Цягам некалькіх дзён на беларуска-польскай мяжы назіраюцца вялікія чэргі. Ува ўсім вінаватыя аўтобусы: польскі бок перастаў іх прымаць на сваю тэрыторыю. Прычыны не паведамляюцца.
Паводле ўдзельнікаў памежных чатаў, ад моманту электроннай рэгістрацыі аўтамабіля праходзіць больш за содні, у некаторых выпадках – нават больш за двое содняў.
Сам працэс праходжання мяжы пасля заезду пад шагбаум займае ад 5 да 7 гадзінаў – як пашанцуе.
Памежны камітэт Беларусі на сваім сайце станам на 8:00 раніцы фіксаваў 1520 легкавых аўтаў і 50 аўтобусаў.

Але з паведамленняў у памежных чатах вынікае, што прычына ў нізкай хуткасці праходжання – на польскім баку.
Паводле падлікаў саміх падарожнікаў, 5 чэрвеня ўначы за восем гадзінаў прапусцілі каля 150 аўтаў. Шмат хто кажа, што гэта яшчэ па-боску, бо 4 чэрвеня прайшло ўсяго 200 аўтамабіляў цягам содняў.
У памежных чатах знайшлі тлумачэнне сітуацыі: усё дзякуючы аўтобусам. Аднаму з удзельнікаў чату тое самае пацвердзіў і польскі памежнік.
Абноўлена. З заявай пра тое, што польскі бок перастаў прымаць аўтобусы, выступіў таксама Памежны камітэт Беларусі. Афіцыйнай інфармацыі аб прычынах беларускія памежныя службы не атрымлівалі, адзначылі ў ведамстве.
Спрабуючы разабрацца больш дэталёва, удзельнікі чатаў вызначылі тры імаверныя прычыны такой сітуацыі.
Першая – з Беларусі прапускаюць аўтобусы, бо ў іх ёсць прыярытэт, яны выязджаюць на мост паміж беларускім і польскім памежнымі пераходамі і ўтвараюць затор. Польскія памежнікі неахвотна пускаюць аўтамабілі ў абыход. У выніку збіраецца даўжэзны хвост з транспарту.
Другое тлумачэнне – «кепская» змена памежнікаў на польскім баку. Яны нібыта наўмысна працуюць вельмі павольна, што стварае коркі з легкавікоў і прыводзіць да вялікіх чэргаў. Некаторыя ўдзельнікі чату прапаноўваюць не абмяжоўвацца чаканнем, а дзеяць: пісаць у памежныя службы Польшчы з просьбамі і скаргамі – маўляў, пасля гэтага рух пакрысе пачынае аднаўляцца.
І нарэшце, яшчэ адной з магчымых прычынаў называюць тое, што ў адным з аўтобусаў знайшлі схаваных мігрантаў, таму ўсе наступныя аўтобусы праглядаюць з асаблівай пільнасцю. Нейкага пацверджання інфармацыі пра знойдзеных мігрантаў, тым не менш, не прыводзіцца, таму асобныя ўдзельнікі чату выказалі сумнеў у праўдзівасці гэтай інфармацыі, назваўшы яе «ўкідам».

З польскага боку, згодна з паведамленнямі ў чаце, вялікіх чэргаў не назіраецца. Аўтамабілісты, якія прыязджаюць на памежны пункт, едуць адразу ў тэрмінал. На сайце Памежнай аховы Польшчы таксама пазначана, што прагназаванае чаканне ў чарзе для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў складае нуль гадзінаў.
На літоўскім напрамку пра падобны ажыятаж не паведамляецца.
Раман Шавель belsat.eu