Меркаваннi

Арэхі кеш’ю для Лукашэнкі

Прэзідэнт Зімбабвэ Эмэрсан Мнангагўа. Фота: @InfoMinZW / Х
Прэзідэнт Зімбабвэ Эмэрсан Мнангагўа. Фота: @InfoMinZW / Х
podpis źródła zdjęcia


Лукашэнка працягвае скараць Афрыку. Актыўна прапаноўвае сваім афрыканскім сябрам набываць нашую тэхніку, запрашае афрыканскую моладзь у Беларусь на вучобу, будуе вялікія планы на супрацу.

Пасля гарачых лукашэнкаўскіх ваяжаў у Зімбабвэ, Кенію і Экватарыяльную Гвінею дзяржаўная прапаганда пачала нават казаць пра беларускую экспансію на Чорным кантыненце. 


Вось, да прыкладу, Зімбабвэ. Беларуская дэлегацыя на чале з віцэ-прэм’ерам Віктарам Каранкевічам пабывала там з візітам у красавіку, пасля чаго мы пачулі, што дзякуючы айчыннай сельскагаспадарчай тэхніцы ўраджай збожжа ў гэтай краіне за апошнія некалькі гадоў павялічыўся ў тры з паловай разы!

,,

Эх, каб такія цуды айчынная тэхніка рабіла на сваёй зямлі, магчыма, не было б столькі нараканняў на бульбу! Прызнаюся шчыра: я рады за зімбабвійцаў. Для такой беднай краіны, якая гадамі цярпіць ад гіперінфляцыі, гэта крытычна важна. Але што ад гэтага нам? Ці, дакладней, Лукашэнку?


Жонка прэзідэнта Зімбабвэ сустрэлася з міністрам аховы здароўя Беларусі і Ірынай Абельскай. (Фота: ZimFirstLady / Х)
Першая лэдзі Зімбабвэ сустрэлася з міністрам аховы здароўя і Ірынай Абельскай навіны

Вядома, піяр, магчымасць улезці ў здабычу карысных выкапняў (а іх у Афрыцы багата), камусьці прадаць зброю, але і развязаць псіхалагічныя бар’еры ўнутры сябе: маўляў, пра якую ізаляцыю вы кажаце? Якія санкцыі? Да нас не толькі расейскія губернатары ездзяць, а яшчэ і прэзідэнты!


Едуць, часцей транзітам, як тыя ланцужковыя турысты, пра якіх калісьці казаў дырэктар гатэлю «Менск». Лукашэнка доўга запрашаў да сябе ў госці прэзідэнта Зімбабвэ Эмэрсана Мнангагўу. У выніку летась у госці да дыктатара ў Менск спачатку даехала жонка Эмэрсана, а цяпер вось і ён сам.

Такім жа чынам, па дарозе на парад у Маскву, беларускую сталіцу з афіцыйным візітам днямі наведаў і прэзідэнт Гвінеі-Бісаў Умару Сісоку Эмбалу. Чалавек, які спачатку пакляўся перад народам і ўласнай жонкай не ісці на другі тэрмін, а потым узяў і перадумаў. Ды яшчэ і перанёс гэтыя выбары, каб першы прэзідэнцкі тэрмін быў даўжэйшым. Знаёмая сітуацыя?

Пры гэтым дыпламатычныя адносіны з Гвінеяй-Бісаў Беларусь наладзіла яшчэ 20 гадоў таму. Аднак, як прызнаецца дзяржаўная кампанія БелТА, стасункі гэтыя застаюцца ў зародку. Што ж тады так доўга даводзілася разаграваць іх?

Аднак перспектывы, маўляў, ёсць. Мы б маглі набываць рыбу ды пабудаваць супольныя прадпрыемствы для перапрацоўвання марскіх прадуктаў. 

,,

Аднак Гвінея-Бісаў здабыла сабе славу не рыбай. Гэтая дзяржава вядомая перадусім як адзін з найбуйнейшых хабаў незаконнага абарачэння наркотыкаў. Большасць людзей там жыве літаральна на дне, таму гэты крымінальны бізнес, як гэта ні парадаксальна, ёсць ледзь не галоўнай галіной мясцовай эканомікі.


Калі ж не ісці ў тэорыю змовы, варта адзначыць, што Партугальская Гвінея, як яна называлася ў каланіяльны перыяд свайго існавання, каля 90% свайго экспарту будуе на арэхах кеш’ю. 

Мы вам нашую бульбу… Ну, не цяпер, вядома, а як вырасцім новую, накормім сваіх, то і прывязём у мяхах. А вы нам арэхі. Лукашэнка часцей будзе дзяліцца імі са сваёй прэсавай сакратаркай Наталляй Эйсмант, як на саміце ў Душанбэ ў 2021 годзе. 

Парадаксальнае ў гэтай сітуацыі тое, што для сяброўства Лукашэнка абірае самыя бедныя краіны Афрыкі з усіх магчымых. Але ж гэта не галоўнае, праўда? Галоўнае – што і там, і тут такая падобная дэмакратыя.


belsat.eu 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10