навіны

Што рабіць, каб аддзялялі беларусаў ад рэжыму Лукашэнкі? Дыскусія на канферэнцыі «Новая Беларусь»

Канферэнцыя "Новая Беларусь". Літва. Вільня. 3 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
Канферэнцыя "Новая Беларусь". Літва. Вільня. 3 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

У Вільні 3 жніўня адкрылася трэцяя канферэнцыя дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь». За два дні плануюць восем вялікіх дыскусіяў і сесіі адказаў на пытанні наведнікаў. «Белсат» пераказвае галоўнае. Другая дыскусія канферэнцыі мела назву «Больш Еўропы беларусам у 2025 годзе».

На першы дзень запланавалі чатыры дыскусіі. Пераказ першай, якая тычылася галоўных выклікаў, чытайце тут


Жывую трансляцыю канферэнцыі вядуць на Youtube. Поўная праграма канферэнцыі тут .


Як не дапусціць «жалезнай заслоны»? Дэмакратычныя сілы робяць ці не ўсё магчымае, справа за дыяспарамі


Каардынатарка Народных Амбасадаў Беларусі і сябра Каардынацыйнай рады Аляксандра Мамаева заявіла: 

,,

Беларусь унікальная: замест таго, каб бараніць грамадзянаў, робіць адваротнае. Пазбаўляе пашпартоў і грамадзянства, не дае галасаваць на выбарах, стварае міграцыйны крызіс… Для Еўразвязу самае простае рашэнне – утварыць «жалезную заслону» ад такой краіны. Але дэмакратычным сілам трэба распрацаваць з замежнымі партнёрамі стратэгію, якая дасць не зрабіць з беларусаў ворагаў, а перацягнуць іх на свой бок. 


Альтэрнатыва гэтаму – стратэгія Расеі, то бок паглынанне Беларусі. Мамаева прапанавала зрабіць бязвізавы рэжым для беларусаў і скласці спіс тых, каго беларусы лічаць злачынцамі: сілавікоў, чыноўнікаў, прапагандыстаў. 


Мамаева назвала галоўнай праблемай беларусаў за мяжой пратэрмінаваныя пашпарты. Ёсць варыянты вырашэння: прызнанне такіх пашпартоў сапраўднымі для легалізацыі, выдача пашпартоў замежнікаў і падарожных дакументаў, стварэнне «пашпарту Новай Беларусі». Станоўчыя вынікі адвакацыйных кампаніяў ужо ёсць, некаторыя можна пабачыць на сайце Pashpart.org.


Кіраўнік апарата Аб’яднанага пераходнага кабінету і сябра КР Валер Мацкевіч адзначыў: трэба разумець, што не ўсе ў Еўропе бачаць беларусаў прадэмакратычнымі. Многія аддзяляюць беларусаў ад рэжыму Лукашэнкі, але каб гэта разуменне было больш масавым, зрабіць трэба яшчэ шмат. Трэба працаваць і з грамадскай думкай у Беларусі наконт стаўлення да Еўразвязу. Мацкевіч заклікаў даводзіць, што санкцыі мусяць быць балючымі для рэжыму Лукашэнкі, а не для простых беларусаў. Тады як «жалезная заслона» – гэта роўна адваротнае, і такая палітыка можа прывесці нават да антызаходніх настрояў. Адвакатаваць інтарэсы беларусаў усё цяжэй, але спыняцца ніхто не збіраецца. Што да санкцый, то каб яны былі больш эфектыўнымі, акрамя адвакацыі трэба падвышаць іх эфектыўнасць, каб іх цяжэй было абыходзіць.


Уладзімір Астапенка. Канферэнцыя "Новая Беларусь". Літва. Вільня. 3 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
Уладзімір Астапенка. Канферэнцыя "Новая Беларусь". Літва. Вільня. 3 жніўня 2024 года. Фота: Белсат

Кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі Уладзімір Астапенка назваў Беларусь «чорнай дзірой на мапе Еўропы»: гэта адзіная краіна, якая не ў Радзе Еўропы і не мае мноства базавых дамоваў з краінамі Еўропы, якая ўжывае смяротнае пакаранне, грамадзянам якой патрэбныя візы ў краіны Еўропы, якая не падтырмлівае нацыянальную мову, якая мае рызыку страціць суверэнітэт і незалежнасць… 

,,

«Гэта тое дно, да якога мы прыйшлі і ад якога павінны адштурхнуцца». Поспех еўрапейскага выбару Беларусі залежыць не толькі ад дэмакратычных сілаў, але і ад кожнага беларуса і беларускі.


Мадэратар дыскусіі, вядоўца «Белсату» Сяргей Пеляса спытаў: ці маюць дэмакратычныя сілы ўплыў на рашэнні адносна Беларусі ў Еўразвязе? Астапенка адказаў, што лукашэнкаўскія дыпламаты маюць страшна зайздросціць вынікам дэмакратычных сілаў у наладжванні партнёрства з еўрапейскімі краінамі. Існуе кантактная група дэмакратычных сілаў з Радай Еўропы, групы «сяброў Беларусі» і многае іншае, што робіць голас беларусаў чутным. З тымі вынікамі можна прапанаваць Лукашэнку зачыніць свае амбасады за мяжой і скіраваць зэканомленыя сродкі на еўрапейскую адукацыю беларусаў і праграмы мабільнасці.

Артур Міхальскі. Канферэнцыя "Новая Беларусь". Літва. Вільня. 3 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
Артур Міхальскі. Канферэнцыя "Новая Беларусь". Літва. Вільня. 3 жніўня 2024 года. Фота: Белсат

Упаўнаважаны Міністра замежных спраў Польшчы па сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Артур Міхальскі канстатаваў: і Польшча, і іншыя краіны працягваюць выдаваць беларусам візы, але ж попыт неардынарны. Суседзі Беларусі шукаюць зручнейшыя рашэнні для беларусаў. Нашы суайчыннікі ў 2020 годзе даказалі, што маюць Еўропу ў сэрцы. Зразумела, чаму цяпер у Беларусі ціша – беларусы плацяць «варварскую цану» за свой выбар.

,,

Як зрабіць, каб замежныя дыпламаты і палітыкі самі цікавіліся сітуацыяй у Беларусі? Міхальскі прызнаў: ён не ведае, што яшчэ можна зрабіць, бо дэмакратычныя сілы і Ціханоўская ўжо робяць ці не ўсё магчымае. 


Трэба ўлічваць, што мінула чатыры гады з рэвалюцыі 2020 года, працягваецца вайна ва Украіне, свет нестабільны. Ён заклікаў не сумаваць з таго, што беларусы быццам бы нікому не патрэбныя, а прыняць, што ў саюзнікаў бракуе рэсурсаў – але не праз кепскае стаўленне да беларусаў. 


Мамаева дадала: працуе мноства дэлегацыяў, створаны чэк-ліст для нацыянальных парламентаў, але не трэба думаць, што толькі дэмакратычныя сілы мусяць нешта рабіць – трэба, каб дыяспары таксама працавалі на вырашэнне пытанняў беларусаў.


Ці гатовая Польшча ствараць «абменны фонд» з затрыманых у Польшчы меркаваных шпіёнаў і дыверсантаў Лукашэнкі? Міхальскі сказаў, што публічнага адказу на гэта няма, але пазаўчорашні абмен зняволенымі між краінамі Захаду і Расеяй дае надзею, што абмен можа быць і на беларускіх палітвязняў. 


Міхальскі нагадаў словы міністра замежных справаў Польшчы: 

,,

праца вядзецца і над вызваленнем беларусаў, але працэдуры ідуць іншым шляхам.


Прадстаўнік супольнасці палітычных партый, дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька канстатаваў, што ў парламентах 25 краінаў існуюць групы ў падтрымку Беларусі, але «гэта не Дзед Мароз», яны «не маюць чароўнай палачкі». Рэсурсы беларусаў задзейнічаныя хіба на 30 %: бракуе ініцыятывы знізу для працы з тымі ж групамі «сяброў Беларусі». Маўляў, хай тысяча беларускіх актывістаў Літвы не спрачаецца, а выбярэ 10 прадстаўнікоў для працы з праблемамі кшталту банкаўскіх рахункаў і беларускіх школаў. Ён прапанаваў арганізаваць канферэнцыю аб бачанні Беларусі еўрапейцамі і падаць заяўку на далучэнне Беларусі да Еўразвязу.

Анатоль Лябедзька і Аляксандр Мілінкевіч. Канферэнцыя "Новая Беларусь". Літва. Вільня. 3 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
Анатоль Лябедзька і Аляксандр Мілінкевіч. Канферэнцыя "Новая Беларусь". Літва. Вільня. 3 жніўня 2024 года. Фота: Белсат

У каментары карэспандэнту «Белсату» Анатоль Лябедзька адзначыў важнасць таго, каб «бачыць перспектыву і мець ужо запоўнены палітычны каляндар». Паводле яго, вельмі важным «шанцам» з’яўляецца старшынства Польшчы і Літвы ў Еўразвязе ў 2025 і 2027 гадах адпаведна. Ён падкрэсліў, што перад Беларуссю стаіць вельмі шмат праблемаў, і менавіта гэтыя краіны разумеюць, «што такое беларуская дыктатура і што там адбываецца».


Сярод канкрэтных крокаў Лябедзька назваў заяўку на ўступленне Беларусі ў Еўрапейскі Звяз:

,,

«Я думаю, што мандат Святланы Ціханоўскай гэта дазваляе зрабіць. І гэта не толькі сімвал, але гэта і заяўка на на праяву палітычнай волі большасці беларусаў – быць у Еўропе».


У якасці другога кроку палітык прапанаваў правесці канферэнцыю высокага ўзроўню ў Варшаве «пад пажаданым патранажам [Дональда] Туска або [Радослава] Сікорскага», каб разам з еўрапейцамі, амерыканцамі і канадцамі сфармаваць бачанне Беларусі ў Еўраатлантычнай прасторы. Лябедзька спадзяецца такім чынам атрымаецца матываваць краіны Еўропы і Амерыкі «на дзеянні, не проста на назіранне», стварыць кааліцыю еўраінтэграцыі Беларусі.


Канцлер Вольнага беларускага ўніверсітэту і кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2006 Аляксандр Мілінкевіч заўважыў, што ў адукацыі калісьці перамагала Еўропа – туды больш беларусаў ехала вучыцца. Цяпер пачынае перамагаць Расея, і трэба даводзіць Еўропе, што гэта небяспечна. Украіна ўжо дакладна не вернецца ў Расейскую Імперыю, а пра Беларусь не ўсе маюць такую пэўнасць.


Кандыдатка гістарычных навук, дацэнтка Роза Турарбекава расказала, што 1600 стыпендыяў для беларусаў вылучыла Расея, 400 – еўрапейскія дзяржавы. Ідэнтычнасць – не штосьці дадзенае назаўжды, падкрэсліла яна. У пакалення, якое цяпер паступае ва ўніверсітэты, 2020 год мог і не адбіцца ў галовах. 


Алесь Нaваборскі 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10