Палітвязень Анджэй Пачобут стаў ганаровым грамадзянінам Варшавы


Палітзняволены журналіст і актывіст польскай меншасці Беларусі Анджэй Пачобут стаў ганаровым грамадзянінам Варшавы. Адпаведнае рашэнне прынялі дэпутаты гарадской рады польскай сталіцы, паведамляе polskieradio.pl.

Андрэй Пачобут.
Фота: Анджей Почобут / Facebook

«Калі мы не можам прымусіць рэжым яго вызваліць, мы можам зрабіць так, каб вакол яго справы не было цішыні», – пракаментаваў падзею польскі палітык Роберт Тышкевіч.

Анджэй Пачобут – журналіст, сябра не прызнанага лукашэнкаўскімі ўладамі Саюзу палякаў. Працаваў над тэмамі, звязанымі з гісторыяй спецслужбаў СССР, антысавецкім супрацівам у Заходняй Беларусі і Арміяй Краёвай.

Ягоныя публікацыі выходзілі ў незалежных гарадзенскіх газетах «Пагоня», «День» і «Местное время», а таксама ў «Народнай волі» і штотыднёвіку Саюзу палякаў «Głos znad Niemna». Пачобут рэдагаваў часопіс аб’яднання «Magazyn Polski na Uchodźstwie», быў карэспандэнтам польскіх медыяў «Gazeta Wyborcza» і «Radio Wnet».

Пачобуту 53 гады, ён жанаты, мае дачку і сына.

Гісторыі
«Кожны крок у турме – і ты бліжэй да дому». Правілы жыцця журналіста Анджэя Пачобута
2023.01.16 07:21

Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Горадні ў так званай «польскай справе» разам з іншымі актывістамі Саюзу палякаў Беларусі.

За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939 года Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальванні варожасці паводле нацыянальнай прыкметы». У публікацыі Пачобут назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу 17 верасня 1939 года. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра падаўленне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст ад 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гарадзеншчыне.

8 лютага 2023 года ў абласным судзе Горадні суддзя Дзмітрый Бубенчык прыгаварыў журналіста да 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

26 траўня суддзя Вярхоўнага Суда Беларусі Ігар Любавіцкі адхіліў апеляцыйную скаргу Анджэя Пачобута на вынесены яму прысуд. Разгляд скаргі адбыўся ў закрытым рэжыме. Пасля гэтага Анджэя перавялі са следчага ізалятару ў папраўчую калонію № 1 у Наваполацку.

У кастрычніку 2022 года КДБ РБ унёс Анджэя Пачобута ў спіс тэрарыстаў.

У кастрычніку 2023 года стала вядома, што Анджэя Пачобута трымалі ў ШІЗА і не давалі неабходных лекаў. У зняволенага абвастрыліся даўнія праблемы са здароўем: у лістах ён скардзіўся на болі страўніку, у яго быў зафіксаваны зрыў рытму сэрца. З 26 лютага сёлета пра яго няма ніякіх вестак. Увесь гэты час вызваліць журналіста спрабуе польская дыпламатыя, аднак безвынікова. Анджэй Пачобут застаецца козырам у рукаве беларускага рэжыму ў яго адносінах з Польшчай.

Гісторыі
Фігура дзесяцігоддзя ў Польшчы, «тэрарыст» на радзіме. Журналіст Анджэй Пачобут – тры гады за кратамі
2024.03.25 12:31

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў