+17 новых палітвязняў, затрыманне пеўчага царкоўнага хору: рэпрэсіі 20 чэрвеня


У Беларусі працягваюць затрымліваць за пратэсты 2020 года, здзекавацца з ужо асуджаных праз узмацненне рэжыму ўтрымання, выносіць завочныя прысуды. Пра факты палітычна матываванага пераследу, якія сталі вядомымі ў чацвер 20 чэрвеня, чытайце ў нашым аглядзе.

Глеб Дудко.
Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна».

З’явілася інфармацыя, што 26 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе за «спрыянне экстрэмізму» будуць судзіць 35-гадовага музыку і стартапера з Добрушу Глеба Дудко.

Глеба затрымалі ў сакавіку і прысудзілі яму арышт за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля гэтага мужчыну, імаверна, перавялі ў СІЗА. Яму інкрымінаваная ч. 1 арт. 361-4 КК РБ («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Судзіць Дудко будзе Мікалай Доля.

Вольга Вялічка.
Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна».

1 ліпеня ў Гарадзенскім абласным судзе пачнуць завочна судзіць былую кіраўніцу гарадзенскага дзіцячага госпісу Вольгу Вялічку. Працэс будзе весці Дзмітрый Бубенчык. Вольгу абвінавачваюць паводле некалькі артыкулаў КК РБ, сярод якіх «распальванне варожасці», «незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання», «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», «паклёп на прэзідэнта» і інш.

Раней на Вольгу завялі крымінальныя справы за «крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены ў буйным памеры» і за ўдзел у акцыі пратэсту.

Палітвязня Руслана Волкава, асуджанага да 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, могуць перавесці ў турму. Цяпер палітвязень адбывае пакаранне ў наваполацкай калоніі №1. Суд па змяненні рэжыму ўтрымання адбудзецца 1 ліпеня, рашэнне будзе прымаць Віталь Лапко.

Руслана затрымалі 4 чэрвеня 2021 года ў Іўеўскім раёне пры спробе перасекчы беларуска-літоўскую мяжу, каб перабрацца ў Еўразвяз. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» (арт. 293 КК) у Берасці ў жніўні 2020 года.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне выкладчыка менскага ўніверсітэту. Мужчыну затрымалі 20 чэрвеня, у дзень народзінаў. Яму споўнілася 32 гады. У «пакаяльным відэа» выкладчыка прымусілі сказаць, што ён нібыта адправіў у «Чорную кнігу Беларусі» інфармацыю пра супрацоўніка АМАПу і аднаго з выкладчыкаў.

Праект «moladz.hеlp» і ягоныя сацсеткі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёну Менску 17 чэрвеня.

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:

  • Telegram-каналы і чаты «+ Вертикаль», «Еурапейскi Дыялог»;
  • старонкі ў сацсетках праекту «Orsha.еu»;
  • старонка ў «Аднакласніках» «НАРОДНЫЙ РЕПОРТЕР»;
  • TikTok-старонкі «Евангелле Св.Лукер’i Рыгораўны», «agulina192», «Простымi Словамi», «novy chas».
Hавiны
Агучаны прысуд Франаку Вячорку: 20 гадоў пазбаўлення волі
2024.06.20 19:27

Старэйшаму дарадцы Святланы Ціханоўскай Франаку Вячорку Менскі гарадскі суд вынес завочны прысуд – 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 1500 базавых велічыняў, што складае 60 тысяч рублёў.

Франаку былі інкрымінаваныя 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Акрамя таго, яму прад’явілі пазоў «у інтарэсах дзяржавы» аб пакрыцці маёмаснай шкоды ў суме больш за 30,9 млн рублёў, «прычыненай супрацьпраўнымі дзеяннямі».

Алена Карпенка.
Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Магілёўскую керамістку Аленку Карпенку асудзілі да 1,5 гадоў калоніі за перасланае відэа з выбарчага ўчастку паводле ч.2 арт.367 КК РБ («Паклёп на прэзідэнта»). Дзяржаўная прапаганда абвінаваціла дзяўчыну ў тым, што яна запісала відэа, як выбарчы ўчастак №87 (быў размешчаны на тэрыторыі Магілёўскай абласной псіхіятрычнай лякарні) закрыўся раней за афіцыйны час.

Паводле версіі прапагандыстаў, дзяўчына адправіла ролік у «экстрэмісцкі канал», аднак насамрэч яна адправіла відэа сяброўцы за мяжу.

Алена Багданава.
Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне жыхаркі Бабруйску Алены Багданавай. Жанчыну абвінавачваюць у распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у TikTok.

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 17 чалавек. Гэта: Мікалай Распопаў, Віктар Чайка, Арцём Дзягцеў, Дзмітрый Міхальцэвіч, Віталь Наўгародскі, Іван Лапкоўскі, Алег Саргавіцкі, Аляксандр Новік, Валянцін Суцягін, Максім Хмяльніцкі, Максім Паноў, Лізавета Шульская, Павел Красуцкі, Яўген Германовіч, Фёдар Сарокін, Дзяніс Гузаў, Андрэй Цімонін.

Даніэль-Ландсэй Кейта.
Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна».

У Горадні быў затрыманы пеўчы царкоўнага хору Даніэль-Ландсей Кейта.

На «пакаяльным відэа» мужчына «прызнаецца» у тым, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, пакідаў негатыўныя каментары пра міліцыянтаў і прадстаўнікоў улады, а таксама дрэнна ставіўся да расейскіх вайскоўцаў, якія ваююць ва Украіне.

Вядома, што затрыманы – лаўрэат I ступені рэспубліканскага конкурсу юных вакалістаў ім. Шаляпіна і лаўрэат III ступені міжнароднага конкурсу юных вакалістаў ім. Шаляпіна.

26 чэрвеня ў Берасцейскім абласным судзе распачнецца суд над 54-гадовай Ірынай Пагадаевай. Жанчына працавала ў мясцовай бібліятэцы бібліёграфам. Мяркуючы па сацсетках, у яе двое дзяцей.

Невядома, калі жанчыну затрымалі, але, імаверна, напрыканцы студзеня, калі яе судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Напрыканцы 2023 года яе ўключылі ў склад «экстрэмісцкага фармавання», якім прызналі фэйсбук-суполку «Лісты салідарнасці Беларусь 2020», дзе людзі абменьваліся лістамі ад палітвязняў, а таксама абмяркоўвалі дапамогу зняволеным.

Ірыну абвінавачваюць паводле дзвюх частак артыкулу «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Жанчыне пагражае да сямі гадоў калоніі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў