Меркаваннi

Ніякай рэабілітацыі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў! Вінаватыя – і кропка!

Чырвоныя гваздзікі ўскладзены пад бронзавымі бюстамі Іосіфа Сталіна і Аляксандра Васілеўскага
Чырвоныя гваздзікі ўскладзены пад бронзавымі бюстамі Іосіфа Сталіна і Аляксандра Васілеўскага, адкрытымі да 80-годдзя перамогі Чырвонай Арміяй у Сталінградскай бітве ў музеі-панараме ў Валгаградзе, Расея. 3 лютага 2023 года. Фота: Kipill BRAGA / Reuters / Forum
podpis źródła zdjęcia

Расейскія ўлады маюць намер абмежаваць магчымасці рэабілітацыі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў і ўзмацніць цэнзуру. Усё гэта робіцца пад маркай абароны гістарычнай памяці.

На партале прававой інфармацыі можна азнаёміцца з праектам загаду Генеральнай пракуратуры Расеі, які ўносіць істотныя змены ў працэс рэабілітацыі.

Дакумент прадпісвае пракурорам актыўна выяўляць і адмяняць раней прынятыя пастановы аб рэабілітацыі ў дачыненні тых, каго ўлада палічыць «памагатымі нацыстаў» або «здраднікамі Радзімы». Такія агульныя фармулёўкі могуць выкарыстоўвацца для перагляду статусу ўжо рэабілітаваных асобаў. Яшчэ адна навіна – пракуроры павінны будуць асвятляць сваю дзейнасць у гэтым кірунку ў медыях, абапіраючыся на новую норму Канстытуцыі аб «абароне гістарычнай праўды».


Нядзіўна, што тэма рэабілітацыі і сталінізму загучала з новай сілай. Бо сёння Сталін у Расеі зрабіўся брэндам, пра яго модна гаварыць. Яго пачалі часта паказваць на тэлебачанні як бацьку нацыі, мудрага палітыка. У школьных падручніках немагчыма сустрэць такі панятак, як чырвоны тэрор. Там толькі пра рэпрэсіі ў 1937–1938 гадах. Атрымліваецца, што не было рэпрэсіяў за тыя 20 гадоў, якія папярэднічалі Вялікаму тэрору.


Помнікі Сталіну растуць як грыбы. У рэгіёнах адзін за адным адчыняюцца музеі. Узяць хаця б музей Сталіна ў Цвярской вобласці ў доме, дзе ён правёў падчас вайны адну ноч. Толькі адну ноч... У Паўночнай Асеціі цяпер модна называць у гонар крывавага дыктатара вуліцы. Пракуратура бяздзейнічае.

,,

Улады не рэагуюць на ўсхваленне сталінізму або заклікі ўсіх саджаць, вешаць, расстрэльваць і адпраўляць на катаргу.


Пры гэтым яны вельмі хутка рэагуюць на любыя выказванні, якія могуць падацца ім экстрэмісцкімі. Людзей заклікаюць «стукаць». Масава размнажаюцца дамавыя камітэты, праз якія суседзі павінны паведамляць адно пра аднаго самыя розныя звесткі.


Нейкіх 10 гадоў таму ўрад хаця б яшчэ казаў пра недапушчальнасць апраўдання рэпрэсіяў. Але ўжо тады былі сацыялагічныя даследаванні, якія, паводле звестак Левада-Цэнтру, паказвалі, што амаль палова апытаных расейцаў (45 %) лічыла, што ў сталінскую эпоху ахвяры былі апраўданыя вялікімі мэтамі і дасягнутымі вынікамі.


Наогул працэс рэабілітацыі з самага пачатку быў няпростым. Мала таго, што рэпрэсіям падлеглі мільёны і мільёны людзей, дык яшчэ і самі гэтыя рэпрэсіі былі розныя: кагосьці расстралялі на рашэнне тройкі, кагосьці «раскулачылі» і саслалі на край свету, кагосьці дэпартавалі паводле нацыянальнай прыкметы.


Толькі мізэрную частку рэабілітавалі адразу пасля смерці Сталіна, а пасля адстаўкі Хрушчова гэты працэс спыніўся. Толькі 18 кастрычніка 1991 года Вярхоўны Савет РСФСР прыняў закон « Аб рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў». Людзі атрымалі права даказаць, што былі ахвярамі рэжыму.

Мемарыяльная дошка ахвярам палітычных рэпрэсій савецкіх часоў. На дошцы напісана: «Тут жыў Міхаіл Ісаакавіч Шліосберг. Юрыст. Нарадзіўся ў 1893 годзе. Арыштаваны 20 жніўня 1930 года. Расстраляны 18 лістапада 1930 года. Рэабілітаваны ў 1958 годзе». Масква, Расея. 29 кастрычніка 2023 года. Фота: Evgenia Novozhenina / Reuters / Forum
Мемарыяльная дошка ахвярам палітычных рэпрэсій савецкіх часоў. На дошцы напісана: «Тут жыў Міхаіл Ісаакавіч Шліосберг. Юрыст. Нарадзіўся ў 1893 годзе. Арыштаваны 20 жніўня 1930 года. Расстраляны 18 лістапада 1930 года. Рэабілітаваны ў 1958 годзе». Масква, Расея. 29 кастрычніка 2023 года. Фота: Evgenia Novozhenina / Reuters / Forum

За некалькі гадоў пракуратура паспела разгледзець каля мільёна справаў і апраўдаць больш за 400 тысяч чалавек. Барыс Ельцын у тым жа 1991 годзе падпісаў указ № 82, які дазволіў перадаць дакументы з архіваў КДБ у дзяржаўныя архівы. Вось тады людзі змаглі атрымаць доступ да фільтрацыйных справаў савецкіх ваеннапалонных і рэпатрыяваных грамадзянаў. Тады ж крыху прыадкрыліся фонды справаводства КДБ: справаздачы, статыстыка, загады. Але працягвалася гэта нядоўга. У 1999-м, за месяц да сваёй адстаўкі, Ельцын адмяніў гэты загад.


Але затое закон «Аб рэабілітацыі рэпрэсаваных народаў» ад 26 красавіка 1999 года даў магчымасць прызнаць незаконнымі і злачыннымі акты супраць цэлых народаў. Ён прызнаваў іх права на аднаўленне тэрытарыяльнай цэласці і кампенсацыю стратаў. Людзям дазволілі вярнуцца ў родныя мясціны.


Афіцыйная статыстыка сцвярджае, што з 1992 да 2010 года органы пракуратуры і МУС Расеі рэабілітавалі больш за чатыры мільёны чалавек. Але потым працэс рэабілітацыі спыніўся.

,,

Сітуацыя з часам толькі пагаршаецца: некаторыя архіўныя дакументы ўжо знішчаныя толькі таму, што нейкія таварышы з дзяржорганаў не бачаць у іх ніякай каштоўнасці. Адыходзяць старэйшыя пакаленні, і знікаюць сямейныя архівы.


На гэтым фоне адбываецца папулярызацыя выявы Сталіна. Дзяржаўныя прапагандысты ўсё часцей гавораць пра неабходнасць добраахвотна-прымусовай працы. Школьнікаў вязуць у так званыя працоўныя лагеры. А прапагандыстка Сіманьян з экрана заклікае кожнага свядомага грамадзяніна пасля працы дзве гадзіны папрацаваць на карысць краіны. Адкрылася некалькі былых калоніяў на тэрыторыі ГУЛАГу, і пабудавана некалькі новых.


Для каго? Насельніцтва рыхтуюць да таго, што ім давядзецца дапамагаць арміі: шыць форму, вырабляць снарады. Арганізацыя ІП выступіла з заявай пра неабходнасць увядзення шасцідзённага працоўнага тыдня. Урэшце, трэба ж будзе выкарыстаць дармовую працу на капанні акопаў і будаўніцтве бліндажоў.


А каб не параўноўвалі гэтага са сталінізмам, узгадалі пра справы раней рэабілітаваных, маўляў, не так усё проста, таварышы.


Вось і генеральны пракурор заявіў для тых, хто яшчэ сумняецца, што пасмяротная рэабілітацыя ахвяраў рэпрэсіяў была памылкаю. Мабыць, думае, што «ворагі народу» і праўда былі ворагамі ды нават замежнымі агентамі. Ім самае месца было ў расстрэльнай яме ці ў ГУЛАГу, дзе можна загладзіць уласную віну.

,,

Творчая і навуковая інтэлігенцыя – гэта ж у чыстым выглядзе «замежныя агенты» і «здраднікі Радзімы»! Пакуль толькі незразумела, як менавіта будуць разглядаць такія справы.


Напрыклад, справа Усевалада Меерхольда. Вядома, што 1 лютага 1940 года тройка прыгаварыла яго да расстрэлу. Доўга не чакалі і расстралялі вялікага рэжысёра праз некалькі гадзінаў. Ніхто не ведаў, дзе ягоны прах. Унучка Меерхольда Марыя Валянцей у 1956 годзе паставіла на магіле Зінаіды Райх на Ваганькаўскіх могілках агульны помнік. Месца пахавання сталася вядомым у 1987 годзе – «Агульная магіла № 1. Пахаванне незапатрабаваных парэштак з 1930–1942 гадоў» на Новых Данскіх могілках. Сталін асабіста падпісаў указ, паводле якога разам з Меерхольдам расстралялі яшчэ 345 чалавек. Іхныя целы спалілі, а попел скінулі ў агульную магілу.


«Праваахоўным» органам сённяшняй Расеі давядзецца працаваць і працаваць. Помнікі Сталіну пакуль не стаяць на галоўных плошчах. Дый бюст іхнага куміра


Дзяржынскага
пакуль стаіць у дворыку на Пятроўцы, 38. Затое летась помнік Дзяржынскаму паставілі на тэрыторыі штаб-кватэры Службы вонкавай разведкі Расеі. На цырымоніі адкрыцця дырэктар СВР Сяргей Нарышкін сказаў, што Дзяржынскі «марыў стварыць будучыню, заснаваную на прынцыпах дабра і справядлівасці».


Дык што: «Сардэчна запрашаем, расейцы, у новую старую эпоху». Размах пакуль, можа, не такі, але Расея вядзе захопніцкую вайну і заяўляе пра тыя ж прынцыпы дабра і справядлівасці. Пры гэтым у падручніках не пішуць, што перад уварваннем гітлераўскіх войскаў на тэрыторыю СССР палову савецкага войска чэкісты знішчылі, кіруючыся тымі самымі прынцыпамі дабра і справядлівасці. Ну, пажывём – пабачым.


Любоў Лунёва belsat.eu


Рэдакцыя можа не падзяляць меркаванне аўтара

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10