Гэлаўін, які адзначаецца 31 кастрычніка, шмат хто лічыць незвычайным, цікавым і вясёлым святам, днём, калі хоць раз на год можна пасмяяцца над смерцю і злом. У той жа час яго моцна крытыкуюць некаторыя хрысціянскія канфесіі, а ў Беларусі апошнім часам у «крыжовы паход» супраць Гэлаўіну пайшла ўся ідэалагічная сістэма. А што гэта насамрэч за свята? Адкуль яно ўзялося ў нашай культуры? Ці такое яно ўжо для нас чужое? І што ў яго агульнага з хрысціянскім Днём усіх святых ды Дзядамі? Распавядаем.
Старажытныя кельты і хрысціянскія місіянеры
Сёння Гэлаўін шырока святкуецца ў Вялікай Брытаніі, Заходняй Еўропе, ЗША. З канца ХХ стагоддзя свята ўкаранілася і ва ўсходнееўрапейскай культуры. Яно таксама адзначаецца ў некаторых іншых краінах, што маюць культурныя сувязі з ЗША ці Вялікай Брытаніяй – Японіі, Паўднёвай Карэі, Сінгапуры, Аўстраліі і Новай Зеландыі, шэрагу астраўных краінаў Акеаніі.
Карані ж Гэлаўіну – у традыцыях старажытных кельтаў Ірландыі і Шатландыі, а менавіта – у кельцкім паганскім свяце Самайн, якое адзначалася 31 кастрычніка. Кельты дзялілі год на лета і зіму, светлую і цёмную паловы. Самайн святкаваўся напрыканцы збору ўраджаю і азначаў канец лета і пераход на цёмную палову года. Сама назва «самайн» азначае – «канец лета».
Свята, хоць і было сельскагаспадарчым, моцна звязанае з духоўным светам. Кельты верылі, што ў ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада свет мёртвых прыадчыняе дзверы і на зямлю пранікаюць духі. Да распаўсюду хрысціянства людзі імкнуліся ў гэты дзень залагодзіць злых духаў, абараніць сябе і сваю сям’ю. Мужчыны разводзілі вогнішчы і апраналіся ў звярыныя шкуры, каб адпужнуць нячыстую сілу. Вугельчыкі ад рытуальных вогнішчаў потым распальвалі дома, каб агонь ахоўваў хату. Жанчыны гатавалі пачастунак для душаў продкаў і пакідалі на парогах дамоў.
Хрысціянскія місіянеры вырашылі інтэграваць гэтае паганскае свята ў свой каляндар. У VIII стагоддзі папа рымскі Рыгор ІІІ перанёс на 1 лістапада Дзень усіх святых, які да гэтага святкаваўся 13 траўня (дарэчы, раней таксама паганскае свята Лемурыя). Вечар перад святам – 31 кастрычніка называлі «вігілія ўсіх святых»: «all-hallows-even». Паступова назва скарацілася да Halloween – Гэлаўін.
Пасля масавай міграцыі шатландцаў і ірландцаў у ЗША Гэлаўін стаў папулярным і там, і падхоплены масавай культурай, атрымаў у свеце імідж амерыканскага свята.
Традыцыі Гэлаўіну
Trick-or-treat
Традыцыя выпрошвання слодычаў (trick-or-treat) на Гэлаўін з’явілася прыкладна ў XVI стагоддзі ад сярэднявечнага звычая, калі узамен за праныя кексы з разынкамі, вядомыя як торцікі душаў, абяцалі маліцца за упакой душаў у чысцы.

Гаданні на будучыню
На Гэлаўін у старажытнай Шатландыі гадалі і прадказвалі лёс. Напрыклад, збіралася кампанія і распальвала вогнішча. Кожны ўдзельнік павінен быў знайсці вакол сябе камень. Гэтыя камяні клалі вакол вогнішча і разыходзіліся. Раніцай вярталіся паглядзець на свае камяні. Калі камень ссунуўся са свайго месца – гэта прадвяшчала хваробу, калі зусім знікаў – хуткую смерць чалавека, які паклаў гэты камень.
Дзяўчыны гадалі на каханне. Бралі падпаленую свечку і яблык і ішлі ў цёмны пакой з люстэркам. Свечку ставілі насупраць люстэрка, глядзелі ў яго, елі яблык і чакалі, калі ў люстэрку з’явіцца сілуэт будучага суджанага. Калі свечка згасала, гэта азначала, што ў пакоі знаходзіліся цёмныя сілы.
Цяпер на Гэлаўін у Ірландыі звычайна запускаюць феерверкі. У Японіі праводзяць святочныя шэсці. У Францыі ладзяцца сапраўдныя карнавалы, удзельнікі якіх пераапранаюцца ў гоблінаў, вампіраў, прывідаў і ходзяць з ліхтарамі-гарбузамі.
У Кітаі ў гэтыя даты праходзіць фестываль духаў Teng Chieh – традыцыйны дзень памінання продкаў. Перад фотаздымкамі памерлых сваякоў кітайцы ставяць ежу, ваду і ліхтар, які мае асвятляць душам продкаў шлях.
Ліхтар Джэка
Звычаі апранаць касцюмы і выразаць з гарбуза ліхтар Джэка сталі папулярнымі ў ХІХ стагоддзі. Тады ж ліхтар Джэка стаў самым пазнавальным сімвалам Гэлаўіну. Гэта пусты гарбуз з выразанай злой грымасай, унутры якога – свечка. Лічылася, што такі ліхтар каля дому ў Дзень усіх святых будзе адганяць злых духаў. Гэтае павер’е сыходзіць глыбока ў Сярэднявечча, калі жыхары брытанскіх выспаў выразалі твары на пладах падчас збору ўраджаю. Акрамя таго, ліхтар Джэка сімвалізуе душу, якую не прынялі ні ў рай, ні ў пекла.

Паводле легенды, Джэк – сквапны ірландзец, які быў вядомы хлуснёй, крадзяжамі і п’янствам. Аднойчы ён папрасіў д’ябла выпіць з ім, але не хацеў плаціць за выпіўку, таму пераканаў д’ябла, каб той ператварыўся ў манету і Джэк разлічыўся б ёй. Як толькі д’ябал стаў манетай, Джэк паклаў яе побач са срэбным крыжыкам, што не дазволіла д’яблу вярнуць сваё аблічча. Джэк дазволіў д’яблу вярнуцца пры ўмове, што той не будзе турбаваць яго цэлы год і не забярэ ягоную душу пасля смерці. Налета Джэк зноў абдурыў д’ябла – прымусіў яго залезці на дрэва за фруктам, і калі той быў на вяршыне, выразаў на кары дрэва крыж. Ірландзец дазволіў д’яблу спусціцца, калі той паабяцаў не турбаваць яго яшчэ 10 гадоў.
Калі Джэк памёр, д’ябал стрымаў сваё абяцанне і не ўзяў яго ў пекла, але і Бог не ўзяў у рай. З таго часу Джэк блукае па зямлі і чакае Судны дзень. З сабой ён носіць вугалёк, які яму даў д’ябал. Ірландзец распаліў гэты аганёк, паклаў яго ў пустую рэпу і так асвятляе сабе шлях. Адсюль і пайшла назва – ліхтар Джэка, які цяпер робяць на Гэлаўін. Раней яго рабілі з рэпы, а гарбуз сталі выкарыстоўваць у ЗША, дзе ён быў больш даступным, чым рэпа.
Гэлаўін і хрысціянства
У розных канфесіях рознае стаўленне да гэтага свята. У англіканскай царкве яго падтрымліваюць і лічаць традцыяй святквання Дня ўсіх святых. Некаторыя пратэстанты адзначаюць Гэлаўін у памяць аб Рэфармацыі, святкаванне гадавіны якой прыпадае таксама на гэты дзень.
У Каталіцкай царкве таксама можна сустрэць рознае стаўленне. У польскім і беларускім касцёлах меркаванне адносна Гэлаўіну пераважна адмоўнае. Святары ў прыходах распавядаюць вернікам, што гэтае свята нельга адзначаць, бо яно паганскае, мае сувязь з акультызмам, эзатэрыкай, супярэчыць хрысціянскім прынцыпам, звязанае з богам смерці Самайнам, і што яму нават прыносілі чалавечыя ахвяры. Святары пужаюць тым, што ў гэты дзень актывізуюцца сатаністы, заклікаюць на дапамогу дэманічных духаў. Гэлаўін, па меркаванні некаторых беларускіх святароў – паганскае свята з элементамі сатанізму, і не мае нічога агульнага з хрысціянствам, акрамя таго, што святкуецца тады ж, калі і Дзень усіх святых.

Аднак ёсць і меркаванне ў касцёле, што Гэлаўін не толькі ніякім чынам не перакрэслівае хрысціянскія традыцыі, але і тлумачыць і дапаўняе іх, бо гэта дзень, у які людзі танчаць, смяюцца, жартуюць, ядуць слодкае і думаюць пра смерць, пра душы ў чысцу, і нават пра дэманаў, і жартуюць над гэтым усім. Чаму б не жартаваць над смерцю і злом, калі Хрыстос усё перамог, пытаюцца хрысціяне, якія яне бачаць у Гэлаўіне ніякай пагрозы?
Рэзка супраць Гэлаўіну выступае Праваслаўная царква.
У Расеі і Беларусі святкаваць Гэлаўін забараняюць на дзяржаўным узроўні, кажучы, што гэта чужое свята, якое не адпавядае рускай ці беларускай культуры.
У 2022 годзе «крыжовы” паход супраць Гэлаўіну ўчыніла праўладная актывістка Вольга Бондарава. Тады ж у аддзелы адукацыі пачалі рассылаць паведамленні, у якіх казалася, што дырэктары мусяць прыняць «вычарпальныя меры па недапушчэнні прапаганды правядзення мерапрыемстваў, якія супярэчаць традыцыйным каштоўнасцям беларускага народу». Сярод такіх мерапрыемстваў быў названы ў тым ліку Гэлаўін.

У 2023 годзе «пад атаку» Бондаравай трапіла адна з бабруйскіх кавярняў, якая была аздобленая гарбузамі і павуціннем з павукамі. Праўладная актывістка заявіла, што гэтыя дэкарацыі – «дэструктыўная стратэгія Захаду».
Чым падобныя Гэлаўін і Дзяды?
У беларускім народным календары ёсць дзень, падобны да старажытнага ірландскага Самайну. Гэта Дзяды – дзень успаміну памерлых продкаў. Раней на працягу года такіх дзён было шмат, аднак паступова за Дзядамі замацавалася 2 лістапада.
Традыцыі Дзядоў падобныя да паганскіх звычаяў ірландцаў. Беларусы таксама раней рабілі ў гэты дзень усё, каб залагодзіць душы сваіх продкаў, каб яны не наслалі на іх няшчасці і неўраджай на наступны год, і сляды гэтых традыцыяў застаюцца і сёння.
Спрадвеку ў гэты дзень беларусы ладзілі вячэру ў памяць аб памерлых сваяках. На стол ставілі дадатковую талерку для душаў продкаў, а на ноч пакідалі ежу. Таксама на Дзяды мыліся ў лазні і пасля пакідалі крыху вады і венік – таксама для памерлых блізкіх.
Пасля таго, як душы продкаў памыліся і паелі, іх трэба было павесяліць, таму ладзілі танцы і спевы.

На Дзяды наведваюць могілкі, прыбіраюца на магілах памерлых сваякоў, пакідаюць на іх пачастункі і запальваюць лампадкі.
Каталіцкі дзень усіх памерлых
У Каталіцкім касцёле 2 лістапада адзначаецца так званы Дзень Задушны ці Дзень успаміну ўсіх памерлых. Яго ўстанавілі ў Х стагоддзі і звязалі з Днём усіх святых – дату святкавання прызначылі на 2 лістапада. Менавіта ў той час аформілася дактрына аб Чысцу як пераходным месцы, куды трапляюць душы тых, хто мае за душой грахі, у якіх не пакаяўся пры жыцці. У Дзень успаміну памерлых пастанавілі маліцца за такія душы.
Таксама людзі верылі, што ў гэты дзень можна сустрэць душы сваіх памерлых продкаў, і з гэтым былі звязаныя некаторыя традыцыі. Напрыклад, напаўнялі маслам і запальвалі лампы, каб душы маглі сагрэцца і разагрэтым маслам вылечыць раны, якія атрымалі ў чысцу. Ладзіліся працэсія, падчас якіх людзі апраналі жудасныя маскі. На стол падчас вячэры ставілі адну дадатковую талерку на выпадак, калі хтосьці з памерлых вырашыць далучыцца, і пакідалі гэтую талерку і крыху ежы на ноч.
У касцёле цягам 8 дзён пасля Задушнага дня адпраўляюцца службы за памерлых, а вернікаў запрашаюць да наведвання могілак і малітвы за душы продкаў. Калі адхадзіў так 8 дзён і адчытаў пэўныя малітвы, то можа атрымаць так званы адпуст пакарання за грахі.
Як бачыце, ірландскі Гэлаўін, беларускія Дзяды і заходнехрысціянскія святы ўсіх святых і памерлых маюць падобную ідэю, традыцыі, а таксама наўзаем звязаныя і шмат у якіх момантах перацякаюць адно ў другое. Што менавіта святкаваць, і ці святкаваць увогуле – вырашаць вам.
Ганна Ганчар belsat.eu