Беларусь часта называюць «запаведнікам сацыялізму». Пра свае сацыялістычныя погляды заяўляе і Аляксандр Лукашэнка. У краіне шмат назваў і помнікаў у гонар рэвалюцыяў і рэвалюцыянераў, але пры гэтым масава рэпрэсуюць працоўных, знішчылі прафсаюзы і агулам пабудавалі самадзяржаўе. Як да гэтага ставяцца сучасныя беларускія левыя, «Белсат» паразмаўляў з блогерам Companero Re, які з 2022 года жыве ў Польшчы.
– Беларускія левыя – што яны ўяўляюць на сённяшні дзень? Наколькі гэта цэльная з’ява?
– У Беларусі кожнае новае пакаленне нібы перавынаходзіць левы рух нанова. Мы памятаем, што ў сярэдзіне 1990-х ПКБ Калякіна [Партыя камуністаў Беларуская Сяргея Калякіна. – рэд. belsat.eu] мела ледзь не самую вялікую фракцыю ў Вярхоўным Савеце. Потым актыўна ўдзельнічала ва ўсіх кааліцыях з ліберальнай апазіцыяй, Калякін узначальваў штаб Мілінкевіча [адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года Аляксандра Мілінкевіча. – рэд. belsat.eu] і на любую кампанію выводзіў свой пажылы, але яшчэ досыць шматлікі актыў.
А ўжо да сярэдзіны нулявых партыя неяк паволі сышла на нішто і пра яе ведалі ўжо толькі людзі, якія вельмі моцна цікавяцца гэтай праблематыкай.
У 2010-я гады адносна прыкметнай была партыя «Зялёныя». Хутчэй лева-ліберальная паводле сваёй фізіяноміі, з прыкметным уплывам анархістаў. І з тымі дзядамі-камуністамі з ПКБ – «Справядлівага свету» яны не былі звязаныя практычна ніяк. Новае пакаленне прыйшло і выбрала для сябе нешта іншае.
А літаральна перад 2020-м мы злавілі новы феномен – адчувальны рост цікавасці моладзі да марксізму. Класічнага такога. Гэтая хваля па ўсёй постсавецкай прасторы пракацілася, і Беларусь не стала выключэннем. Рэалізоўвалася новая хваля праз «гурткі» – нешта накшталт чытацкіх клубаў па вывучэнні класікаў, сацсеткі і відэа-блогінг. І вось у нас у кожным буйным горадзе па кружку, пры гэтым сувязь з камуністамі з 1990-х нулявая – проста два не перасякальныя сусветы.
,,Калі б 2020-ы год не здарыўся або прайшоў неяк інакш, то мы цалкам маглі б атрымаць перазапуск руху з маладжавай левай партыяй і больш-менш прэзентабельнымі левымі медыямі. Але, адбылося тое, што адбылося. Да такога павароту падзей «новая хваля», відавочна, гатовая не была. Часам думаеш: вось гадоў на пяць бы гэта адтэрмінаваць...
– Левыя – ад народнікаў да бальшавікоў і анархістаў – былі галоўнымі сіламі рэвалюцыяў 1905 і 1917 гадоў. Менавіта яны былі тымі, хто заступаўся за хрэстаматыйныя «народныя масы». Чаму ў сённяшняй Беларусі гэта не так? Чаму не было каму арганізаваць забастоўкі ў 2020 годзе?
– Тут два пытанні насамрэч. Працоўны рух у гістарычным і сусветным кантэксце з’яўляецца часткай левага... Але не ў цяперашняй Беларусі.
У нас былі рудыментарныя незалежныя прафсаюзы (накшталт таго ж РЭПу [Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці. – рэд. belsat.eu]), спадчына пачатку 1990-х, якія, здаецца, ужо самі не разумелі навошта яны патрэбныя. Проста ў парадыгме ўсіх гэтых хлопцаў з 1990-х, дзяржпрадпрыемствы – гэта «савок» і, можа быць, іх лепш наагул закрыць, а бізнесу трэба проста не перашкаджаць і максімальна яго разняволіць. З такім настроем падымаць працоўны рух цяжкавата.
А наша «новая хваля» звярнулася да гэтай праблематыкі восенню 2020-га, калі было ўжо, шчыра скажам, пазнавата. Спробы наладзіць сувязь з калектывамі былі, і яны, дарэчы, натыкнуліся на поўны байкот з боку апазіцыі. Мне здаецца, прыхільнікі Ціханоўскай [абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай. – рэд. belsat.eu] са сваімі заклікамі да працоўных і студэнтаў не разменьвацца на малыя патрабаванні і самаарганізацыю, а выходзіць на вуліцу і патрабаваць перадачы ўлады Святлане – эфектна стрэлілі сабе ў нагу.

Гэта гісторыя страчаных магчымасцяў. Адбіліся боязь страціць кантроль над працэсам, элітарызм і глыбінная непрыязнасць да ўсяго, што звязана з левымі.
А адносна народных масаў... У 2020-м рэжым і Лукашэнка [кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. – рэд. belsat.eu] здзейснілі рэзкі скачок у нейкую іншую якасць. І мы як быццам ужо пачалі забываць, што раней Лукашэнка быў рэйтынгавым палітыкам, які карыстаецца падтрыманнем значнай часткі гэтых самых народных масаў, асабліва ў правінцыі. Ён нават паводле незалежных апытаннях апярэджваў любога канкурэнта. Была «шматвектарнасць» з моцна больш адэкватнай вонкавай і ўнутранай палітыкай. Гэта значыць масы не прасілі сябе ад яго абараняць.
У 2020-м ува ўсіх быў шок, і пасля яго пачалася нейкая зусім новая гісторыя.
– Якія асноўныя прэтэнзіі беларускіх левых да дэмакратычных сілаў Беларусі? Што ў іх не падабаецца? А якіх зменаў у Беларусі баяцца левыя, у выпадку іх перамогі? Наколькі абгрунтаванымі вы лічыце гэтыя страхі?
– Антыкамунізм, нейкі заалагічны. З Калякіным гэта проста брыдкавата выглядала: ён вам актыў, а недзяржаўная прэса на іх кожнае 7 лістапада вылівала цэбар бруду – калі ж гэтыя старыя ідыёты вымруць.
Добра, у публіцыста сваё меркаванне, але як на конт даць слова другому боку, у адпаведнасці са старымі добрымі журналісцкімі стандартамі? Я нейкі час думаў, што гэта такая спадчына 1990-х, якая з часам сыдзе на нішто. Але пасля майдана 2014 года ва Украіне проста буст падобных настрояў здарыўся.
Адна справа, калі ёсць пункты праграмы з якімі мы проста нязгодныя, але гэта накшталт як нармальна пры дэмакратыі – народ вырашыць хто мае рацыю. А іншае, калі вы хочаце нас забараніць і пасадзіць у турму. Як гэта робяць ва Украіне.
І я пакуль не бачу прыкметных зрухаў у лепшы бок.
– Ці ёсць цяпер агульныя кропкі паміж левымі і дэмакратычнымі сіламі?
– Тэарэтычна, адна ёсць. Напэўна мы ўсе зацікаўленыя ў тым, каб чалавек не баяўся пакінуць каментар пад артыкулам пад страхам паехаць у турму на некалькі гадоў. Каб у турмах не паміралі людзі і гэтак далей. У свабодзе выказвання думкі і гарантыях элементарных правоў.

У вельмі шырокім сэнсе ўсе – уключаючы многіх людзей, якія па нейкіх сваіх рэзанансе галасавалі за Лукашэнку. Я думаю гэты разгул сілавікоў і рэжым «часам не да законаў» нават грамадзянскую бюракратыю ўжо павінен палохаць.
Іншае пытанне ў тым, што я не часта бачу ў дэмакратычных сілах імкнення да раўнапраўнай камунікацыі з людзьмі іншых поглядаў. Перад 2020-м бачыў натуральную моду на «мяккую русафобію», самазваных «моўных інспектараў» і ўсякія варыянты дэкамунізацыі і люстрацыі незразумела кім незразумела каго. І я пакуль не ўпэўнены, што гэтая сітуацыя так ужо прынцыпова памянялася.
– Чаму беларускія левыя не стварылі ўмоўнага левага фронту, не звязанага з дэмакратычнымі сіламі, але які б супрацьстаяў дзяржаўнаму тэрору і абараняў правы працоўных, у тым ліку ад палітычных звальненняў?
– Паводле вышэйапісаных прычынаў. Старыя левыя ўжо паспелі раскласціся, новая хваля яшчэ не паспела арганізавацца. Прафсаюзаў як такіх не было. І ўсім незразумела ад каго ўласна абараняцца – з аднаго боку сілавікі лютуюць, з другога Пальчыс [блогер Эдуард Пальчыс, з’яўляецца палітвязнем з восені 2020 года. – рэд. belsat.eu] «дэсаветызацыю паводле метаду Піначэта» [кіраўніка Чылі ў 1973–1990 гадах Аўгуста Піначэта, абвінавачанага ў масавых рэпрэсіях. – рэд. belsat.eu] абяцае.
Спробы выступіць супраць гвалту на ўзроўні заяваў былі, але правыя медыя нас не любяць, таму іх асабліва ніхто і не пачуў.
– Як вы самі ставіцеся да сучасных беларускіх левых? У чым вашыя галоўныя прэтэнзіі да іх?
– Ну, у Беларусі цяпер няма хадоў, здольных вывесці ў дамкі. Я бачу настрой на замерці і перачакаць, пакуль сітуацыя неяк сама-сабой вернецца ў «наш 2019-ы», каб можна было працягнуць. Думаю, сама гэтая шызуха не пройдзе. Аляксандр Рыгоравіч [Лукашэнка. – рэд. belsat.eu] збіраецца кіраваць да смерці, а пры ім ля стырна я проста не бачу магчымасцяў для спынення рэпрэсіяў. Падазраю, што іх толькі вельмі моцны, разумны і папулярны палітык можа спыніць.
Але я ўсведамляю, што знутры, з Беларусі, на гэтую сітуацыю могуць глядзець інакш. Нам тут лягчэй быць смелымі і рашучымі.

– Як вы ставіцеся да афіцыйнай Камуністычнай партыі Беларусі і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці? Чаму іх захавалі ўлады ў адрозненне ад ліквідаваных Справядлівага свету, Зялёных і трох сацыял-дэмакратычных партыяў? Як бы вы ахарактарызавалі КПБ і РППС, у чым іх адрозненні і навошта іх дзве?
– Ну РППС для мяне – поўная загадка, не ўпэўнены што іх да левых можна аднесці нават фармальна. Калі я правільна разумею, там у 2020-м людзі накшталт Эльвіры Мірсалімавай [у 2024 годзе была затрыманая і аштрафаваная за прапаганду нацысцкіх сімвалаў. – рэд. belsat.eu] уваходзілі – за «расейскі свет», але без захапленняў да Лукашэнкі. Потым іх зачысцілі, і наступіў могілкавы супакой.
А КПБ – гэта такое бюро рытуальных паслуг, і яна гэтыя паслугі ўлады аказвае. У Расеі даволі шырока ходзіць міф пра народнага левага бацьку, які ўпарта трымае свой асколак СССР. Такі балотны Чавэс [кіраўнік Венесуэлы ў 1999–2013 гадах Уга Чавэс. – рэд. belsat.eu].
,,Гэта своеасаблівая «мяккая моц» і інструмент уплыву. Паедзе туды КПБ, яшчэ раз праспявае што «над Менскам штодня лунае чырвоны сцяг!» і пралье бальзам на загадкавую расейскую душу.
– Сярод актыўных і медыйных чальцоў КПБ апошняга часу можна назваць адыёзных праўладных блогераў Пятра Пятроўскага, Аляксея Дзерманта і Вольгу Бондараву, вядомыя сваімі сімпатыямі да ультраправых. Яны выглядаюць даволі чужароднымі для Кампартыі. Навошта яны туды ўступілі і чаму іх там трымаюць?
– Мне здаецца, калі гэтую цуда-партыю прагнаць праз залік па марксісцка-ленінскай тэорыі, то прывідныя шанцы яго здаць маюць толькі Дзермант з Пятроўскім. Ну яшчэ Сабліна з «Мінскай праўды» [аглядальніца Надзея Сабліна. – рэд. belsat.eu]. Яны хаця б нешта чыталі пра камуністаў і могуць складна размаўляць.
Тых, хто цалкам надзейны і адначасова не зусім пень, падобна, крытычна мала. А не на ўсе месцы можна пасадзіць сілавіка. Таму Гігіна [прапагандыста Вадзіма Гігіна. – рэд. belsat.eu] – у [Нацыянальную. – рэд. belsat.eu] бібліятэку, Азаронка [прапагандыста Рыгора Азаронка. – рэд. belsat.eu] – на «Беларусьфільм», а Лёшу з Пецем – у КПБ.
А Бондараву, здаецца пісалі, што адтуль выгналі – гэта ж чыстае вар’яцтва.
– Беларусь часта называюць «запаведнікам сацыялізму». У краіне захавалася большасць савецкіх назваў, савецкая ж сімволіка, помнікі, святы і дэманстрацыі на іх. Наколькі сацыялістычнай з’яўляецца сённяшняя Беларусь, на вашую думку? Ці ёсць сацыялістам Лукашэнка, які сам сябе так характарызуе? Навошта ўладам уся гэтая савецкая эстэтыка?
– Калі параўноўваць з Яраславам Раманчуком [эканамістам, кіраўніком лібертарыянскага Цэнтру Мізэса. – рэд. belsat.eu], то Лукашэнка, у пэўным сэнсе, сацыяліст. Паводле поглядаў на эканоміку. Ён дапускае, што дзяржава можа «падкруціць» рынак як трэба, а не чакаць цудаў ад «нябачнай рукі».
Пры гэтым у гуманітарным сэнсе ён вельмі правы – цяперашняя гісторыя хутчэй пра праславутае «пачуццё рангу» і жорсткую іерархію, чым пра роўнасць. У нас чыноўнікі і сілавікі хутка ў асобнае саслоўе ператворацца.

А адносна сімволікі, мне здаецца, што ён прагматычна выкарыстаў у 1995 годзе настальгію часткі насельніцтва па толькі што страчаным СССР і раздражненне ад напорыстай беларусізацыі ўсіх тых, хто яе не замаўляў.
Проста скажы «я адзіны, хто галасаваў супраць Белавежскіх пагадненняў», дадай БССР-аўскі сцяг і назірай, як узлятае рэйтынг. Не разумею, чаму ў гэтым бачаць каштоўнасці, а не прагматыку. Нармальны ход хітрага палітыкана.
Да таго ж, для Лукашэнкі, гэта яшчэ і гісторыя ягонага асабістага поспеху – як ён усіх прыгожа ў 1995-м гэтай сімволікай перамог.
– Як бы да сённяшніх уладаў, на вашую думку, паставіўся ўмоўны рэвалюцыянер Іван Пуліхаў, імем якога названая вуліца ў Менску і які арганізаваў замах на менскага губернатара? А ўлады да яго? Як сталася, што ў краіне з вуліцамі Рэвалюцыйнымі рэвалюцыя пад забаронай?
– Думаю, што натуральная антытэза Пуліхаву, як і таму ж Каліноўскаму [лідару вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў Кастусю Каліноўскаму. – рэд. belsat.eu] – расейскі Імперскі дыскурс. І вось ён падабаецца рэжыму яшчэ менш. Лукашэнка хоча быць самадзержцам, а не генерал-губернатарам, таму мы бачым як ён пачаў супраціўляцца спробам расейскіх «гісторыкаў» унасякоміць Кастуся. Ён яго не любіць...але Мураўёў [кіраўнік задушэння паўстання 1863-1864 гадоў Міхаіл Мураўёў-Вешальнік. – рэд. belsat.eu] падрывае легітымнасць.
Зразумела, што Пуліхаў, Прытыцкі [адзін з лідараў Кампартыі Заходняй Беларусі Сяргей Прытыцкі. – рэд. belsat.eu] і нават Фрунзэ [Міхаіл Фрунзэ у 1917 годзе кіраваў баявымі атрадамі працоўных у Менску, на падставе якіх утварылася міліцыя. – рэд. belsat.eu] – чыстыя «экстрэмісты». Але будуць нейкі час трываць усе нестыкоўкі, падшукваючы нейкія ўласныя альтэрнатывы. У некалькіх гарадах у Мітрапаліта Філарэта [кіраўніка Праваслаўнай царквы ў Беларусі ў 1978–2013 гадах. – рэд. belsat.eu] пераназывалі вуліцы – мабыць, шукаюць нешта накшталт такога.
– Чым на вашую думку павінны займацца беларускія левыя ў сённяшніх рэаліях? А чаго рабіць не павінны?
– Тым, хто можа выехаць з Беларусі, я раіў бы гэта зрабіць. Нам трэба аднаўляць свае медыя-рэсурсы, якія мы пакуль што па сутнасці страцілі. У Беларусі гэтага зрабіць дакладна не дадуць.
,,Чаго дакладна не рабіць? Не даць запляміць сябе любым саўдзелам у рэпрэсіях. Я думаю, што рэжым як раз паспрабуе як мага больш самых розных людзей зрабіць саўдзельнікамі. Але гэтаму няма апраўданняў ні паводле якіх мерак.
– Якою вы бачыце будучыню левых у лукашэнкаўскай і пост-лукашэнкаўскай Беларусі?
– У цяперашняй Беларусі будучыні няма ні ў каго. Толькі ў пазбаўленых пачуцця ўласнай годнасці чыноўнікаў і сілавікоў. Будучыню яшчэ трэба заслужыць. Насамрэч, вялікае пытанне, ці застанецца пасля Лукашэнкі Беларусь.
Макар Мыш belsat.eu