навіны

Эканоміка Беларусі перажывае «залаты век»? Час «сцяліць саломку» на будучыню. Дыскусія на канферэнцыі «Новая Беларусь»

Канферэнцыя "Новая Беларусь". Літва. Вільня. 3 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
Канферэнцыя "Новая Беларусь". Літва. Вільня. 3 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

У Вільні 3 жніўня адкрылася трэцяя канферэнцыя дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь». За два дні плануюць восем вялікіх дыскусіяў і сесіі адказаў на пытанні наведнікаў. «Белсат» пераказвае галоўнае. Трэцяя дыскусія мела назву «Эканоміка Беларусі в 2025-м годзе. Рост ці стагнацыя?»

На першы дзень запланавалі чатыры дыскусіі. Пераказ першай, якая тычылася галоўных выклікаў, чытайце тут. Пераказ другой пра Беларусь, Еўропу і аддзяленне беларусаў ад Лукашэнкі, чытайце тут


Жывую трансляцыю канферэнцыі вядуць на Youtube. Поўная праграма канферэнцыі тут


У беларускай эканоміцы ўсё быццам бы добра – пакуль не прыглядзішся


Эканамістка Аліса Рыжычэнка звярнула ўвагу на тое, што драйверамі росту беларускай эканомікі зараз з'яўляюцца прамысловасць, гандаль і сельская гаспадарка. Але пры гэтым у прамысловасці расце крэдыторская запазычанасць, а рэнтабельнасць падае. 


Рост у сельскай гаспадарцы – сезонная з’ява. У гандлі праз рэгуляванне цэнаў рэнтабельнасць падае да 1–2 %, а сальда вонкавага гандлю «перакошанае» ў бок Расеі (якая сама на мяжы рэцэсіі) на фоне страты Беларуссю паловы сусветнага рынку. Тыя ж калійныя ўгнаенні не ўдалося прадаваць у Кітай у дастатковым аб’ёме, Беларусь у гэтым залежыць ад расейскай лагістыкі. 


,,

Пры падзенні сусветных цэнаў на калій даводзіцца яшчэ больш дэмпінгаваць. Нават афрыканскія краіны, здольныя плаціць за беларускія тавары, баяцца другасных санкцыяў.


Акадэмічны дырэктар BEROC, доктар эканамічных навук Леў Львоўскі зявіў, што рост заробкаў у Беларусі – сімптом перагрэву эканомікі, а зусім не росту прадукцыйнасці. Пакуль не спыняецца эміграцыя, у Беларусі толькі расце недахоп кадраў – на адну вакансію куды менш за аднаго чалавека. Ад росту заробкаў і ад слабых магчымасцяў зберагаць грошы адбываецца спажывецкі бум, але ён выяўляецца ва ўкладванні ў неліквідныя актывы. 


Гэта мусіла б перарастаць у інфляцыю, але пры глабальным кантролі цэнаў гэта выліваецца ў страту прыбыткаў пры росце аб’ёмаў вытворчасці – прадпрыемствы, нават нафтавыя, «праядаюць капітал». 

,,

Банкрутаваць могуць цэлыя ланцужкі, цэлыя галіны вытворчасці, бо «Лукашэнка не перамог падручнік эканомікі», а дзяржава сама стварае крызіс і не факт, што заўважыць, калі падыдзе да краю.


Прадпрымальнік і блогер, вядоўца перадачы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч расказаў, як прапаганда звяртае ўвагу на тое, колькі людзі могуць купіць мяса ці аўтамабіляў. Кныровіч жа прапануе паглядзець на тое, што беларусы трацяць на харчаванне 38,8 % даходаў сваіх гаспадарак (і больш за 10 гадоў гэты паказнік не паляпшаецца), а ў Літве, Латвіі і Польшчы на харчаванне ідзе каля 20 %. Што да аўтамабіляў, у Беларусі нават у 2019 годзе, да ўсіх крызісаў, новых машынаў куплялі ўтрая менш, чым у Літве. Дэпазітаў у беларусаў на чалавека ў 8–9 разоў менш, чым у палякаў і літоўцаў. Наяўных рэсурсаў на чалавека (з улікам дзяцей) нават паводле афіцыйнай статыстыкі – 323 долары. 

,,

І хоць няма перспектывы падзення эканомікі і раптоўных «маршаў пустых рондляў», але ёсць перспектыва не часовай, а пастаяннай адсутнасці росту.


Каардынатарка фонду медычнай салідарнасці «BYMEDSOL», лекарка-гастраэнтеролаг Лiдзiя Тарасенка распавяла пра праблемы ў ахове здароўя ў Беларусі. Ужо цяпер ёсць праблемы з міжнароднай «самаізаляцыяй» дзяржавы, з узроўнем адукацыі і скарачэннем абмену студэнтамі з Еўропай і пераходам замежнага стажавання ледзь не ў падполле, з падзеннем якасці адукацыі на ўсіх узроўнях, з доступам да замежных лекаў (звязаным не з санкцыямі, а з пастановамі ўраду), з падтрымкай людзей з інваліднасцю ці асаблівымі патрэбамі. 


Грамадзянская супольнасць не можа дамовіцца з Міністэрствам аховы здароўя, а можа «кропкава» падтрымліваць навучанне і праграмы мабільнасці лекараў, кансультаваць пацыентаў онлайн, як на платформе «еЗдароўе» , дапамагаць пацыенцкім арганізацыям, як тым, што збіраюць мільёны на лекаванне хваробаў кшталту спінальна-цяглічнай атрафіі, бо дзяржава ў гэтым не дапамагае. 


А што рабіць людзям у Беларусі? Рыхтавацца да горшага


Львоўскі прапануе развіваць сябе, каб у Новай Беларусі перайсці да нармальнай эканомікі і годнага жыцця. А пакуль няма той Новай Беларусі, захоўваць «пад падушкай» збалансаваны кошык валютаў і спрабаваць вывесці ашчаджэнні за межы беларускай эканомікі.

,,

У каментары карэспандэнту «Белсату» Леў Львоўскі адзначыў, што «наперадзе ў Беларусі ёсць шэраг патэнцыйных крызісаў». Але пакуль у краіне «тлустыя гады», ён параіў беларусам «падрыхтавацца», каб «неяк паспрабаваць падаслаць сабе саломку, каб купіраваць будучыя рызыкі».


Львоўскі мяркуе, што ў працоўных беларусаў, хутчэй за ўсё, будуць праблемы з пенсіямі, а таму «на пенсію трэба збіраць самім», тым больш, што заробкі цяпер выраслі на 16 % у рэальным выражэнні адносна даваеннага часу. Эканаміст параіў імкнуцца захаваць гэтыя грошы. І хоць «беларусы традыцыйна любяць купляць нерухомасць», ён прапанаваў пры магчымасці вывесці сродкі з юрысдыкцыі Беларусі, каб яны былі «ў большай бяспецы».


Таксама Львоўскі параіў інвеставаць ў чалавечы капітал: вывучыць замежныя мовы, набыць дадатковую прафесію, дадатковыя навыкі, «якія дапамогуць вам заставацца на плыву і ў будучай Беларусі, і пры магчымай эміграцыі».

,,

«У рэшце, самыя вялікія грошы мы зарабляем са сваіх талентаў, а не за кошт зберажэнняў і назапашванняў», – сказаў эканаміст.


У прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Паўла Латушкі «Белсат» пацікавіўся яго бачаннем магчымасцяў падтрымкі беларускага бізнесу за мяжой. Адказваючы на пытанне, ён паведаміў, што абмеркоўваецца магчымасць стварэння дзелавой рады з прадстаўнікоў беларускага бізнесу за мяжой, якая б магла камунікаваць з АПК, каб дэмсілы маглі пачуць тыя праблемы, якія непакояць беларускі бізнес, і лабіяваць іх развязанне на ўрадавых узроўнях у розных краінах.

,,

«Таксама важна, каб бізнес пасля сваёй стабілізацыі працягваў падтрымліваць разнастайныя грамадскія ініцыятывы: у сферы культуры, адукацыі і іншых. Гэта вельмі важна, бо гэтая традыцыя існавала раней у Беларусі. І я думаю, што варта яе перанесці сюды, разумеючы, што ўсе перажываюць складаны перыяд трансфармацыі, рэлакацыі, стабілізацыі, легалізацыі», – сказаў Латушка.


На яго думку, каардынатарам у пытаннях бізнесу мог бы стаць прадстаўнік АПК, адказны за эканоміку. Але гэтая пасада на дадзены момант вакантная.


Алесь Наваборскі «Белсат» 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10