Было ж і 3,6. Усяго паўгода таму. І тады прагнозы былі або нейтральныя, або песімістычныя. І ў што цяпер верыць?..
Гістарычная даведка: 1 верасня 2022 года за адзін долар давалі 4,94 злотага, сёння – 3,75, разам – умацаванне на 24 %. На тую ж дату за адзін еўра давалі ўсяго 97 цэнтаў ЗША, а цяпер 1,14, гэта значыць і тут умацаванне еўрапейскай валюты на 17 %. Калі праз гэтую прызму паглядзець на ўмацаванне што расейскага рубля (ад 112 да 80 – 29 %), што яго беларускага сабрата (ад 3,6 да 3,0 – 17 %), яно не выглядае нечым незвычайным, толькі прамежкі трохі адрозніваюцца.
Але мы ж да такога не прызвычаіліся. У нас жа ў падсвядомасць зашыты рух толькі ў адзін бок. Дык што ж? Як жа?
Тлумачэнні і прагнозы разгубленых эканамістаў не змяніліся: сённяшні курс рублёў (у першую чаргу расейскага) завышаны і нават шкодны для здароўя бюджэту. Норма для Расеі – нешта значна больш блізкае да 100, а значыць, і прапарцыйнае (з некаторым каэфіцыентам) зніжэнне беларускага рубля павінна прызямліцца на ўзровень 3,4–3,5. І травень – гэта апошні месяц «нездаровай» устойлівасці. Ды так яны пішуць, прагназісты…
А пакуль імпарцёры ў Беларусі ціхенька радуюцца, падлічваючы незапланаваныя барышы. Курс умацаваўся, але кошты засталіся тыя ж. І не проста тыя ж, а яшчэ і выраслі, толькі афіцыйная інфляцыя перавысіла запланаваныя паказальнікі і склала 6,5 % гадавых.
,,Таму і грамадзяне, у якіх заробак, «паводле курсу», раптам пацяжэў на гэтыя 17 % (і дзе было $ 500, стала амаль $ 600), таксама не адчулі сябе багацейшымі, нават наадварот. Гэта бянтэжыць.
Але гэта грамадзяне. У экспарцёраў жа, як і ў імпарцёраў, ціхае свята. У нас жа асноўны рынак – Расея, і там разлікі ў расейскіх рублях, але паўгода таму курс рубля да рубля быў цалкам звыклым, вагаўся каля 30 расейскіх за адзін беларускі, сёння ж – 25.
Гэта значыць экспарт прадукцыі коштам 1000 расейскіх рублёў раней даваў усяго 33 беларускія, цяпер жа – 40, і цэны там таксама бяруць новыя рубяжы, падаць не збіраюцца.
Чаму? Таму што там ідзе «вайна народная». Не, не з Украінай, з інфляцыяй. Змагаюцца з ёй пры дапамозе ключавой стаўкі Цэнтрабанку, якая даўно ўжо 21 %, што, з аднаго боку, забівае прамысловасць (падзенне ВУП Расеі, квартал да кварталу, каля 1 %), а з другога – робіць дэпазіты пад 20 % у расейскіх рублях звышпрывабнымі. Настолькі, што і прадпрыемствы, не толькі насельніцтва, актыўна прадаюць валюту і зарабляюць вось такім няхітрым і разбуральным для эканомікі спосабам.
Колькі можа працягвацца такое «свята жыцця»? Нядоўга. Забаронныя стаўкі крэдытаў для прадпрыемстваў душаць эканоміку, эфект жа ад бюджэтных выдаткаў на вайну ўжо скончыўся. Выбар у расейскіх эканамічных уладаў невялікі: або адпускаць на волю інфляцыю (і курс), або прыдумляць якія-небудзь новыя антынавуковыя падпоркі пад функцыянаванне грашовай сістэмы.
Дык а што ж сам долар у сусветным маштабе? Як там у Трампа справы? Тут, здаецца, пранесла. Здаецца, абыдзецца малой крывёю. Калі б яму ўдалося рэалізаваць усе ягоныя «геніяльныя» ідэі, то, вядома ж, мы маглі б убачыць выдатную ў сваёй глабальнасці і кінематаграфічнасці карціну абвалу самай звыклай, распаўсюджанай валюты, а таксама сусветны эканамічны смерч. Наступствы для Расеі і Беларусі былі б, як звычайна, страшнейшыя, чым для ЗША ці Еўропы, але каго б гэта збянтэжыла, калі б раптам…
Але, як высветлілася, Доналд Трамп дакладна адпавядае вясёлай прымаўцы: дурань дурнем, але мыла не есць. І пра захоп Грэнландыі ўжо неяк забыліся, і з Кітаем перамовы прывялі да паралельнага зніжэння мытаў на 110 % (засталося 10 % і 30 %), і Маск ужо заявіў, што «прытаміўся ад дзяржаўнага кіравання», і суды ў саміх ЗША паспяхова блакуюць самыя прарыўныя ініцыятывы.
Таму ўсё будзе з доларам добра. У тым сэнсе, што ваганні яго, вядома ж, магчымыя, і сам я сёння аддаю перавагу еўра, але статусу долара як сусветнай рэзервовай валюты і сусветнага сродку разліку ўсё яшчэ нічога не пагражае.
belsat.eu / МВ