Вольга Такарчук, якая ў 2019 годзе атрымала Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры, у інтэрв’ю «Meduza» выказалася пра сітуацыю ў Беларусі і пратэсты.
На пытанне журналіста пра тое, ці сочыць Вольга за падзеямі ў Беларусі, яна адказала:
«Канечне. Я бясконца захапляюся дзясяткамі тысяч жанчын, што пратэстуюць, якія бяруць на сябе смеласць абараняць мужчынаў ад нападаў АМАПу. Я думаю пра беларускіх жанчын-палітыкаў, імёны якіх сталі сімвалам барацьбы за дэмакратыю і пра якія гавораць ва ўсім свеце. Аб выкрадзенай Марыі Калеснікавай, якая парвала свой замежны пашпарт на мяжы, каб пазбегнуць дэпартацыі ва Украіну. Аб вымушаных эмігрантках Святлане Ціханоўскай і Вераніцы Цапкале. Аб прывезенай сілай на мяжу з Польшчай Вользе Кавальковай. Але больш за ўсё, мабыць, я думаю пра Святлану Алексіевіч, выбітную пісьменніцу, нобэлеўскую лаўрэатку», – адказала Вольга.
Яшчэ ў лістападзе Вольга Такарчук разам з іншымі польскімі пісьменнікамі выказалася супраць гвалту ў Беларусі, падтрымаўшы беларускіх калегаў адкрытым лістом.
АД, belsat.eu