагічнага смецця, якое пагражае існаванню нашай дзяржавы і народу», – напісаў яшчэ ў 2022 годзе Аляксей Дзермант.
Перад гэтым, 31 траўня, ягоны калега Рыгор Азаронак атакаваў менскі бар «Каліноўскі», а праз некалькі дзён перапосціў на сваім канале статус Аляксандра Дзюкава пра тое, як расейская адміністрацыя ў 1863 годзе ўзяла ў палон паўстанцаў Каліноўскага.
«Ну проста ГУБАЗ і ўнутраныя войскі 19-га стагоддзя», – у сваім стылі тады «пажартаваў» Азаронак.
Міністэрства адукацыі таксама адрэагавала. Неўзабаве аўтары беларускага падручніку расейскай літаратуры для 8 класа назвалі паўстанне 1863 года «польскім паўстаннем» – узялі фармулёўку з расейскіх падручнікаў, але прыпісалі «пад кіраўніцтвам Каліноўскага».
А цяпер высветлілася, што партрэт Кастуся Каліноўскага прыбралі з падручнікаў для 11 класаў. А само паўстанне 1863 года цяпер у іх апісваецца «максімальна нейтральна».
Надзея Вольная belsat.eu