«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 4 лістапада чытайце ў нашым матэрыяле.
Адносная стабільнасць на Куршчыне
Цягам апошняга тыдня захоўвалася тэндэнцыя па стабілізацыі фронту на тэрыторыі Курскай вобласці РФ. Адначасова з гэтым ідзе агульнае зніжэнне інтэнсіўнасці баявых дзеянняў.
Так, на тэрыторыі Глушкоўскага раёну Збройныя сілы Украіны больш не праводзілі атак у ваколіцах сяла Новы Пуць, засяродзіўшыся на ўтрыманні цяперашніх пазіцыяў. Пры гэтым на іншых участках фронт зафіксаваўся па дзяржаўнай мяжы, новых спробаў прарыву якой не фіксуецца.
У Коранеўскім раёне ідуць баі ў ваколіцах сяла Любімаўка, але пры гэтым расейцам па-ранейшаму не ўдаецца цалкам атачыць праціўніка на ўчастку з поўдня ад населенага пункту.
У Суджанскім раёне фіксуецца рух войскаў РФ на паўночным участку фронту, дзе ім удалося зачапіцца за ўскрайкі сяла Паграбкі. Між тым агулам лінія сутыкнення не зазнала істотных зменаў.
Выцісканне ЗСУ на Харкаўшчыне
Больш актыўным выглядае фронт на паўночным усходзе Харкаўскай вобласці Украіны, дзе расейцы паступова ліквідуюць плацдарм ЗСУ на левым беразе ракі Аскіл.
У Купянскім раёне УС РФ падышлі да населенага пункту Петрапаўлаўка, які фактычна з’яўляецца ўсходнім прыгарадам Купянску. Пры гэтым да самога раённага цэнтру расейцам застаецца прайсці каля двух з паловай кіламетраў.
Ніжэй па фронце расейцы наступаюць з поўдня ад сяла Стэпавая Навасёлаўка, імкнучыся ў выніку зайсці ў тыл Збройным сілам. Паводле прарасейскіх крыніцаў, перадавым атрадам УС РФ ужо ўдалося дасягнуць участку дарогі Н-26 (Купянск – Сватава).

На самым поўдні раёну войскі РФ занялі большую частку сяла Круглякоўка і наблізіліся да пераправы цераз раку. Імаверна, далей адсюль расейцы будуць намагацца стварыць плацдарм на правабярэжжы.
Адначасова з гэтым назіраецца рух на поўнач у ваколіцах суседняй Калеснікоўкі. Такім чынам ідзе паступовае выцісканне ЗСУ з левабярэжжа.
Праўкраінскія крыніцы пішуць, што ў суседнім Бараўскім раёне ідуць баі за сяло Вішнёвае, адкуль войскі РФ плануюць выйсці да суседняга Першатраўневага і, у далейшай перспетыве, да Шыйкоўкі. Кантроль над гэтымі населенымі пунктамі дазволіць перарэзаць дзве дарогі да пасёлку Баравая, што істотна паўплывае на лагістыку ўкраінцаў.
Між тым адзначаецца, што пакуль ЗСУ ўдаецца блакаваць мажлівыя крытычныя прарывы фронту на ўсім купянскім кірунку.
У гэты ж час на суседнім ліманскім кірунку Узброеныя сілы РФ выціскаюць праціўніка з плацдарму на левым беразе ракі Жарабец: за апошні тыдзень фіксуюцца іхныя прасоўванні ў ваколіцах сяла Церны. Сітуацыя пакуль не выглядае крытычнай для ЗСУ, аднак агульная дынаміка ўказвае на поўную перавагу расейцаў.
Разрастанне крызісу ЗСУ на Данбасе
У Данецкай вобласці ідуць цяжкія баі амаль па ўсёй лініі сутыкнення, пры гэтым расейцы валодаюць поўнай ініцыятывай.
У тарэцкай агламерацыі варта звярнуць увагу на сітуацыю ў аднайменным горадзе: тут войскі РФ прасунуліся амаль да цэнтру населенага пункту з усходу і поўдня, у выніку чаго ў паўатачэнні паміж гэтымі ўчасткамі апынуліся ўкраінскія вайскоўцы.
На паўднёвым захадзе войскі РФ намагаюцца прасунуцца ўздоўж чыгуначнай лініі каля Нялепаўкі. Украінскія вайскоўцы ўдакладняюць, што праціўнік праводзіць штурмы з дапамогай цяжкай тэхнікі, але пакуль ЗСУ ўдаецца знішчаць тэхніку і адбівацца. Поспех на гэтым участку фронту неабходны расейцам для далейшага абыходу Тарэцку з захаду.

Ніжэй па фронце ідзе рух у бок населенага пункту Сухая Балка, што ў перспектыве можа прывесці да ахопу пазіцыяў ЗСУ на поўдні тарэцкага кірунку праз выхад да суседняга пакроўскага каля Ачэрэтына. Гэтая думка ўскосна пацвярджаецца атакамі з паступовым рухам на поўнач ад апошняга населенага пункту.
Таксама на пакроўскім кірунку расейцы цалкам занялі Сэлыдава, выбіўшы ЗСУ з паўночна-заходніх ускрайкаў гораду. На гэтым яны не спыніліся і працягнулі наступаць далей. Тут у першую чаргу варта звярнуць увагу на паўднёвы кірунак, дзе УС РФ дайшлі да сяла Навадзьмітраўка. Рух на гэтым участку ўказвае на жаданне дайсці да берага Курахаўскага вадасховішча, каб адрэзаць украінскія сілы, а таксама абысці з захаду сам горад Курахава.
Разумеючы перспектывы атачэння, ЗСУ адышлі з населеных пунктаў Гарняк і Курахаўка ў бок заходняй часткі вадасховішча, што стала магчымым, дзякуючы намаганням ўкраінскіх байцоў, якія ўтрымліваюць пазіцыі ў сяле Новасэлыдаўка.
У гэты ж час на курахаўскім кірунку істотна пагаршаюцца перспектывы абароны самога гораду Курахава: у дадатак да магчымага выхаду да населенага пункту з паўночнага захаду, існуе вялікая верагоднасць адпаведнага руху і з паўднёвага захаду. Так, толькі за апошні тыдзень Узброеныя сілы РФ занялі населеныя пункты Богаяўленка, Новаўкраінка, Шахтарскае, Ясная Паляна і Максімаўка. Далейшы рух у гэтым кірунку пагражае пераразаннем трасы Н-15 Данецк – Запарожжа, цераз якую ажыццяўляецца асноўнае забеспячэнне ўкраінскіх сілаў у Курахаве.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu