Былы палітвязень Руслан Акостка больш за год прабыў у калоніі строгага рэжыму ў Горках, дзе ўтрымліваюць палітвязня, заснавальніка праваабарончага цэнтру «Вясна» і нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага. Умовы для яго жорсткія, а караюць за кожную дробязь.
Руслан Акостка вызваліўся ў ліпені 2024 года і з'ехаў з Беларусі. Пасля гэтага ён паразмаўляў з журналістамі.
«Упершыню мы сутыкнуліся з Алесем у сталоўцы. А так, хоць мы і былі ў розных атрадах, бачыў яго даволі часта. Не магу сказаць, што мы шмат размаўлялі. Адміністрацыя калоніі негатыўна ставіцца да камунікацыі з палітвязнямі. Калі заўважаць, могуць быць наступствы – у той жа ізалятар пасадзяць. І Алесь гэта выдатна разумее. Ён мала размаўляе. А я такі чалавек, што не буду навязвацца і дастаўляць дыскамфорту. Так, мы часам перакідваліся парай словаў, але глыбока тэмы не абмяркоўвалі» – кажа «Нашай Ніве» Руслан.
Ён адзначае, што Алесь Бяляцкі схуднеў.
«Але ў гэтым няма нічога незвычайнага. Я ведаю выпадкі, калі людзі гублялі па 30 кілаграмаў, сам я схуднеў на 14 кілаграмаў», – працягвае Акостка.
Гэта звязанае з цяжкай фізічнай нагрузкай у калоніі і дрэнным харчаваннем. Звычайнае меню: з раніцы аўсянка, на абед пярлоўка, вечарам бульбачка. Часам даюць рыбныя катлеты. Мяса, калі ёсць, то трапляе далёка не кожнаму ў талерку – як пашанцуе. Садавіны не даюць ніколі, гародніна – рэдка. Увосень і ўзімку часцей гатуюць салату з белакачановай капусты.
,,«Добра, што ў мяне была магчымасць хадзіць у краму і купляць нешта з ежы. Мне як палітычнаму зняволенаму дазвалялі выдаткоўваць штомесяц 80 рублёў. І вось у такіх умовах я скінуў 14 кілаграмаў. Не ведаю, што было б, калі б не мог дакупляць нешта», – кажа мужчына.
Ён пацвярджае, што на палітвязняў ціснуць і тым, што скарачаюць сумы, дазволеныя для выдаткавання ў краме калоніі.
Паводле Акосткі, Алесь Бяляцкі працуе на дрэваапрацоўванні.
«На яго таксама складаюць акты за парушэнні – за пыл за тумбачкаю, за ручнік на нарах або за вопратку на спальным месцы. У гэтым плане ўсё банальна і аднатыпова.
Алеся часта кідаюць у штрафны ізалятар, трапляў ён і ў ПКТ. Доўгі час Бяляцкаму не давалі звязацца з роднымі. Памятаю, што ліст ён, нарэшце, атрымаў перад самым маім вызваленнем. Тэлефанаваць блізкім яму таксама не дазвалялі», – працягвае Руслан.
Мужчына кажа, што адчувае сябе Алесь больш-менш нармальна, але захаваць здароўе ва ўмовах калоніі даволі складана.
Арсен Рудэнка belsat.eu