Вайна

«Чакаю ў Турцыі». Зяленскі адказаў Пуціну на ідэю перамоваў замест замірэння

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Фота: president.gov.ua
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Фота: president.gov.ua
podpis źródła zdjęcia

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 11 траўня ў сваім вечаровым звароце адзначыў, што будзе 15 траўня ў Турцыі для сустрэчы з кіраўніком Расеі Уладзімірам Пуціным. Ён таксама заявіў, што ўкраінскія сілы будуць рэагаваць люстрана на спыненне або працяг агню Расеяй з 12 траўня.

«З заўтрашняга дня чакаем спынення агню – гэта прапанова на стале. Поўнае і безумоўнае спыненне агню – працяглае, каб даць неабходную аснову дыпламатыі, – можа значна наблізіць мір. Украіна даўно гэта прапануе, партнёры прапануюць. Увесь свет пра гэта кажа. Чакаем яснага адказу ад Расеі. Вайну Расеі ўсё роўна давядзецца заканчваць. Забойствы павінны скончыцца. Украінскія сілы гатовыя будуць рэагаваць люстрана, каб гэта было сумленна», – сказаў украінскі прэзідэнт.

Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што Украіна неаднаразова чула ад партнёраў, што яны гатовыя ўзмацняць санкцыі супраць Расеі, калі Уладзімір Пуцін адмовіцца ад спынення агню.

,,

«У нас ва Украіне няма ніякай праблемы весці перамовы – мы гатовыя да любых фарматаў. Я буду ў гэты чацвер, 15 траўня, у Турцыі і чакаю Пуціна ў Турцыі. Асабіста. І спадзяюся, што Пуцін гэтым разам не будзе шукаць прычынаў, чаму ён нешта не можа. Мы гатовыя размаўляць, каб скончыць вайну. Чацвер, Турцыя», – сказаў прэзідэнт.


Уладзімір Пуцін у Крамлі. Масква, Расея. 10 траўня 2025 года. Фота: Contributor/Getty Images
«Разбуральная гульня». Чаму Пуцін адмаўляецца ад 30-дзённага замірэння? Аналітыка

Як піша выданне «Axios» са спасылкаю на ўкраінскага чыноўніка, візіт Зяленскага ў Турцыю адбудзецца, нават калі спынення агню з боку Расеі не будзе.

Прэзідэнты Францыі, Украіны, а таксама кіраўнікі ўрадаў Нямеччыны, Польшчы і Вялікай Брытаніі па выніках сустрэчы 10 траўня прапанавалі поўнае спыненне агню з 10 траўня, паабяцаўшы ўвесці новыя санкцыі супраць Расеі, калі яна на гэта не пагодзіцца. Аднак Пуцін адмовіўся ад гэтага і прапанаваў перамовы ў Турцыі 15 траўня.

Прэзідэнт Украіны Зяленскі адказаў на гэта, што першы крок у рэальным завяршэнні вайны – гэта спыненне агню. Украіна гатовая да перамоваў адразу пасля спынення агню, якое мусіць быць уведзенае з 12 траўня.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган заявіў, што ягоная краіна гатовая стацца пляцоўкаю для мірных перамоваў паміж Расеяй і Украінай. А прэзідэнт ЗША Доналд Трамп запатрабаваў, каб Кіеў неадкладна пагадзіўся на перамовы з Расеяй нават без замірэння.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10