«Белсат» працягвае весці хроніку рэпрэсій. Сёння чарговы раз стала відавочна, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі вядзе цынічную гульню з жыццямі палітычных зняволеных: з аднаго боку, ён выпускае частку вязняў, а з другога – набірае ўсё новых і новых ахвяраў, каб пасля так жа гандлявацца іхнымі лёсамі за чарговыя палёгкі для сябе.
Сёння стала вядома пра затрыманне былога фаната футбольнага клубу «Нёман» са Стоўбцаў, які працуе на Менскім маторным заводзе. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што ў яго знайшлі цішотку з надпісам «1312», а таксама кажуць, што ў дачыненні да затрыманага складзена некалькі адміністрацыйных пратаколаў, ён знаходзіцца ў ІЧУ.
16 верасня Магілёўскі абласны суд закрытым фармаце пачаў разгляд справы палітзняволенага Данііла Гарасіма. Хлопца абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-3 КК («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу»), ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»), ч. 2 арт. 295 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»). Даніілу 19 гадоў. Як паведамлялася ў прапагандысцкім фільме, паказаным па АНТ, яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» за тое, што ён фатаграфаваў вайсковыя аб'екты ў Асіповічах і спрабаваў перадаць «башмак» ініцыятыве «Супраціў».
12 верасня ў судзе Навабеліцкага раёна Гомлі прайшоў разгляд адміністрацыйнай справы Эміля Мельнікава. Яго судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Якім быў прысуд, пакуль невядома. Эміль Мельнікаў працаваў лекарам-рэнтгенолагам у Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклініцы і ўваходзіў у склад Моладзевага савету Гомельскай абласной арганізацыіі Беларускага прафсаюза працаўнікоў аховы здароўя (уваходзіць у склад праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі).
У Беларусі памілавалі яшчэ 37 палітвязняў, сярод іх шэсць жанчын. Паведамлялася, што шэраг памілаваных маюць хранічныя захворванні, інваліднасць, з'яўляюцца пенсіянерамі. Таксама сталі вядомыя пяць прозвішчаў вызваленых, гэта Аляксандр Фікаў, Таццяна Біруля, Анжэла Сікорская, Міхаіл Корзун і Кацярына Джыг.
Сёння стала вядома, што грамадзянін Латвіі Эмілс Асарс паехаў у Беларусь і знік. Ёсць імавернасць, што ён быў затрыманы. Паводле інфармацыі сваякоў мужчыны, ён выехаў раніцай 11 верасня і павінен быў адвезці знаёмую жанчыну ў Верхнядзвінск. 12 верасня сваякам мужчыны патэлефанавалі з беларускага нумару і сказалі, што Эмілса затрымала міліцыя.
16 верасня ў Менскім гарадскім судзе пачаўся працэс над Таццянай Сцепай, затрыманай КДБ за дапамогу палітвязням за салідарнасць з палітвязнямі. Жанчыну абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), а таксама паводле ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»). Прысуд пакуль невядомы.
У Беларусі стала на 22 палітвязні больш. Праваабаронцы далі такі статус Алегу Галубоўскаму, Сяргею Гоўшу, Ігару Шыманчыку, Аляксандру Малькову, Сяргею Скробату, Вячаславу Беразаўцу, Таццяне Данілюк, Мікалаю Кулаку, Ігару Яўменаву-Кулю, Андрэю Рыбакову, Віктару Данілюку, Мікалаю Місюку, Ілью Сабко, Аляксандру Зайцаву, Мікалаю Каплюку, Дзянісу Якавенку, Кірылу Яўтушыку, Артуру Зарэмбу, Алегу Бандаруку, Івану Косцікаву, Антону Харэвічу, Дзмітрыю Бянчуку.
Улады чарговы раз папоўнілі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», дадаўшы ў яго Telegram-каналы і чаты «ММЗ Солидарность», «ММЗ Чат», Instagram-старонку «vybarorg», Youtube-канал і старонку ў Facebook «Справа Выбару», а таксама TikTok-старонкі «ilya6230», «love.belarus», «tiktooook71».
Раман Шавель belsat.eu