Міністэрства антыманапольнага развіцця і гандлю Беларусі пракаментавала дэфіцыт бульбы, з якім сутыкаюцца грамадзяне. Паводле іх, прадукту ў краіне дастаткова, а вінаватыя тыя, хто няправільна пастаўляе яго са складоў.
У МАРГ адзначылі: паводле аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкаму, у стабілізацыйных фондах была дастатковая колькасць бульбы айчыннай вытворчасці, а «аб'ёмы фактычных рэшткаў стала перавышаюць планавыя мінімальныя значэнні». Наяўнасць запасаў у сховішчах пацвердзілі і работнікі ведамства падчас выездаў.
Тым не менш у ведамстве прызналі, што «вынікі кантрольных захадаў, звароты грамадзянаў і тлумачэнні субʼектаў гандлю сведчаць пра наяўныя істотныя перабоі з пастаўкамі бульбы для рэалізацыі праз раздробныя абʼекты гандлю».
Паводле МАРГ, адмысловая камісія выявіла факт парушэння антыманапольнага заканадаўства пры пастаўцы бульбы са стабілізацыйных фондаў краіны. Вінаватаю назвалі фермерскую гаспадарку «Гарызонт Мастоўскага раёну». Як заяўляецца, яна парушыла нормы антыманапольнага заканадаўства, прадугледжаныя артыкулам 24 Закону аб гандлі. Як адна фермерская гаспадарка магла паўплываць на сітуацыю з бульбаю ўва ўсёй краіне, не ўдакладняюць.
Нагадаем, што ў Беларусі здымаюцца відэа ў TikTok пасля куплі ежы, дзе апавядаецца, колькі грошай за яе аддалі. Некаторыя ролікі шакуюць высокімі цэнамі і нізкай якасцю прадуктаў.
У адказ на востры дэфіцыт гародніны ў беларускіх крамах Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) паведаміла пра рэвізію 20 сховішчаў гародніны па ўсёй краіне. У ведамстве сцвярджаюць: запасы бульбы, цыбулі, буракоў і капусты, якія ўваходзяць у так званы баршчовы набор, – на месцы, якасць адпавядае стандартам, а аб’ёмаў дастаткова для забеспячэння гандлёвых сетак.
Якуб Хруст belsat.eu