Новы беларускі «кінахіт» на фестывалях пра культуру гвалту ў Беларусі
02.07.2023, 15:00
Belsat
podpis źródła zdjęcia
Прыклад таго, як спрытна расказаць пра беларускую армію.
Людзі ездзяць у іншыя гарады і краіны на канцэрты, а я зарэзервавала гатэль, сабрала заплечнік і села ў цягнік, каб на кінафестывалі паглядзець фільм.
Чарговы з рэдкіх сёння «хітоў» пра Беларусь – дакументальную карціну «Motherland» Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча. Прыклад таго, як спрытна расказаць пра дзяржаўны інстытут, у гэтым выпадку беларускую армію, не маючы доступу ў сярэдзіну. Я прыйшла на паказ, а там гаворка зайшла не проста пра армію, а гвалт і сілавы метад барацьбы з дыктатураю.
Афіша фільму «Motherland». Крыніца: Alexander Mihalkovich / Facebook
На тэрыторыі краіны ўжо тры гады амаль немагчыма здымаць незалежнае кіно, якое закранала б грамадска-палітычную сітуацыю. Таму, калі такое з’яўляецца ў прасторы, яно падаецца чымсьці на вагу золата. Своеасаблівасць кінавытворчасці, а канкрэтна яе працягласць, пакуль яшчэ можа забяспечыць нас знаходкамі з Беларусі. Праўда, што будзе пасля, пакуль незразумела.
«Motherland» да таго ж аказалася дыхтоўнай і прадуманай – з вобразнымі лейтматывамі, дакладным гукам, словамі і сцэнамі, шмат якія адгукнуцца ў беларуса. (Я недарэмна пішу назву па-англійску: самі аўтары не маюць беларускамоўнага варыянту, можна было б перакласці як «Радзіма» ці «Бацькаўшчына», але любая з опцыяў не будзе дакладнаю, стужцы пасуе, калі гэта «краіна маці» і «радзіма» ў адным слове.) Ну і паводле традыцыі беларускага незалежнага кіно, хоць карціна і знятая беларусамі ды апавядае пра Беларусь, з гледзішча вытворчасці гэта не беларускі фільм, а капрадукцыі Нарвегіі, Украіны і Швецыі.
Пачынаецца з гісторыі спадарыні Святланы, маці павешанага ў арміі Аляксандра Коржыча, канчаецца хутка пасля пратэстаў 2020 года. Маці невядома як загінулых у арміі салдатаў тут прысутнічаюць уласнай асобаю, паралельна ім – кампанія сяброў, дзе хтосьці ўжо пасля смерці Коржыча пайшоў служыць, а хтосьці «адкасіў».
Аляксандра ў свой час знайшлі павешаным са звязанымі нагамі ў склепе медычнай часткі ў Печах, гэты выпадак прывёў да рэзананснай судовай справы і ўзняў пытанне дзедаўшчыны ў арміі. Уласна пра дзедаўшчыну і тое, як нараджаецца, распаўсюджваецца і нармалізуецца гвалт у беларускай арміі, як ён потым праяўляецца ў крызісныя моманты, апавядае «Motherland».
Шмат чаго жахлівага, што, зрэшты, мы і так ведаем пра сваю краіну, стужка выносіць на паверхню. Па-першае, абразлівую бездапаможнасць маці, сыны якіх загінулі ў арміі ні за што ні пра што. Жанчыны з просценькіх інтэр’ераў, якія не могуць дамагчыся справядлівасці праз інстытуты цывілізаванага грамадства, збіраюцца пісаць ліст гэтак званаму прэзідэнту. Але мы разумеем, што гэта ні да чога не прывядзе, той жа акурат увасабляе сістэму, дзе гэтыя хлопцы належаць не маці, а дзяржаве, каб выкарыстоўваць іх у патрэбных уладзе практыках гвалту.
Кадр з фільму «Motherland». Крыніца: cphdox.dk
У фільме ёсць адзін сакрушальны эпізод, відаць, каб дабіць: на могілках, дзе пахаваны Аляксандр, – уласна ахвяра гэтай сістэмы Святлана ходзіць за святаром, каб той асвяціў магілу ейнага сына, але святар просьбы не выконвае, хутчэй за ўсё, таму, што, на ягонае меркаванне, хлопец скончыў жыццё самагубствам. Вядома, што сям’і адмовілі ў адпяванні памерлага.
Па-другое, моцна свярбіць вывучаная бездапаможнасць. У цягніку стомленая Святлана расказвае маладой спадарожніцы сваю гісторыю, а тая, трымаючы малога сына на руках, кажа, што калі трэба будзе, ейнае дзіця пойдзе ў армію, а сістэмы не зменіш. Такія, напэўна, галасуюць за Лукашэнку.
Урэшце чапляе сам гвалт. Здаецца, тут усё адназначна адмоўна: дзедаўшчына выхоўвае культуру гвалту і культуру прыніжэння, якія распаўсюджваюцца ў сілавых структурах і праяўляюцца ў час крызісаў, і паводле гэтага ж узору ўлада ў краіне тая, што мацнейшая. Рэжысёры суправаджаюць гісторыю Святланы і хлопцаў лістамі Аляксандра Міхалковіча, якія той пісаў сваёй маці, калі сам быў у арміі. У адным з іх ён расказвае, як перайшоў на пазіцыю сілы і ёю скарыстаўся, яшчэ і адчуў асалоду ад сваёй улады над салдатамі. Не нейкі невядомы нам амапавец, а вось, рэжысёр, сядзіць перад намі, абмяркоўвае кіно: ці мог быць нейкі лепшы вынік у гэтай сістэмы?
Ад такога павароту сэрца падае ўніз, зрэшты, ён добра паказвае, як гэта працуе, і схема выглядае агіднаю. Таму мяне здзівіла, калі на «Q&A» па завяршэнні паказу Аляксандр, суаўтар, здавалася б, «антыгвалтавай» карціны, сказаў, што перамагчы дыктатуру можна толькі сілаю.
Я спачатку падумала, што гэта так супярэчліва. У маім жа разуменні даваць волю гвалту і змагацца з дыктатураю не мірам, а вайною, – варыянт у перспектыве пройгрышны, і акурат «Motherland» можна падвесці пад доказную базу. Але ўрэшце яшчэ большая супярэчнасць бачыцца ў нашым нібыта прасунутым ХХІ стагоддзі, якое дасюль не мае негвалтоўных інструментаў для супрацьстаяння гвалту – у выніку нават на пакуль што гіпатэтычнае пытанне пра сілавы метад многія выбіраюць тое, што, напэўна, выбіраць не хацелі б, а на кінафестывалях абмяркоўваецца не прагрэс, а непазбежны рэгрэс.