Гэта Аляксандр Фікаў, Таццяна Біруля, Анжэла Сікорская, Міхаіл Корзун і Кацярына Джыг.
Кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Аляксандр Фікаў. Быў асуджаны за фінансаванне дзейнасці «экстрэмісцкага фармавання» паводле артыкула 361-2. Прысуд быў агучаны 20 чэрвеня 2023 года, суддзя вызначыў пакаранне ў выглядзе трох гадоў калоніі агульнага рэжыму. 6 кастрычніка 2023 года Аляксандр быў унесены ў спіс «экстрэмістаў».
Таццяна Біруля была затрыманая разам з мужам Аляксандрам у снежні 2021 года ў Салігорску за распаўсюд пратэсных газет. Абодва былі асуджаныя паводле пяці артыкулаў да 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адбываць пакаранне Таццяна пачала 1 красавіка 2023 года.
Анжэла Сікорская была затрыманая 15 чэрвеня 2023 года і абвінавачаная паводле арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады», арт. 368 Абраза Лукашэнкі, арт. 366 «Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы» і арт. 391 «Абраза суддзі». 6 верасня 2023 года Анжэлу асудзілі на 4 гады калоніі агульнага рэжыму.
Міхаіл Корзун быў затрыманы 10 студзеня 2022 года і асуджаны за «распальванне сацыяльнай варожасці» паводле ч. 1 арт. 130 на чатыры гады калоніі агульнага рэжыму. У студзені 2023 года быў уключаны ў спіс асоб, датычных да «тэрарыстычнай дзейнасці». Таксама быў унесены ў «экстрэмісцкі спіс».
Кацярына Джыг была затрыманая за каментары ў сацсетках 8 чэрвеня 2023 года і асуджаная паводле ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый)»), ч. 2 арт. 367 КК («Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі»), ч. 2 арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі) на 4 гады калоніі агульнага рэжыму. Вядома, што ў Кацярыны чацвёра дзяцей, адзін з якіх непаўналетні, старэйшая дачка мае інваліднасць 2-й групы.
Сваё меркаванне пра сённяшняе вызваленне 37 палітвязняў у каментары «Вот Так» выказаў палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
На ягоную думку, гэта адна з найбольш прадказальных хваляў памілаванняў, якія адбыліся з ліпеня гэтага году, бо яна прымеркаваная да так званага Дня народнага адзінства, і яе анансавалі як генеральны пракурор Андрэй Швед, так і прапагандыст Юрый Васкрасенскі.
Арцём Шрайбман лічыць, што такім чынам Аляксандр Лукашэнка вырашыў дасылаць сігналы Захаду, разлічваючы на пэўнае змякчэнне заходняй палітыкі ў дачыненні да яго.
,,«Што канкрэтна ён хоча атрымаць за гэтых вызваленых людзей, я не ведаю. Але гэта выглядае як запрашэнне да дыялогу, як тэставанне той мяжы, за якой Захад можа калі не змякчыць сваю пазіцыю і адмяніць санкцыі, то хаця б сесці з ім за стол, на нейкім узроўні прызнаць ягоную суб’ектнасць, узнавіць нейкія дыпламатычныя кантакты, у тым ліку на найвышэйшым узроўні», – кажа аналітык.
Пры гэтым Арцём Шрайбман сумняваецца, што зробленых саступак дастаткова для чагосьці з таго, на што разлічвае Лукашэнка. У той жа час аналітык лічыць, што гэта, верагодна не апошнія саступкі, і магчыма, ужо нейкі кулуарны дыялог ужо вядзецца, але адзначае, што дакладна пра такі дыялог ён пакуль нічога не ведае.
«Мяркую, што тут ёсць такі схаваны мэсэдж, які заключаецца ў тым, што калі Захад хоча, каб гэтыя вызваленні працягваліся, то ён павінны неяк рэагаваць. Таму што калі рэакцыі не будзе, то Менск кажа, што вы, маўляў, самыя не захацелі, каб людзі выходзілі на свабоду», – кажа Арцём Шрайбман, дадаючы, што гэта можа абазначаць, што Менск тады здымае з сябе адказнасць за гэтае пытанне.
Раман Шавель belsat.eu