ЗША і Кітай дасягнулі значнага прагрэсу ў гандлёвых перамовах, якія прайшлі ў Жэневе (Швейцарыя). У прыватнасці, бакі дамовіліся стварыць механізм эканамічных і гандлёвых кансультацыяў для падтрымання сувязі ў пытаннях, якія іх цікавяць, у эканамічнай і гандлёвай сферах.
Міністр фінансаў ЗША Скот Бэсэнт 11 траўня на брыфінгу ў Белым доме паведаміў, што двухдзённыя кансультацыі прайшлі ў канструктыўнай атмасферы. Поўную інфармацыю пра хаду перамоваў ён паабяцаў даць 12 траўня.
Гандлёвы прадстаўнік ЗША Джэймісан Грыр адзначыў прычыны перамоваў: «У Злучаных Штатаў – велізарны гандлёвы дэфіцыт памерам $ 1,2 трлн, таму прэзідэнт абвясціў надзвычайнае становішча ў краіне і ўвёў мыты, і мы ўпэўненыя, што пагадненне, якое мы заключылі з нашымі кітайскімі партнёрамі, дапаможа нам працаваць над развязаннем гэтага надзвычайнага становішча ў краіне».
У сваю чаргу віцэ-прэм'ер Дзяржаўнага савету КНР Хэ Лі Фэн заявіў па перамовах, што «Кітай не хоча ўвязвацца ў гандлёвую вайну, але і не баіцца яе».
,,«Калі ЗША будуць настойваць на ўшчамленні правоў і інтарэсаў Кітаю, Кітай будзе рашуча контратакаваць і змагацца да канца. Падтрыманне здаровага, стабільнага і ўстойлівага развіцця кітайска-амерыканскіх гандлёва-эканамічных стасункаў адпавядае фундаментальным інтарэсам дзвюх краінаў ды іх народаў, а таксама спрыяе глабальнаму эканамічнаму росту», – сказаў ён.
Хэ дадаў, што бакі дамовіліся стварыць механізм эканамічных і гандлёвых кансультацыяў для падтрымання сувязі ў пытаннях, якія іх цікавяць, у эканамічнай і гандлёвай сферах.
У пачатку лютага ЗША ўвялі мыты на імпарт з Кітаю памерам 10 %, праз месяц павялічыўшы стаўку ўдвая. Таксама Доналд Трамп абвясціў пра ўвядзенне «люстраных» мытаў, якія для Пекіну склалі 54 %. Кітай увёў захады ў адказ, пасля чаго бакі працягнулі ўзаемна павялічваць стаўкі. Пасля апошняй эскалацыі мыты ЗША для Кітаю складаюць 145 %, зваротныя – 125 %. Таксама Пекін абмежаваў экспарт некаторых карысных выкапняў, у тым ліку крытычна важных мінералаў, пасля чаго Белы дом прыгразіў мытамі на 245 %.
Якуб Хруст belsat.eu