У Вільні 4 жніўня працягнулася трэцяя канферэнцыя дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь». У другі дзень плануюць чатыры вялікія дыскусіяў і сесіі адказаў на пытанні наведнікаў. «Белсат» пераказвае галоўнае з дыскусіяў пра падтрымку і рэабілітацыю палітвязняў.
У першы дзень прайшлі чатыры дыскусіі. Пераказ першай, якая тычылася галоўных выклікаў, чытайце тут. Пераказ другой пра Беларусь, Еўропу і аддзяленне беларусаў ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, – тут. Пра трэцюю дыскусію – аб эканамічнай сітуацыі ў Беларусі – чытайце тут. Галоўнае з чацвёртай дыскусіі «Беларуская ідэнтычнасць у 2025 годзе: як захаваць і ўмацаваць» – тут.
Пасля дыскусіяў 3 жніўня выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская прызначыла трох новых прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету і разам з Кабінетам адказала на пытанні наведнікаў. Затым дэмакратычныя сілы прэзентавалі пагадненне аб супрацы між трыма структурамі і «Платформу 2025». Падрабязней пра гэта чытайце тут.
Другі дзень канферэнцыі пачаўся з дыскусіі «Беларускія добраахвотнікі і ветэраны: грамадскае стаўленне і сістэмная падтрымка», пра яе чытайце тут. Следам прайшлі дыскусіі «Дзеянні для палітвязняў у 2025 годзе: ад вызвалення да рэабілітацыі» і «Ад салідарнасці да дзеяння: чаму важна падтрымліваць сваіх у крызісныя моманты».
Жывую трансляцыю канферэнцыі ладзяць на Youtube. Поўная праграма канферэнцыі тут.
Што за Міжнародны фонд гуманітарнай дапамогі
На канферэнцыі прэзентавалі даўно анансаваны Міжнародны фонд гуманітарнай дапамогі. Праект прадставіў кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак.
У фонд маюць уносіць грошы ўрады розных краінаў. Ужо ёсць унёскі Нарвегіі і Швецыі, у працэсе ўнёскі яшчэ трох краінаў. Фонд кіраваны арганізацыямі-ўдзельніцамі, а браць удзел у ім могуць толькі арганізацыі гуманітарнай дапамогі (цяпер гэта «Служба хуткай гуманітарнай дапамогі», назвы яшчэ чатырох назавуць пазней, могуць далучацца і іншыя арганізацыі). Роля офісу Ціханоўскай у фондзе – прасоўванне на міжнароднай арэне і заклікі ахвяраваць грошы, але не кіраванне фондам.

Мэтавыя групы: на першым этапе (меркавана, да сакавіка 2025 года) прыярытэт – былыя палітвязні, якія знаходзяцца ўнутры Беларусі, і сем’і палітвязняў, на другім этапе – на дадатак да тых пацярпелыя ад рэпрэсіяў, якія не былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Палітвязнямі будуць лічыць людзей са спісаў «Вясны» і «Dissidentby», а таксама расейскага «Мемориала», бо беларусы з палітычных прычынаў трапляюць і ў расейскія турмы. Усе запыты сродкаў ад арганізацыў з фонду будуць публічныя, але справаздачнасць будзе з разліку на бяспеку атрымальнікаў дапамогі.
Рэпрэсіі не слабнуць, Лукашэнка не хоча вызваляць палітвязняў, а рэабілітаваць трэба ўсё больш
Прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» і былы палітвязень Леанід Судаленка агучыў сумную статыстыку: больш за 50 тысяч чалавек прайшлі праз палітычныя затрыманні з пачатку пратэстаў-2020, больш за 3380 чалавек былі або цяпер прызнаныя палітвязнямі, амаль 2000 чалавек ужо выйшлі на волю пасля палітычнага зняволення, але каля 1134 з іх цалкам адбылі пакаранне – і гэта ўсё без уліку абмежавання волі на «хатняй хіміі». Рэпрэсіі не слабнуць, колькасць крымінальных справаў не змяншаецца.
А зараз, адзначыў Судаленка, можа пайсці на тысячы лік справаў паводле «спецвытворчасці» супраць тых, хто знаходзіцца ў эміграцыі, а гэта цягне канфіскацыю маёмасці, абвяшчэнне ў вышук у недэмакратычных краінах і пераслед сваякоў, якія засталіся ў Беларусі. Такую «спецвытворчасць» правялі супраць яго самога, і дагэтуль ён не можа атрымаць свой прысуд ад прызначанага дзяржавай адваката.
Былая палітзняволеная, сябра Каардынацыйнай рады і супрацоўніца праекту Politzek.me Алана Гебрэмарыям наракала на мэсэджы «з дыктатурай не можа быць дыпламатыі» – нават з тэрарыстамі спрабуюць дамаўляцца, каб даставаць людзей з палону. Галоўная стратэгічная мэта – перамовы і вызваленне людзей, а не толькі падтрымка вызваленых. Калі не будзе вызвалення, не будзе каго рэабілітаваць. Тым больш, некаторыя зняволеныя проста не дажывуць да вызвалення. Цяпер найлепшы час, каб паўплываць на працяг працэсу вызвалення палітвязняў. Яна заклікала «аддзяліць гуманітарную місію ад палітычных амбіцыяў», пачаць працу па вызваленні палітвязняў не на словах, а на дзеяннях.
Былы палітзняволены, прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Аляксандр Кабанаў прызнаў: ён не эксперт у вызваленні палітвязняў, бо сам не вызваліў аніводнага, як і бальшыня беларусаў. І не ведае, што такое палітвязні для Лукашэнкі: закладнікі, тавар… Але гэта важна зразумець, каб выпрацаваць стратэгію вызвалення. Кабанаў заклікаў памятаць, што Лукашэнка – у простым сэнсе забойца, бо адказны за палітычныя забойствы. І заклікаў памятаць, што тыя, хто не ўвёў санкцыяў, не можа патрабаваць іх зняць. Таксама Кабанаў прапанаваў зрабіць «рэвізію» інструментаў, якія могуць наўпрост ці ўскосна дапамагчы ў вызваленні палітвязняў.
Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка падкрэсліў: палітвязняў не вызваляюць не таму, што дэмакратычныя сілы ці Захад гэтага не хочуць. Не вызваляюць таму, што Лукашэнка гэтага не робіць нават на шкоду сабе. Абяцаў вызваліць хворых – і не вызваліў амаль нікога. Дыпламаты пастаянна размаўляюць, Польшча нават выставіла ўльтыматум дзеля вызвалення аднаго толькі Анджэя Пачобута, але «ў Лукашэнкі нейкі бзік». Мяняць кагосьці на кагосьці Лукашэнка напраўду не хоча, а вызваляць проста так не збіраецца, бо палітвязні – усё, над чым у яго застаўся суверэнітэт. Вячорка заклікаў не казаць, што «нічога не робіцца», а рабіць так, каб патрабаванне вызваліць палітвязняў гучала, не пераставала быць прыярытэтам, «завальваць лістамі» міжнародныя арганізацыі і шукаць новыя структуры, якія маглі б дапамагчы.
Каардынатарка ініцыятывы «Вольныя» Вераніка Станкевіч згадала, што праблемы былых зняволеных – гэта ў тым ліку пошук працы за мяжой і практычна поўная немагчымасць уладкавацца на працу ў Беларусі. Толькі за год моцна вырасла складанасць з працай і перанавучаннем: на волю ўжо выходзяць людзі, якія адсядзелі 3–4 гады. Дапамога ёсць і яна працуе, трываюць зборы і ёсць валанцёры, але на месяц выходзяць 30–40 чалавек, нават новы гуманітарны фонд не закрые ўсе патрэбы ўсіх былых зняволеных і іхных сем’яў. І нават фонд не заменіць прыватных ахвяраванняў і асабістай падтрымкі. Станкевіч таксама прапанавала распрацаваць комплексныя праграмы рэабілітацыі, якія можна будзе прапаноўваць урадам канкрэтных краінаў.

Праваабаронца і кіраўніца фонду «Краіна для жыцця», суарганізатарка службы «Хуткай гуманітарнай дапамогі» Вольга Зазулінская заўважыла, што цяперашняя сітуацыя – «вар’яцтва, якому няма канца», да такіх маштабаў рэпрэсіяў ніхто не быў гатовы. Таму шмат у каго не хапае сілаў і з’яўляецца жаданне вінаваціць паплечнікаў. Яна заклікала «сесці за адзін стол» усіх, хто хоча дамагчыся вызвалення палітвязняў. Зазулінская канстатавала, што грошай, якія збіраюць беларусы, недастаткова для падтрымкі і рэабілітацыі – палічыла, што проста цяпер толькі на медычную рэабілітацыю трэба 1,2 млн еўра. Міжнародны фонд гуманітарнай дапамогі не закрые ўсіх патрэбаў, але моцна дапаможа.
Падтрымка трэба не толькі палітвязням, але і выгнанцам
Даследчыца пенітэнцыярнай медыцыны і псіхалогіі, праваабаронца і псіхолаг Вольга Вялічка расказала аб выніках апытання аб турэмнай медыцыне, якая моцна адрозніваецца ад «цывільнай». Лекар калоніі падпарадкаваны начальніку калоніі, са мноствам дыягназаў вельмі цяжка забяспечваць лекаванне, у няволі бракуе разумення медычнай этыкі і медычнай таямніцы, няма пратаколу медычнай дапамогі людзям за кратамі (напрыклад, зняволеныя не могуць адмовіцца ад здачы аналізаў і аглядаў лекара)
Намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Станіслаў Салавей адзначыў, што цяпер у Беларусі парушаюцца шматлікія правы, у тым ліку пацыентаў і лекараў, а яшчэ губляюцца кадры і пагаршаецца ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі, пачынаюцца перабоі з медычнымі прэпаратамі. У пераходны перыяд Беларусі дэмакратычна выбраным уладам давядзецца прымаць мноства непапулярных рашэнняў, трэба ўжо цяпер рыхтавацца да рэформы ўсёй сістэмы аховы здароўя. З другога боку, мноства лекараў аказалася ў эміграцыі, і нават калі вернецца толькі 5–10 %, яны прывязуць карысны досвед. Можна ўкараніць у сістэму аховы здароўя і платформу «еЗдароўе».
Ужо цяпер, падкрэсліў Салавей, трэба падтрымліваць уразлівыя групы людзей у Беларусі, для чаго трэба асобныя арганізацыі (амаль падпольныя, бо ранейшыя ўжо разбурылі ўлады), і беларусаў у эміграцыі (там хапае арганізацыяў, але бракуе фінансаў). Ён заклікаў сабрацца і паглядзець, што можна зрабіць для кожнай з уразлівых групаў зараз і ў бліжэйшыя гады. А ў час дыскусіі згадвалі, што ўразлівыя групы – гэта і нарказалежныя, і ЛГБТК-людзі, і ахвяры хатняга гвалту.

Кіраўніца арганізацыі «Разам» з Літвы Віялета Бяліцкая згадала, як размаўляла з эмігрантамі, якія ўцякалі ад рэпрэсіяў у Беларусі і як ім дапамагала арганізацыя ў Літве. Праблемы эмігрантаў такія: «культурны шок» ад новай краіны прыводзіць да трывогі і дэпрэсіі; дзецям трэба як адаптавацца, так і захаваць ідэнтычнасць; ёсць цяжкасці з легалізацыяй (вялікія праблемы пачаліся ў 2023 годзе, за мінулы год 197 чалавек пазбавілі статусу рэзідэнта «з меркаванняў нацыянальнай бяспекі»); пошукі працы становяцца цяжэйшымі – змены ў працоўным заканадаўстве не на карысць мігрантаў. Але ў найцяжэйшых умовах эміграцыі беларусы здолелі стварыць арганізацыі, якія дапамагаюць суайчыннікам.
Заснавальнік і кіраўнік Офісу па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі згадаў беларускі закон «Аб правах інвалідаў»: самы кароткі артыкул там – пра абарону правоў людзей з інваліднасцю. Дзяржава ўтрая заніжае колькасць людзей з інваліднасцю. Дзве траціны не атрымліваюць належнай падтрымкі, нават той невялікай, якую даюць цяпер, якая ставіць чалавека на мяжу выжывання і якую з’ядае інфляцыя). Людзям, якія спрабуюць дамагчыся таго, на што маюць права, сутыкаюцца з пагрозамі «зрабіць горш». З псіханеўралагічных інтэрнатаў, дзе жыве 18 тысяч чалавек, выйсці амаль немагчыма: за пяць гадоў адтуль вызвалілі 65 чалавек. У краіне, дзе ігнаруюць правы чалавека, вырашыць усе гэтыя праблемы немагчыма.
Кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак падкрэсліў, што пры адсутнасці ўласнай дзяржавы інструментаў падтрымкі ўразлівых групаў не так шмат, але ёсць беларуская традыцыя талакі. І яна працуе, людзі працягваюць ахвяраваць грошы, з’яўляюцца новыя ініцыятывы – нават пры тым, што быццам бы «ніхто нікому не вінны», а дапамагаць часта трэба людзям, якіх не бачыш на ўласныя вочы. Данат, якога б памеру не быў, дае адчуванне прыналежнасці да вялікай справы, нагадаў Стрыжак.
Прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі Зміцер Васэрман нагадаў, што пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне да беларусаў змянілася стаўленне, многія замежнікі не аддзяляюць беларусаў ад рэжыму Лукашэнкі. Каб беларусам дапамагалі шведы, трэба інфармаваць іх і пра беларускіх ваяроў ва Украіне, і пра пакуты палітвязнзяў.
Ціханоўская ўзнагародзіла медалямі праваабаронцаў і актывістаў

Медаль Нясконарых імя Ларысы Геніюш за значныя заслугі перад беларускім народам у барацьбе за правы чалавека і ідэалы дэмакратыі атрымалі:
- Леанід Судаленка
- Аляксандр Кабанаў
- Сяргей Пяхрухін
- Алеся Буневіч
- Наталля Хершэ
- Валерыя Чарнаморцава
- Алана Гебрэмарыям
- Зміцер Фурманаў
- і іншыя. Не ўсе імёны ўзнагароджаных змаглі назваць публічна.
Судаленка адзначыў, што праваабаронцы часта атрымліваюць замежныя ўзнагароды, але для яго гэта першая менавіта беларуская ўзнагарода.
Алесь Наваборскі, «Белсат»