навіны

Усіх пацыентаў з дыябетам у Беларусі перавядуць на картрыджны інсулін да канца года – галоўны эндакрынолаг

Інсулін розных вытворцаў
Інсулін розных вытворцаў. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Sriram Bala / Flickr, CC BY-NC 2.0
podpis źródła zdjęcia

Інсулін можна трымаць у бутэлечках і калоць звычайнымі шпрыцамі, а можна трымаць у картрыджах для спецыяльных асадак, якія дазваляюць хутка зрабіць укол у амаль любых умовах.

Расейскі аналаг «Семавік» у аптэках Беларусі каштуе ад 250 рублёў за шпрыц. Крыніца: iskamed.by
У беларускіх аптэках з’явіўся расейскі аналаг «Ozempic» для схуднення навіны

Галоўны пазаштатны дарослы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Вольга Салко расказала 22 траўня на прэс-канферэнцыі ў цэнтры БелТА пра пераход да картрыджнай формы інсуліну. Да канца года ў Беларусі будзе рэалізаваная канцэпцыя змены інсулінатэрапіі.


На сёння, расказала Салко, амаль усе дзеці атрымліваюць сучасныя віды інсуліну, усе пацыенты з дыябетам 1-га тыпу выкарыстоўваюць генна-інжынерны інсулін толькі ў картрыджах (пра гэта паведамлялі яшчэ ў 2022-м), да канца года ўсіх пацыентаў з дыябетам 2-га тыпу збіраюцца перавесці на генна-інжынерны інсулін у картрыджах.


Вытворчасць картрыджнага інсуліну засвоілі беларускія вытворцы, у прыватнасці «Белмедпрэпараты». Акрамя таго, у Беларусі з’явіліся і былі зарэгістраваныя сістэмы бесперапыннага маніторынгу глікеміі (узроўню глюкозы ў крыві).


Інсулін – гармон бялковай прыроды, які рэгулюе вугляводны абмен у арганізме і спрыяе засвойванню глюкозы. Парушэнне сакрэцыі інсуліну або ягонага дзеяння прыводзіць да цукровага дыябету – адною з самых распаўсюджаных хранічных хваробаў у свеце, штогод ад яе цярпяць мільёны людзей. Хваробу дзеляць на два асноўныя тыпы: 1-ы – калі інсулін амаль не выпрацоўваецца, 2-і – калі арганізм дрэнна засвойвае інсулін. Другі тып больш распаўсюджаны, яго маюць каля 90 % хворых на дыябет.


Дыябет 2-га тыпу мае каля 5,2 % насельніцтва Беларусі, колькасць хворых імкліва расце: яшчэ 10 гадоў таму было толькі 3,3–3,5 %. За апошнія 20 гадоў колькасць хворых на цукроўку павялічылася ўтрая. Сярод асноўных фактараў рызыкі дыябету 2-га тыпу – няправільнае харчаванне, брак руху, атлусценне, век больш за 45 гадоў, а таксама спадчыннасць. Змены ў ладу жыцця могуць істотна адтэрмінаваць або папярэдзіць хваробу.


Яшчэ 105 гадоў таму дыябет лічыўся смяротным захворваннем, але ў 1921-м навукоўцы знайшлі інсулін – рэчыва, якое дапамагае хворым на дыябет і зніжае ўзровень цукру ў крыві. Першапачаткова інсулін бралі з падстраўнікавых залозаў свінняў і кароў, у 1980-х пачалі сінтэзаваць генна-інжынерны інсулін і рабіць яго «чалавечым».


Галоўная праблема – хворым трэба ўвесь час мець пры сабе інсулін і рэгулярна рабіць ін’екцыі. Картрыджы і спецыяльныя асадкі для ін’екцыяў дазваляюць рабіць гэта хутка і ў амаль любых умовах. Існуюць таксама інсулінавыя помпы, але яны дарагія і праз гэта менш распаўсюджаныя (год таму імі ў Беларусі карысталіся 422 асобы). Навукоўцы думаюць над іншымі альтэрнатывамі ўколам, распрацоўваюць кроплі пад язык, але на момант публікацыі гэты метад дастаўкі інсуліну яшчэ не ліцэнзаваны для шырокага выкарыстання.


Адзін з прэпаратаў для лекавання дыябету, «Ozempic», даў нечаканы пабочны эфект: пацыенты, якія прымалі яго пры дыябеце, паведамілі пра значную страту вагі. Яго пачалі выкарыстоўваць для хуткага схуднення.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10