Гісторыі

«Палітвязень можа быць і ватнікам». Беларусы на зоне і на свабодзе вачыма былога нафтавіка Дзмітрыя Грышчанкі

Дзмітрый Грышчанка, былы супрацоўнік "Беларуснафты" з Гомеля. Фота: Белсат
Дзмітрый Грышчанка, былы супрацоўнік "Беларуснафты" з Гомеля. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Да затрымання ўвесну 2021 года Дзмітрый Грышчанка шукаў у беларускіх нетрах нафту. Быў асуджаны на тры гады і правёў за кратамі амаль 940 дзён. Большую частку з іх – у наваполацкай калоніі № 1, якую іншы палітвязень назваў калісьці «камбінатам перапрацоўвання чалавечыны». Дзмітрыя – не «перапрацавалі». У размове з «Белсатам» ён дзеліцца сваімі назіраннямі і прызнаецца, што захаваць веру ў будучыню на зоне было для яго лягчэй, чым на свабодзе…  

Сустракаемся у варшаўскай кавярні «Nero» на Шпітальнай. Дзмітрый замаўляе зялёную гарбату. Прызнаецца, што ад чорнай пасля зоны амаль адмовіўся, «хоць турэмны «чыф» можна запарыць і на зялёнай» (смяецца). Шчырая ўсмешка з-пад барады, няспешнасць. 21 лістапада яму споўніцца 33 гады. З іх два з паловай правёў ў няволі, але са свайго жыцця іх не выкрэслівае. За нашымі спінамі – манументальнае люстра…


Дзмітрый Грышчанка, былы супрацоўнік "Беларуснафты" з Гомеля. Варшава, Польшча, 14 Лістапада 2024 года. Фота: Белсат
Дзмітрый Грышчанка, былы супрацоўнік "Беларуснафты" з Гомеля. Варшава, Польшча, 14 Лістапада 2024 года. Фота: Белсат

«Я за тыдзень гадоў 10 скінуў» 


«Белсат»: – Любіш глядзецца ў люстэрка?


Дзмітрый Грышчанка
: – Ведаеш, было вельмі цікава першы тыдзень па вызваленні. Калі ты ў турме, глядзіш на сябе і думаеш: ай, нібыта нармальна. Хоць разумееш, што павінен выглядаць дрэнна. Але людзі вакол цябе ў такім жа стане, таму кажаш сабе: усё добра. Калі апынуўся на свабодзе, пачаў рабіць фоткі – раніцай і ўвечары. Дык у першы тыдзень сябры казалі, што нават за паўдня я змяніўся. Мне здаецца, я за гэты тыдзень гадоў 10 скінуў. 


– Колькі-колькі?


– Дзесяць. Мне здаецца, там мне за сорак было, дакладна. Такім я сябе бачыў. Ужо зараз, калі гляджу на фотаздымкі людзей, якія выходзяць адтуль, я бачу гэтыя турэмныя твары – спужаныя, здзіўленыя, сухія. Потым за першы месяц людзі ад'ядаюцца, фізічна напаўняюцца вадкасцю, і іх твары становяцца чалавечымі і спакойнымі. Я, калі вызваліўся, важыў 84 кг. Зараз – ужо 96. За год набраў. 


– Пры тваім росце 84 кг было не зусім у парадку…


– Зусім не ў парадку. Мой рост – 194 см. У дзень затрымання я важыў 100 кг. У дзень вызвалення – 84. Але гэта адразу як выйшаў. А колькі было пасля штрафных ізалятараў (ШІЗА), у якіх я правёў агулам 50 содняў (за 4 заходы) – не ведаю, але ясна, што яшчэ меней. І гэта ж, ведаеш, з улікам таго, што я атрымліваў пасылкі. На тры месяцы – 30 кг харчоў. Гэта шмат калорыяў, асабліва калі там мяса і слодычы. Гэта вельмі дапамагала. Але ўсё адно худнееш... 


– Зараз выглядаеш добра. Хутка табе 33, але з іх – два з паловай гады ты правёў за кратамі. Гэта – мінус жыццё? 


– Гэта мінус маіх магчымасцяў, але дакладна – не мінус з майго жыцця. Тут я вельмі удзячны сваёй псіхіцы. Калі мяне затрымалі, за той час, пакуль везлі ад плошчы Паўстання ў Гомлі да пракуратуры, я нібы перарадзіўся. Проста сказаў сабе: гэта дзень першы майго шляху дамоў. Пакуль ехаў, цалкам зразумеў... 


– …што ты ўжо зэк? 


– Так. Было толькі пытанне – як надоўга. Але дакладна ведаў, што дахаты ўжо не пайду проста так. Таму ўвесь час, які там правёў, я спрабаваў зменшыць страты. Чытаў, разглядаў людзей, займаўся тым, чаго б не рабіў на волі. Вывучаў турэмную псіхалогію, шмат чаго даведаўся пра людзей. 

Дзмітрый Грышчанка, былы супрацоўнік "Беларуснафты" з Гомеля. Варшава, Польшча, 14 Лістапада 2024 года. Фота: Белсат
Дзмітрый Грышчанка, былы супрацоўнік "Беларуснафты" з Гомеля. Варшава, Польшча, 14 Лістапада 2024 года. Фота: Белсат

«Не ляпіце з палітвязняў ікон!»


– І што такога даведаўся пра людзей, чаго не ведаў пра іх на свабодзе?


– Напрыклад, тое, што двое амаль знаёмых людзей лёгка пачынаюць сябраваць супраць кагосьці трэцяга, які, можа, нічога такога і не зрабіў, але абодвум ён не падабаецца. Калі чытаю навіны, разумею, што гэта вельмі актуальна зараз і для сучаснага эмігранцкага асяроддзя. Сяброўства на пустым месцы, можна сказаць. 


– Трохі не разумею. Маеш на ўвазе сяброўства супраць міліцыянтаў?


– Не, увогуле – супраць іншага. Той трэці, супраць якога сябруеш, можа быць у адным з табой лагеры і мець прыблізна такія ж погляды, але ты ставішся да справы троху па-іншаму і пачынаеш яго не любіць ці нават ненавідзець. Гэта вельмі крыўдна, што ў нас так можа адбывацца. Не буду хлусіць, калі скажу, што і за сабой такое заўважаў. Час ад часу ў лагеры трохі бракуе маральных каштоўнасцяў.   


Ну і другое, бо нешта добрае таксама трэба сказаць. Людзі не разумеюць каштоўнасці еднасці, калі яны заматываваныя штосьці рабіць у адным ключы. Пра гэта можна доўга разважаць. Калі нават зусім маленькія людзі дыхаюць у адзін бок, гэта адразу проста неверагодна нервуе ўладу. Нервуе, хоць вы яшчэ нават нічога не зрабілі. Мы не разумеем, наколькі мала трэба рабіць разам, каб гэта дало добрыя вынікі. 


– Быў уражаны, калі ўжо на свабодзе пабачыў, што еднасці няма і сярод былых палітвязняў на эміграцыі?


– Не, не быў уражаны. У калоніі «палітычныя» таксама не складаюць нейкага адзінства. Я вельмі добра і з вялікай павагай стаўлюся да большасці палітвязняў, але зараз хацеў бы сказаць пра тое, пра што звычайна не гавораць і рэдка абмяркоўваюць. Пра што казаў, дарэчы, і на некалькіх мерапрыемствах: «Не ляпіце з палітвязняў ікон!». Палітвязень можа быць не толькі добрым ды сумленным, але і ватнікам. Палітвязень можа быць супраць Лукашэнкі, але пры гэтым – за «рускі мір». 


Садзяць нас людзі адмыслова адабраныя, але сядзіць – зрэз грамадства. Чалавек, напрыклад, кінуў жонку, не плаціць аліментаў ці быў злоўлены на крадзяжы, а раней хадзіў на маршы – ён таксама «палітычны». На мой погляд, самая шырокая дэфініцыя палітвязня такая: гэта чалавек, які атрымаў палітычна матываваны тэрмін, не суадносны з учынкам. Кропка. 


Але там ёсць людзі, з якімі б вы не захацелі сядзець побач. 


,,

Яшчэ Алесь Бяляцкі казаў, што палітвязень – гэта не герой і не ахвяра. І ўсё. І далей нават не буду цытаваць. Ні той і ні іншы. Я дзяліў бы «палітычных» выключна на тых, хто разумее, чаму ён там апынуўся, і на тых, хто не разумее. Дакладней, не разумеў, пакуль яго не схапілі. Ні адны, ні другія не злачынцы, але першыя разумеюць, чаму ўсё так здарылася, – яны па-іншаму матываваныя. А другія – як мех з бульбай, які шпурнулі і штурхаюць з усіх бакоў. Уся розніца.


«Парадокс, але ў турме лягчэй захаваць веру ў будучыню»


– Мех з бульбай… Калісьці былы палітвязень Міхаіл Жамчужны назваў наваполацкую калонію № 1 «камбінатам перапрацоўвання чалавечыны». Казаў пра яе як пра самую брудную і «чырвоную» зону ў Беларусі.


– Я б не назваў яе «чырвонай», бо гаворым пра «чырвоную», калі гэта пра бясчынства, «беспредел», мянтоў з іх асабістага жадання. Я б назваў калонію № 1 адміністратыўнай, бо там пануе бяздумнае выкананне папераў і інструкцыяў без увагі на наступствы. Але якая розніца – усё адно там губляеш здароўе. Шмат здароўя страчваецца… 


Але ж усё-такі: свабода ўнутры. Мы ўсе вельмі трывалыя да таго часу, пакуль ва умоўным ШІЗА у цябе не пачынаюць балець ныркі. Стрыжняў хапае, пакуль трывае здароўе. Што будзе, калі перастае трываць?.. Я далей не заходзіў, таму не ведаю. 


Я не ведаю таксама, што робіцца ў галовах людзей, якія атрымалі 10 ці 15 гадоў за «палітыку». Страшна ўявіць сабе, як з гэтым жыць. І мы дакладна не павінны забывацца пра іх!


– Са здароўем зараз усё ў парадку?


– Мінуў год, а я працягваю змагацца з праблемамі, якія з'явіліся там. Калі я кажу, што мяне не падвяло здароўе, то толькі ў тым сэнсе, што усе гэтыя праблемы мяне не атруцілі маральна. 


Я размаўляў з тымі, хто ўвесь час быў на волі і магу сказаць: я не ведаю, каму было лягчэй. Ёсць такая рэч у турме: ты ўжо нібыта «злачынец» – і ад цябе ўжо нічога не чакаюць. Вось у войску цябе спрабуюць перарабіць, у ВНУ таксама, а ў турме на цябе ўсе ўжо плюнулі. І ў гэтым сэнсе табе лягчэй. Зразумела, ты турбуешся за сям'ю, але гэта іншыя клопаты. 


Калі вызваляешся – выходзіш, па сутнасці, закансерваваны ў тым дні, у якім цябе ўзялі. Я, напрыклад, выйшаў, і для мяне Беларусь заставалася краінай, дзе можна яшчэ было ладзіць дваровыя маршы. Ты нібы застаўся ў тым моманце. Таму веру ў будучыню, як ні парадаксальна, мне ў турме было лягчэй захаваць. Бо там свет чорна-белы: гэта мы, а там – яны. На свабодзе часта незразумела, хто табе вораг, а хто сябар…

Дзмітрый Грышчанка, былы супрацоўнік "Беларуснафты" з Гомеля. Варшава, Польшча, 14 Лістапада 2024 года. Фота: Белсат
Дзмітрый Грышчанка, былы супрацоўнік "Беларуснафты" з Гомеля. Варшава, Польшча, 14 Лістапада 2024 года. Фота: Белсат

«Ніхто пад плотам, як гэта малююць прапагандысты, не валяецца»


– Гэта праўда. Распавядзі, чым ты там займаўся, калі не сакрэт? 


– Я з упраўлення палявых сейсмаразведвальных работ. Так, шукаў нафту. Калі параўнаць, то гэта як УГД (УЗИ – рас.) зямлі, яго праводзяць з мэтай атрымання мадэлі радовішча перад тым, як вырашыць, дзе будаваць свідравіну. Я сам шукаў нафту ў Гомельскай вобласці, ездзіў таксама ва Украіну, у Расею. А мае калегі – і ў Венесуэлу, Эквадор, Іран. У 1990-х нашыя супрацоўнікі былі, напрыклад, у Паўночнай Карэі. 


У маім былым упраўленні сямёра чалавек адбылі тэрміны па крымінальных артыкулах пасля 2020 года, а нас там каля 250 чалавек усяго працуе. Апроч таго, каля 30 было звольнена. Таму, як бачыце, разбамбілі добра прадпрыемства. Я раней амаль ніколі не бачыў каб «Беларуснафта» шукала працаўнікоў, а зараз аб'яўкі вісяць…


– Меў надзвычай цікавую працу і, напэўна, някепскі заробак…


– Атрымліваў перад затрыманнем недзе паміж $1000 і €1000. Карацей, больш за 3000 рублёў у 2020 годзе. Калі ў маёй кватэры рабілі рамонт, працаўнікі пыталіся: ты ўвогуле айцішнік ці нафтавік? На іх погляд, толькі ў гэтых прафесіях у Гомлі такія грошы і можна было зарабіць. Адказаў, што маю густ бліжэй да айцішнікаў (смяецца). 


Але я праўда не нафтавік. Я скончыў геафак гомельскага універсітэту імя Скарыны. Я геолаг-геафізік, і мы разам з калегамі, працуючы на «Беларуснафце», заўсёды адзначалі Дзень геолага. Аднак прэмію атрымлівалі ўсё ж на Дзень нафтавіка. Працавалі там у сваім свеце і жартавалі, што працуем на «Беларусьторфе», бо не раз на працы па калена ў торфе хадзілі.  


– Па эвакуацыі з Беларусі працягваеш хадзіць да калена ў торфе?


– Частка маіх калег працуе тут у той жа сферы, знайшлі сябе. Ніхто пад плотам, як гэта малююць прапагандысты ў РБ, не валяецца. Але я вырашыў, што досыць ужо па палях ездзіць. Хочацца быць дома. Быў такі год, калі з улікам выходных я быў дома толькі тры месяцы. Гэта яшчэ ў Беларусі. Хопіць з мяне, карацей. 


Але ў Польшчы я не згубіўся. Працую, скажам так, фінансавым памочнікам. Між тым, смешна, што свае лепшыя навыкі на рынку працы набыў тады, калі мяне, з-за майго відэа на TUT.BY, пазбавілі паловы заробку. Я пасля гэтага ў працоўныя гадзіны і развіваў свае навыкі ў новай для мяне прафесіі. Калі быў у турме – працягваў пашыраць веды. За кошт гэтага зараз і працую. 


Яны думалі, што забралі ў мяне грошы, а насамрэч далі мне квіток у будучыню. Маю зараз сярэдні заробак па Варшаве.


Дзмітрый Грышчанка, былы супрацоўнік "Беларуснафты" з Гомеля. Варшава, Польшча, 14 Лістапада 2024 года. Фота: Белсат
Дзмітрый Грышчанка, былы супрацоўнік "Беларуснафты" з Гомеля. Варшава, Польшча, 14 Лістапада 2024 года. Фота: Белсат

«Трэба будзе правесці нейкую «мяжу даравання» 


– У сваім апошнім слове на судзе ты папярэджваў, што пасядзіш, выйдзеш і ўсё роўна добра ўладкуешся, бо ты спецыяліст. І казаў, што пакаранне кожнага спецыяліста будзе пабуджаць іншых пакідаць краіну. Усё спраўджваецца. Аж да таго, што, як паведамляюць праваабаронцы, нават у «тваёй» наваполацкай ПК-1 ужо бракуе кантралёраў, шукаюць і начальнікаў атрадаў…


– І ў СІЗА гэта адчувалася. За год, што я там прабыў, нейкія твары проста знікалі: быў чалавек – і няма… Ужо потым, у лагеры, мы аднойчы знайшлі квіток зарплаты афіцэра. Ну там жа слёзы! Я сапраўды не разумею… Не буду разважаць пра маральны бок гэтай працы, яно і так зразумела. Але і без гэтага ў мяне толькі адно пытанне: хлопцы, навошта вы там працуеце? Чаму не ідзяце на будоўлю – і заробіце больш, і ніхто вас не будзе лічыць скотам. Добра, у Еўропу вас зараз ніхто не пусціць – дык ідзіце, напрыклад, на фуры ў Расею працаваць. 


Я б зразумеў, каб яны атрымлівалі хаця б 1000 долараў. Але не магу датумкаць, навошта ісці за тыя грошы ў такія месцы, дзе цябе усе лічаць гаўном – і начальнікі, і людзі вакол. Яны ж бачаць, як мы да іх ставімся. Яшчэ раз: гэта калі не браць пад увагу маральны аспект.


– Можа, справа у тым, што некаторым падабаецца мець ўладу над іншымі?


– Такія ёсць, але такіх – адзінкі. Можа, чалавек пяць на калонію, і іх адразу бачыш. Пасля размоваў з вязнямі з іншых калоній, прыйшоў да думкі, што сярод такіх нелюдзяў – амаль усе начальнікі калоніяў. Іх, напэўна, і адбіраюць паводле такіх якасцяў. 


– Ці гатовы ім дараваць, калі вернешся ў Беларусь?


– Думаў над гэтым і рознае чытаў. Мяркую, трэба будзе правесці нейкую «мяжу даравання». Напрыклад: «не гвалтаваў», «не катаваў». За ўсё, што вышэй, павінна наступаць юрыдычная адказнасць. Тых, хто ніжэй «мяжы», проста назваць. Напрыклад, Іван Іванавіч пісаў скаргі на суседзяў, даваў хлуслівыя паказанні на судзе – ён дараваны, яго за гэта не будуць біць і з працы не звольняць, але – каб усе ведалі, што ён за чалавек. І досыць. 


Хопіць проста назваць іх тымі, кім яны былі і што зрабілі. Даць кожнаму сваё імя… 


Як жыць з імі далей? Дык заўсёды жылі, проста не ведалі! Хто не зможа – не вернецца ў Беларусь. 


– Ты вернешся?


– Проста не веру ў такія хуткія змены. Мяркую, вярнуся хіба на пенсію адпачываць, на дачу якую-небудзь. 


Калі ж змены ўсё ж такі адбудуцца значна раней, я спадзяюся, людзі будуць мець магчымасць пераехаць разам з кампаніямі, у якіх працуюць. Бо пачынаць жыццё трэці раз з нуля ніхто не жадае. Але хтосьці не вернецца, бо мае ўжо тут бізнес, ці пачынае будаваць жыллё, ці нарадзіў дзіця, ці проста жадае даць дзецям еўрапейскую адукацыю. Гэтыя людзі будуць, як я сабе ўяўляю, мастком каштоўнасцяў паміж Беларуссю і Еўропай. І гэта таксама можа дапамагчы. 


Дзмітрый Грышчанка, былы супрацоўнік "Беларуснафты" з Гомеля. Варшава, Польшча, 14 Лістапада 2024 года. Фота: Белсат
Дзмітрый Грышчанка, былы супрацоўнік "Беларуснафты" з Гомеля. Варшава, Польшча, 14 Лістапада 2024 года. Фота: Белсат

«Мы значна лепшыя, чым мы пра сябе думалі»


– Ужо сказаў, што новага даведаўся пра людзей на зоне. А што новага – пра беларусаў у эміграцыі?


– Мы значна лепшыя, чым мы пра сябе думалі да гэтага. Вось што. Толькі тут, у Еўропе, зразумеў гэта, калі пачаў параўноўваць. І гэта не пра тое, што тубыльцы аказаліся не такія ідэальныя ці благія, а пра тое, што мы насамрэч лепшыя, чым пра сябе думалі.


– Але не лепшыя за іх…


– Не. Гэта пра самаадчуванне. Пра тое, што мы сапраўды еўрапейцы. Мы гэта зразумелі дзякуючы эміграцыі. 


Ведаеш, я ніколі не думаў што беларус – гэта гучыць горда. Аказваецца, так. Гэты досвед дазваляе пазбавіцца нам заніжанай самаацэнкі. Тут ты роўны, і нічым не горшы. Гэта самае галоўнае. Кожны беларус прыязджае і ведае: завесці PESEL, рахунак у банку і праз месяц – зарабляць і плаціць падаткі. Ну якая дзяржава не захоча такога чалавека? Не грамадзянін – мара! 


– Ну, бывае па-рознаму. Ты адышоў ад пошукаў нафты. На якім паліве жывеш цяпер?


– Маё паліва – гэта мае мары. Адна з іх – набыць «Тэслу» і ездзіць на электрычнасці.


– Але троху сумуеш па нафце? 


– Радовішчы я і зараз працягваю адкрываць (смяецца). Толькі цяпер гэта радовішчы чалавечых каштоўнасцяў. Найважнейшая хіба нашая нафта.


Зміцер Міраш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10