За найбліжэйшы месяц сталічны клуб, які кантралюецца сілавікамі Лукашэнкі, згуляе ў дзвюх Еўрапейскіх сталіцах – Хельсінкі і Варшаве – і пэўна зноў станецца чэмпіёнам Беларусі. Бо канкурэнтаў менскае «Дынама» не мае. Як так сталася? Давайце разбірацца.
Пасля распаду СССР менскае «Дынама» пяць разоў запар выгульвала чэмпіянат Беларусі, але затым у лідары выйшлі іншыя – Мазыр, Магілёў, Салігорск, Гомель, Бабруйск.
З пачатку 2000-х топ-клубам у краіне робіцца барысаўскі БАТЭ – з 2006 да 2018 года толькі БАТЭ перамагае ў чэмпіянаце Беларусі. Пры гэтым клуб з Барысава ўдала выступаў і ў Еўропе. Напрыклад, абыграў «Баварыю» і «Арсенал».
Дзякуючы ўдалай гульні ў Еўракубках БАТЭ мог не думаць пра напаўненне бюджэту. Пакуль у 2019 годзе яго не спыніла берасцейскае «Дынама» з грашыма ад гаманца Лукашэнкі Аляксандра Зайцава. У футбольных кулуарах казалі, што сапраўдным гаспадаром гэтага праекту Віктар Лукашэнка.
2020 год прынёс новага флагмана – салігорскі «Шахцёр». Генеральны дырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты засыпаў клуб грашыма, кожны год прывозіліся дарагія легіянеры, і ніхто не мог канкураваць ужо з «Шахцёрам». Салігорск узяў тры чэмпіёнствы запар. Пакуль клуб не ссеклі на ўзлёце і фактычна знішчылі.
Пры ўсім сваім уплыве Галаваты нічога не мог зрабіць, ён не меў магчымасці супраціўляцца асабіста Лукашэнку, які некалькі разоў намякнуў, хто мае быць чэмпіёнам Беларусі па футболе.
У верасні 2021 года ў цырымоніі адкрыцця дзіцяча-юнацкага футбольнага цэнтру менскага «Дынама» Лукашэнка заявіў:
«Паўжартам, хоць у кожным жарце ёсць толькі доля жарту, нашым спартоўцам, гульцам-дынамаўцам не раю мець справу са мною. Бо, калі будзеце гуляць дрэнна, лічыце, што кожны дзень вы будзеце ў мяне на кантролі. Я ў вас буду вельмі часта бываць, і ўжо цяжка будзе і спартоўцам, і трэнерам. Таму лепш гуляйце добра. Вось на што я разлічваю».
У гэты час ужо было не да законаў, і знішчаць канкурэнтаў пачалі з БАТЭ.
Да таго моманту ўжо садзьмуліся амбітныя праекты Зайцава. Клуб з Барысава ўжо не атрымліваў неабходных для самастойнага фінансавання грошай ад еўракубкаў і змушаны быў прасіць грошай у дзяржавы ды прадаваць гульцоў.
,,Як вядома, усе беларускія клубы так ці інакш залежныя ад дзяржавы.
Спачатку барысаўскай камандзе забаранілі выкарыстоўваць пяцёх нелаяльных уладам гульцоў, якія трапілі ў чорны спіс Мінспорту. А ў канцы 2023 года БАТЭ пакінулі васьмёра гульцоў асноўнага складу. У выніку ў 2023-м БАТЭ заняў у чэмпіянаце пятае месца і ўпершыню за доўгія гады застаўся без еўракубкаў. Цяпер ідзе дзявятым, не гуляе ў Еўропе, а значыць, нічога не заробіць. Фактычна за два-тры гады БАТЭ ператварылі ў серадняка.
«Шахцёр» і менскі «Энергетык» проста знішчылі з дапамогаю сілавікоў. У 2022 годзе «Шахцёр» выгуляў чэмпіянат, а «Энергетык» стаўся другім, але каманды былі абвінавачаныя ў дамоўных гульнях. Хоць гэта было банальнае стымуляванне, калі каманда А плаціць камандзе Б за дасягненне пэўнага выніку. У беларускім футболе гэта была нармальная практыка, але «Шахцёр» і «Энергетык» было пастаноўлена публічна пакараць, у іх забралі медалі і пазбавілі званняў.

У выніку пастановаю дысцыплінарнага камітэту АБФФ «Шахцёр» пазбавілі чэмпіёнскага звання і месца ў Лізе чэмпіёнаў. У чэмпіянаце сезону 2023 года ў салігорскага клубу забралі 30 пунктаў, а ў 2024-м – яшчэ 20. Да таго ж забаранілі рэгістраваць новых гульцоў. У выніку «Шахцёр» здолеў захаваць сваё месца ў эліце ў 2023-м, але прынятыя супраць яго захады дабілі былога гранда, і ён упершыню ў сваёй гісторыі аказаўся ў другім дывізіёне.
«Энергетык-БДУ» пазбавілі 20 пунктаў у сезоне-2023, ён вылецеў у першую лігу і пачынаў сезон-2024 з мінусам дзесяццю пунктамі, і цяпер займае апошняе месца. Гэтак забілі праект, што даваў беларускаму футболу таленавітых маладых гульцоў.
УЕФА на ўмяшальніцтва дзяржавы ў футбольныя справы закрыў вочы. Цяпер нішто не замінае менскаму «Дынама» быць чэмпіёнам у Беларусі. Клуб уваходзіць у структуру БФСТ «Дынама», ёю цяпер кіруе палкоўнік міліцыі Ігар Абярэмка. Таксама камандзе актыўна дапамагае менскі аблвыканкам.
,,«Дынама» актыўна карыстаецца адмінрэсурсам, а ў канкурэнтаў такога няма і блізка.
Калі паглядзець на спонсараў, то можна пабачыць, што клуб лепшым робяць намаганнямі ўсёй краіны, не толькі Беларусі, але і Расеі. Гэта найбуйнейшы легальны расейскі букмекер «Winline», мясаперапрацоўчы завод «Іней» з Санкт-Пецярбургу, Менскі завод цывільнай авіяцыі № 407, «Белтэлекам», Нацыянальны аэрапорт Менск, некалькі банкаў, гатэльных комплексаў, аўтасалонаў. Пры гэтым шэраг спонсараў – пад санкцыямі.
У беларускім футболе няма клубу з такімі ўмовамі, як у сталічнага. Шыкоўныя заробкі, найлепшыя гульцы, няма канкурэнтаў. Ну як пры такіх спрыяльных умовах не быць чэмпіёнам?
Алесь Ляўчук belsat.eu