навіны

Што рабіць з нацыянальнай ідэнтычнасцю: «навязваць» ці «не саромецца»? Дыскусія на канферэнцыі «Новая Беларусь»

Канферэнцыя "Новая Беларусь". Літва. Вільня. 3 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
Канферэнцыя "Новая Беларусь". Літва. Вільня. 3 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

У Вільні 3 жніўня адкрылася трэцяя канферэнцыя дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь». За два дні плануюць восем вялікіх дыскусіяў і сесіі адказаў на пытанні наведнікаў. «Белсат» пераказвае галоўнае. Чацвёртая дыскусія звалася «Беларуская ідэнтычнасць у 2025 годзе: як захаваць і ўмацаваць».

На першы дзень запланавалі чатыры дыскусіі. Пераказ першай, якая тычылася галоўных выклікаў, чытайце тут. Пераказ другой пра Беларусь, Еўропу і аддзяленне беларусаў ад Лукашэнкі, чытайце тут . Пра трэцюю дыскусію – аб эканамічнай сітуацыі ў Беларусі – чытайце тут .


Жывую трансляцыю канферэнцыі вядуць на Youtube . Поўная праграма канферэнцыі тут .


Дзе хаваецца беларуская ідэнтычнасць? 


Мадэратар дыскусіі, выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі ў яе пачатку задаўся пытаннем: адкуль у 2020 годзе ў беларусаў ўзялося столькі бел-чырвона-белых сцягоў? Можа, хаця б частка абыякавых, здавалася б, суайчыннікаў гэтыя сцягі трымала ў хатах? Нацыянальная ідэнтычнасць у беларусаў недзе хаваецца, не выпінаецца, але не адсутнічае, упэўнены Дзікавіцкі. У якім стане гэтая ідэнтычнасць цяпер?


Старшы даследчык Цэнтру новых ідэй Генадзь Коршунаў заклікаў прыняць, што ідэнтычнасць – не факт, а працэс, і ў наш час вельмі хутка зменлівы працэс. 

,,

Беларуская ідэнтычнасць таксама не маналітная: ёсць «беларуская нацыянальная» і «беларуская савецкая», гэта трэба ўлічваць і з гэтым працаваць. 


Але дагэтуль беларусы не прагаварылі і не прапісалі, як на ідэнтычнасць беларусаў паўплываў 2020 год і яго наступствы – гэта справа і экспертаў, і журналістаў, і мастакоў. «Навязваць» ідэнтычнасць не трэба – беларуская мова стала мовай пратэсту, можа стаць моднай сярод падлеткаў, можа дасягнуць дзяцей праз беларускамоўныя мультфільмы ці беларускіх супергерояў, мае стаць паказнікам якасці і моцы.


Кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін згадаў, што ў канцы 1990-х хлопцы ў двары, тыповыя «гопнікі», адрэагавалі на ягоны пераход на беларускую мову: «Што ты размаўляеш, як дзяржаўнае радыё?». 

,,

Цяпер беларуская – сапраўды мова супраціву і крэатыву. Але многім беларусам не хапае сілы волі ці рашучасці, каб перайсці на беларускую мову ці хаця б запісаць песню па-беларуску.


У праекце «Тузін. Перазагрузка», згадаў ён, прасцей было пераканаць спяваць па-беларуску Аляксандра Рыбака, Андрэя Макарэвіча ці Сяргея Жадана, а не беларусаў у Беларусі. 


Прадстаўніца Інстытуту Беларускай кнігі, літаратуразнаўца Наталля Русецкая выказала надзею, што прынамсі ў беларусаў у вымушанай эміграцыі зменіцца расейскацэнтрычная карціна свету – пахіснецца маналітнасць. Яна таксама згадала, што стэрэатыпу беларусаў доўгі час не было, хоць былі стэрэатыпы літоўца ці паляка. Затым стэрэатыпам стала «Беларусь – Лукашэнка», і гэта трэба мяняць.


Куратарка Віленскага беларускага музею імя Луцкевіча Паўліна Вітушчанка звярнула ўвагу на каментар гледача з інтэрнэту, што «беларуская мова – гэта толькі мова». Яна не пагадзілася: гэта не проста мова і не проста інструмент, а таксама знак, што «мы не здаліся, мы выбралі сваё», гэта «фон таго, за што мы змагаемся». Можна мець і дзве дзяржаўныя мовы, але тады ў Беларусі мусіць быць дзяржаўнай беларуская расейская мова, свой стандарт гэтай мовы. 


Пісьменніца і журналістка Ганна Златкоўская заклікала перастаць саромецца сваёй ідэнтычнасці – міралюбнасці, талерантнасці. Трэба пачаць любіць сябе і перастаць апраўдвацца: раз «беларусы – коцікі», дык коцікі. Беларусь – білінгвальная краіна, чаго таксама не трэба саромецца, але памятаць, што з беларускай мовай змагаецца Лукашэнка, а дэмакратычна настроеныя беларусы змагаюцца з Лукашэнкам.


Кіраўнік Рады культуры Сяргей Будкін у каментары карэспандэнту «Белсату» адзначыў, што ў 2025 годзе плануецца больш актыўна інтэграваць беларусаў у Беларусі ў культурныя праекты беларусаў замежжа і наадварот, пашыраць супрацу, «каб не было бурбалак і гэта ўсё працавала на агульную культурную прастору». Паводле яго, ёсць тыя тэмы, ідэі і рэчы, пра якія можна «разам пагутарыць».


Будкін спадзяецца, што атрымаецца запусціць абмеркаванне адносна канону беларускай культуры, што «ўяўляе сабой Беларусь». У прыватнасці, плануецца правесці рэвізію беларускіх артэфактаў у свеце, якія часта падаюцца як не беларускія.


Паводле яго, будзе ісці праца па стварэнні ініцыятываў, у тым ліку лакальных, для захавання беларускай культуры за мяжой. Таксама плануецца заахвочваць да навучэння, павышэння кваліфікацыі, вывучэння беларускай і замежных моваў для таго, каб распавядаць замежнікам пра Беларусь.


Алесь Наваборскі «Белсат» 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10